2 красавіка суддзя Завадскога суда Менску Алена Капцэвіч вынесла вырак 26-гадоваму палітычнаму вязню Ігару Рудчыку – яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Масавыя закалоты»). Пра гэта паведамляе spring96.org.
Ігара Рудчыка абвінавачвалі ў тым, што 10 жніўня з 22:30 да 01:00 ён браў удзел у пратэстах на перакрыжаванні вуліцаў Сурганава, Куйбышава і Бяды. Сцвярджалася, што ён нібыта будаваў барыкады, разбіраў брук, заходзіў на барыкады, біў палкаю па сметніку, залазіў на апору дарожнага знаку, нецэнзурна выказваўся і агаляўся – знімаў цішотку і махаў ёй на барыкадах.
Ігар Рудчык прызнаў удзел у пратэстах, пад’ём на барыкады і біццё па іх. Аднак ён не чыніў перашкодаў міліцыянтам і не будаваў барыкадаў. У апошнім слове палітвязень папрасіў прабачэння за тое, што зрабіў.
Рудчыка асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Бок абвінавачвання хадайнічаў таксама аб спагнанні шкоды «Менсктрансу» (3000 рублёў) і «Спецкамунтрансу» (21 000 рублёў). Пазоў будзе разглядацца ў грамадзянскім працэсе.
ІІ belsat.eu