У Вільні адкрыецца Цэнтр беларускай культуры


Беларускі музей у Вільні падпісаў дамову з мэрыяй гораду пра стварэнне Цэнтру беларускай культуры.

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, які распавядае гісторыі пра беларусаў на радзіме і ў замежжы, пераязджае на новае месца і стварае там новы беларускі цэнтр. Таксама там будуць месціцца іншыя мясцовыя беларускія арганізацыі: дабрачынны фонд «Разам», інтэрнэт-тэлебачанне «Маланка» і грамадская арганізацыя «Пагоня».

Як кажуць прадстаўнікі музею, гэта сталася дзякуючы імкненню самакіравання Вільні стварыць на месцы беларускую культурніцкую пляцоўку.

Цягам двух бліжэйшых месяцаў у будынку мае адбыцца рамонт, а ўжо ў чэрвені плануецца першая выстава. Калі вы жадаеце дапамагчы з аднаўленнем музею, гэта можна зрабіць тут.

Новы будынак Беларускага музею і Цэнтру беларускай культуры ў Вільні.
Фота: vilenskimuzej / Facebook

Гісторыя Беларускага музею ў Вільні пачалася ў 1906 годзе, калі этнограф і археолаг Іван Луцкевіч пачаў збіраць калекцыю. Як установа музей пачаў дзеяць з 1921 года пад кіраўніцтвам гісторыка і даследчыка літаратуры Антона Луцкевіча і меў вялікае значэнне для захавання спадчыны беларускага народу.

Пасля знішчэння ўсіх незалежных навуковых і культурніцкіх установаў савецкі ўрад у 1945 годзе зачыніў Беларускі музей у Вільні.

У 2001 у Вільні зарэгістравалі грамадскую арганізацыю «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча», працаўнікі якой даследуюць гісторыю музею, шукаюць і прапагандуюць помнікі ды месцы, звязаныя з беларускаю культурай у Вільні. Таксама збіраецца музейная калекцыя: рукапісы, кнігі і прадметы вядомых дзеячаў культуры, запісваюцца і выдаюцца віленскія беларускія ўспаміны, арганізуюцца гістарычна-культурныя семінары і канферэнцыі.

АД, belast.eu

Стужка навінаў