Праваабаронца Алесь Бяляцкі выказаўся пра ціск на польскую нацыянальную меншасць


Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі назваў парушэнне правоў польскай нацыянальнай меншасці адною з праблемаў, якая выклікае найбольшы пратэст у беларускіх праваабаронцаў.

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Беляцкі.
Фота: belsat.eu

25 сакавіка сталася вядома, што Генеральная пракуратура распачала супраць старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс, а таксама чатырох сябраў арганізацыі – Анджэя Пачобута, Ірэны Бярнацкай, Марыя Цішкоўскай і Ганны Панішавай – крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці паводле прыкметы нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама на рэабілітацыю нацызму, учыненыя групай асобаў»).

Дырэктарцы школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай, а таксама журналісту Анджэю Пачобуту ўжо выстаўленыя абвінавачванні паводле гэтага артыкулу.

Hавiны
Прадстаўнікам Саюзу палякаў у Беларусі выставяць абвінавачанні
2021.03.31 16:27

Такія дзеянні з боку ўладаў Беларусі ёсць пераследам польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, сцвярджае Бяляцкі.

Прычыны такога ціску, на думку праваабаронцы, звязаныя з пазіцыяй, якую выказвае Польшча:

«Палякі на працягу апошніх 27 гадоў паслядоўна падтрымліваюць дэмакратычны рух Беларусі. Для нас, для беларусаў, гэтая падтрымка была заўсёды вельмі важнаю.

Дастаткова ўспомніць інфармацыйныя рэсурсы, якія працуюць і ў Польшчы, якія працуюць на Беларусь і таксама робяцца беларускімі грамадзянамі. Гэта таксама і падтрымка студэнтаў, якіх павыганялі з беларускіх ВНУ – тысячы студэнтаў адвучыліся ў Польшчы бясплатна і са стыпендыяй. Безумоўна, тое, што робіць польская дзяржава, вельмі істотна для развіцця дэмакратычнай Беларусі і нашай будучыні як незалежнай краіны».

Таксама Бяляцкі згадвае пра тысячы людзей, збітых у Беларусі за апошнія месяцы, і вострую рэакцыю афіцыйных колаў Польшчы ў адказ на гэта, вялікую хвалю падтрымання з боку польскіх грамадзянаў. «Натуральна, што гэта не падабаецца беларускай хунце, якая цяпер трымае ўладу незаконнымі метадамі, фактычна прайграўшы выбары. Улады Беларусі ўспрымаюць такую пазіцыю польскай дзяржавы як прамую пагрозу для сябе і, адпаведна, рэагуюць варожа і вельмі востра», – адзначае праваабаронца.

Акрамя таго, польская меншасць, якая жыве ў Беларусі, таксама выказвалася за справядлівае правасуддзе і супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, што і паўплывала на пераслед яе лідараў.

«Гэтыя ўдары подлыя. У любой краіне нацыянальная меншасць патрабуе асаблівай увагі і абароны, а дзеянні ж уладаў Беларусі ў дачыненні палякаў груба парушаюць правы нацыянальнай меншасці.

Нягледзячы на агульную катастрофу [з правамі чалавека ў Беларусі], парушэнне правоў польскай нацыянальнай меншасці выклікае найбольшы пратэст беларускай праваабарончай супольнасці», – кажа Алесь Бяляцкі.

Беларускія праваабаронцы ўжо прызналі затрыманых прадстаўнікоў Саюзу палякаў у Беларусі палітычнымі вязнямі і запатрабавалі спыніць ціск і пераслед у дачыненні прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў