Паўтара года калоніі. Гарадзенца асудзілі за канфлікт, справакаваны прадстаўніцай «Инфоспецназа»

Кастрычніцкі суд Горадні 2 красавіка вынес прысуд Вадзіму Плаўскаму, які пабіўся з прадстаўніцаю праўладнага каналу «Инфоспецназ» Вольгаю Бондаравай. Ён атрымаў паўтара года калоніі агульнага рэжыму за «хуліганства» (ч. 1 арт. 339 КК РБ).

Судовы працэс вядзе Руслан Хіхол.

Вадзіму Плаўскаму 39 гадоў, працаваў арматуршчыкам трэцяга разраду на «Гораднядругчармеце». Жанаты, у сям’і – двое няпоўнагадовых дзяцей.

Вадзім Плаўскі. Скрыншот з відэа УУС

«Справа белай стужкі». Што здарылася

Канфлікт паміж мужчынам і Вольгаю Бондаравай адбыўся 30 кастрычніка 2020 года. У гэты дзень Вадзім Плаўскі забраў дачку з дзіцячага садка і пайшоў з ёй на шпацыр у сквер. Там на дрэвах віселі белыя і чырвоныя стужкі, адну з іх дзяўчынка ўзяла ў рукі. У гэты час да іх падышла Вольга Бондарава – актывістка праўладных груповак «Антивандал» і «Инфоспецназ». Яна зрабіла заўвагу мужчыну, пачала здымаць яго на камеру тэлефона. Плаўскі патрабаваў спыніць здыманне, спрабаваў сысці ад Бондаравай, аднак яна працягвала яго пераследаваць і здымаць.

Што адбывалася, відаць у роліках Вольгі і ейнай сяброўкі. На адным з відэа мужчына вешае белую стужку. Бондарава пытае, навошта гарадзенец разам з малым дзіцём развешвае па мікрараёне незарэгістраваную сімволіку. Дачка Плаўскага спалохалася, ён папрасіў яе ісці дадому і сказаў Вользе: «Што ты ідзеш за мною? Выключы камеру!» Аднак Бондарава працягвала яго здымаць. Тады мужчына пачаў крычаць, каб яна апусціла камеру тэлефона, і папярэдзіў, што лічыць да трох. Падышоў да Бондаравай, паваліў яе на зямлю, спрабуючы выхапіць тэлефон, каб сцерці запісы. Вольга актыўна супраціўлялася і крычала. Плаўскі пакінуў яе і пайшоў дадому.

Аднак на гэтым Бондарава не спынілася: яна пайшла за Плаўскім і давяла яго да пад’езду. Там зноў адбыўся канфлікт: Вадзім спрабаваў зачыніць дзверы дому, Вольга падставіла нагу, каб не даць дзвярам зачыніцца, і паспрабавала ўдарыць мужчыну па назе.

Затым яна заявіла на гарадзенца ў міліцыю. Плаўскага затрымалі ў гэты ж дзень і ўзялі пад варту.

Версія абвінавачвання

Згодна з абвінавачваннем, падчас канфлікту Вадзім Плаўскі быў п’яны. Сама Вольга ў першапачатковых паказаннях пра алкаголь не казала. Вадзім у судзе патлумачыў, што сапраўды выпіў 200 грамаў віскі, але ўжо пасля таго, што здарылася, каб зняць стрэс. Таму першыя паказанні пасля затрымання ён даваў у стане алкагольнага ап’янення.

Бондарава падышла да мужчыны ў момант, калі ён падымаў з зямлі белыя стужкі і вешаў іх на агароджы, зрабіла яму заўвагу. У адказ на гэта, паводле версіі следства, мужчына праявіў агрэсію, накінуўся на пацярпелую, паваліў яе на зямлю і стаў збіваць, з «хуліганскіх намераў» здзейсніў «наўмысныя дзеянні, якія груба парушалі грамадскі парадак, выказвалі відавочную непавагу да грамадства і суправаджаліся ўжываннем гвалту да Бондаравай». Паводле версіі пракурора, Вадзім лаяўся і абражаў гарадзенку, раз ударыў Вольгу ў твар, схапіў і кінуў на зямлю, пачаў цягаць за валасы, утрымліваў рукамі за вопратку, таптаў на зямлі, калі тая ляжала. У выніку жанчына нібыта атрымала комплекс лёгкіх цялесных пашкоджанняў, не звязаных са стратаю здароўя.

Праз пяць дзён пасля здарэння Бондарава прымала кветкі і прысмакі ад уладаў ды прадстаўнікоў Беларускага саюзу жанчын, якія прыйшлі да яе дадому падтрымаць. Лідар абласной арганізацыі Беларускага саюзу жанчын Ірына Сцепаненка назвала ўчынак Вольгі «маленькім подзвігам».

«Ужо доўгі час разам з сябрамі і аднадумцамі Вольга Бондарава дапамагае работнікам ЖКГ чысціць горад ад абразлівых надпісаў і незарэгістраванай сімволікі ды кажа, што працягне гэта рабіць, бо лёс роднай краіны ёй не абыякавы», – гаварылася ў матэрыяле выдання «Гродненская правда» пра той візіт.

Бондарава падчас следства заяўляла, што пасля канфлікту дактары дыягнаставалі ў яе страсенне мозгу і пералом носа. Аднак дзве медычныя экспертызы не пацвердзілі гэтых дыягназаў.

Кастрычніцкі суд Горадні 2 красавіка вынес прысуд Вадзіму Плаўскаму, які пабіўся з прадстаўніцаю праўладнага «Инфоспецназа» Вольгаю Бондаравай. Фота: Белсат

«Гэтая пʼяная пачвара зрабіла мяне ахвяраю». Што казала Бондарава падчас суда

Вольга Бондарава заявіла на судзе, што Плаўскі нападаў на яе мэтанакіравана:

– Ён аблаяў мяне матам, напаў неапраўдана жорстка. Я адчувала ўдары па руках, нагах, твары. Больш за ўсё пацярпеў твар. Я не магла глядзець на сябе ў люстэрка. Акрамя гэтага, я была вымушаная прапускаць імпрэзы, якія сама арганізоўвала. Напрыклад, я прапусціла аўтапрабег.

У судзе Вольга разважала пра тое, які Плаўскі бацька, і назвала яго «п’янаю пачвараю»:

– П’яным ён ператвараецца ў пачвару. Я была прыніжаная прылюдна, на вачах малых дзяцей. Пра гэты інцыдэнт даведаліся мае знаёмыя. Гэтая п’яная пачвара зрабіла мяне ахвярай.

Адвакатка Вадзіма Плаўскага ў спрэчках казала, што паказанні Бондаравай супярэчлівыя і неаднаразова мяняліся.

На відэазапісах на стацыянарных камерах, устаноўленых на дамах раёну, не зафіксаваныя прамыя ўдары, якія нібыта наносіў мужчына.

– На іх відаць, як Плаўскі бяжыць у бок Бондаравай, трасе яе, кідае на асфальт, утрымлівае, потым прыўздымае, хапае нейкі прадмет (свой тэлефон, які ўпаў на зямлю падчас канфлікту – аўт.) і ўцякае ў бок хаты. Пры гэтым ніякіх удараў ёй не наносіць.

Хто такая Вольга Бондарава

Вольга Бондарава вядомая ў Горадні тым, што пасля сустрэчы з ёй у людзей пачынаюцца праблемы.

Вольга Бондарава. Фота: Гродненская правда

Жанчыне 38 гадоў, замужам.

Раней яна прыцягвалася да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці – за кантрабанду цыгарэтаў у Польшчу. Цяпер жа яна займаецца тым, што здымае на відэа бел-чырвона-белыя стужкі ў гарадзенскіх дварах, налепкі і сцягі, распавядае пра гэта ў Telegram-канале.Таксама разам з іншымі актывістамі яна хадзіла па гарадзенскіх раёнах і зафарбоўвала намаляваную бел-чырвона-белую сімволіку.

Бондарава як прадстаўніца «Антивандала» праходзіла пацярпелай у справе гарадзенца Васіля Пільца, якога абвінавацілі ў хуліганстве і асудзілі на год «хатняй хіміі» за тое, што 14 снежня мінулага года штурхануў агрэсіўных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі ды актывістаў незарэгістраванага руху «Антивандал», які падтрымліваюць улады. Пілец хацеў перашкодзіць ім зафарбоўваць на ходніках выявы БЧБ-сцягоў. У адказ на ягоную заўвагу Бондарава пачала здымаць гарадзенца на камеру тэлефона.

Таксама яна фігуравала ў «справе адзіночнага пікету гноміка на падваконні»: Бондарава звярнулася ў міліцыю па факце «пратэставага дэкору» ў кватэры сваёй былой аднакласніцы. У руцэ навагодні гном трымаў сцяжок з Пагоняй. Цацку ў акне сям’і Яраш расцанілі як адзіночны пікет, праведзены без дазволу гарвыканкаму.

А нядаўна яна прыходзіла на Кірава 3, дзе месцяцца Цэнтр гарадскога жыцця і крама «Адметнасць». Пасля гэтага туды прыйшлі сілавікі з ператрусамі.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны