Пасля затрымання да шматдзетнай маці Вольгі Залатар ужываліся катаванні супрацоўнікамі ГУБАЗіК


Адвакат Андрэй Мачалаў заявіў, што да яго падабароннай Вольгі Залатар пасля затрымання 18 сакавіка ўжываліся катаванні супрацоўнікамі ГУБАЗіК.

Вольга Залатар. Фота са старонкі ў Фэйсбуку

Мачалаў распавёў «Белсату», што пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіК прамянялі катаванні з мэтай прымусіць Вольгу да дачы сведчанняў супраць самой сябе. Яны хацелі атрымаць сілай паролі ад тэлефона і планшэта, адбіткі яе пальцаў для разблакавання тэлефона.

«Спачатку яны білі яе рукамі па галаве, потым пачалі душыць, павалілі на зямлю і пачалі прыціскаць галаву ботам да падлогі. Я асабіста бачыў у яе кровападцёкі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах», – распавёў адвакат.

Але самым крыўдным Мачалаў назваў тое, што Вольга некалькі разоў заяўляла пра гэта следчаму, пісалі хадайніцтва. Але мінула ўжо два тыдні, а да яе дагэтуль не накіравалі судмедэксперта для фіксацыі пашкоджанняў. Следчы таксама не апісаў гэтыя траўмы.

«Прайшло ўжо два тыдні і, зразумела, сінякі прайшлі. Што гэты судмедэксперт зараз будзе фіксаваць?

На маю думку, яны такім чынам спрабуюць схаваць сляды гэтага злачынства, якое было здзейснена ў дачыненні да Вольгі», – кажа Мачалаў.

На дадзены момант катаванні над Вольгай спыніліся, бо цяпер праца ідзе толькі са следчым. Але па яго словах, супрацоўнікі ГУБАЗіК могуць паўторна да яе прыходзіць.

Адвакат распавёў, што цяпер яны збіраюцца накіраваць скаргу ў пракуратуру, да вышэйстаячых следчых і пракурораў. Адна скарга ўжо была пададзена ў пракуратуру.

Сёння, 2 красавіка, праваабаронцы прызналі Вольгу Залатар палітычнай зняволенай.

Нагадаем, што 38-гадовую маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка, калі тая везла дачку ў музычную школу. Яе машыну спынілі сілавікі, затрымалі і павезлі дадому, каб зладзіць ператрус. Пасля ператрусу Вольгу спачатку завезлі ў мясцовае аддзяленне міліцыі, потым змясцілі ў ІЧУ, а на наступны дзень перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Вольга Залатар з сям’ёй.
Фота: spring96.org

Вольгі вылучана абвінавачванне па ч. 1 арт. 361 КК (заўвага): «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання». Але паводле заўвагі, «асоба вызваляецца ад крымінальнай адказнасці калі яна своечасовым паведамленнем дзяржаўным органам спрыяла выяўленні, прадухіленню альбо спыненні дзей, аднесеных заканадаўствам да экстрэмісцкай дзейнасці».

Шматдзетная маці дала паказанні і адказала на ўсе пытанні следчага. Вольга не прызнае сваю віну, лічачы, што ёй ставяць у віну абсурднае злачынства.

«Ніякіх доказаў яе віны наогул не было агучана», кажа адвакат.

Муж Вольгі, які таксама быў затрыманы ў той жа дзень, 18 сакавіка, нядаўна выйшаў на волю пасля 10 содняў арышту. Ён лічыць усе гэтыя абвінавачванні абсурднымі і спадзяецца, што хутка гэта ўсё скончыцца. Іх пяцёра непаўналетніх дзяцей зараз знаходзяцца з ім.

Гісторыі
«Пра Волю казалі, што яна Дон Кіхот». Што вядома пра маці пяцярых дзяцей, якую кінулі ў СІЗА за «пратэставую дзейнасць»
2021.03.23 07:00

АД, belsat.eu

Стужка навінаў