«Палажэнне Беларусі ў саюзнай дзяржаве будзе горшым, чым стан БССР». Якія плюсы, мінусы і пагрозы саюзу з Расеяй


2 красавіка спаўняецца 25 гадоў гэтак званаму Саюзу Расеі і Беларусі. Летась Лукашэнка і Пуцін меліся падпісаць дарожныя мапы пашыранай інтэграцыі, але гэтага не адбылося, бо бакі не знайшлі кансэнсусу ў пытаннях нафты, газу, падатковай палітыкі і адзінай валюты. Сёлета гэтую тэму зноў рэанімаваў Лукашэнка пасля сустрэчы з Пуціным у Сочы 22 лютага. 30 сакавіка тэму інтэграцыі і дарожных мапаў узняў беларускі пасол у Расеі Уладзімір Сямашка.

«Белсат» сабраў меркаванні экспертаў адносна перспектываў інтэграцыі, станоўчых і адмоўных бакоў Саюзнай дзяржавы для Беларусі.

Хроніка падзеяў

  • 29 красавіка 1996 года ў Санкт-Пецярбурзе кіраўнікі парламентаў дзвюх краінаў падпісалі пагадненне аб Парламенцкім сходзе.
  • 2 красавіка 1997 года ў Маскве Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі Дамову аб Саюзе Беларусі і Расеі. З таго часу 2 красавіка адзначаюць Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі.
  • У 2000 годзе парламенты краінаў ратыфікавалі дамову.
  • У канцы 2018 года Дзмітрый Мядзведзеў падчас візіту ў Берасце паставіў ультыматум, што прэферэнцыі і дапамогу Беларусь атрымае ў выпадку выканання дамоўленасцяў у стварэнні гэтак званай Саюзнай дзяржавы.
  • У 2019 годзе бакі меліся падпісаць дарожныя мапы аб пашыранай інтэграцыі, але гэтага не адбылося.
  • У 2020 годзе тэма дарожных мапаў і інтэграцыі гучала збольшага з вуснаў Крамля. Але сёлета пра яе загаварыў Аляксандр Лукашэнка.
Дзмітрый Мядзведзеў.
Фота: kremlin.ru

Ці ёсць патэнцыял у Саюзнай дзяржавы?

Патэнцыял у саюзнай дзяржавы, у інтэграцыі Беларусі і Расеі вельмі вялікі. Але гэта датычыць Крамля. Так лічыць Павел Усаў, доктар палітычных навук:

«З пазіцыі падпісаных дамоваў, дасягнутых пагадненняў, якія падпісала Беларусь, Масква можа навязваць Беларусі далей элементы паглыбленай інтэграцыі. Гэта можа прывесці да ўсталявання фінансава-эканамічных інстытутаў, пасля чаго будуць рэалізаваныя палітычныя праекты. Таму гэты праект нельга лічыць замарожаным ці падвешаным. Расея будзе яго рэалізоўваць, нават з улікам складанай сітуацыі ў Беларусі. Для Расеі важна інтэграваць Беларусь як паказнік пашырэння экспансіі ў Еўропе і як інструмент геапалітычнага ціску на еўрапейскія краіны. Фактычна – вяртанне няхай у скарочанай, але формы савецка-расейскай імперыі на сусветнай прасторы. Таму мне падаецца, што цяпер у гэтым праекце Расея не сыдзе з гэтай сцежкі. Гэта адна з формаў пашырэння свайго ўплыву і прысутнасці».

Менск напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расеі. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Мінусы інтэграцыі з Расеяй для Беларусі

На думку Паўла Усава, галоўным мінус гэтага інтэграцыйнага праекту – пагроза страты суверэнітэту нашай краіны:

«Калі будзе рэалізаваны той інтэграцыйны план ува ўсіх дарожных мапах, якія прасоўваюцца Масквой (увядзенне супольных палітычна-эканамічных інстытутаў кіравання, агульнай фіскальнай сістэмы, адзінай валюты, што азначае ўвядзенне расейскага рубля ў нашай краіне, агульных сілавых структураў), то Беларусь стане суб’ектам Расеі. І яе палажэнне ў межах саюзнай дзяржавы будзе горшым, чым стан БССР. Сёння Расея – больш нацыяналістычная і імперская, чым была ў час СССР.

Павел Усаў.
Фота: Белсат

Стратэгічная інтэграцыя ў межах саюзнай дзяржавы – гэта адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны, рэгіянальная групоўка войскаў, рэгіянальныя вучэнні. І ў плане стратэгічнай інтэграцыі залежнасць Беларусі яшчэ большая, чым у эканамічным плане. Бо ўжо зроблена шмат крокаў, якія фактычна аслабляюць асновы суверэнітэту Беларусі. Сёлета была падпісаная на 5 гадоў праграма вайскова-стратэгічнай супрацы Беларусі і Расеі. Але дакумент не публічны. Мы ведаем толькі некаторыя моманты праграмы, сярод якіх – стварэнне агульных вайсковых адукацыйных цэнтраў. Іх павінна быць тры. Адзін у Беларусі і два ў Расеі. Такім чынам гэты праект мае канкрэтнае стратэгічнае і палітычнае напаўненне, яно дэструктыўнае для незалежнасці Беларусі і фактычна можа прывесці да страты незалежнасці».

Палітолаг звяртае ўвагу, што менавіта саюзная дзяржава спрычынілася да таго, што ў нашай краіне сфармаваўся і ўтрымліваецца аўтарытарызм і аўтарытарны кіраўнік:

«Нават сёння мы бачым, што менавіта рэалізацыя гэтага плану выклікала замацаванне аўтарытарызму ў Беларусі. Фактычна будаванне саюзнай дзяржавы і аўтарытарызму – гэта адначасовыя паралельныя працэсы. Замацаванне Лукашэнкі ва ўладзе залежала ад замацавання інтэграцыйных працэсаў і адваротна. Бо ў Маскве разумеюць, што менавіта Лукашэнка ёсць гарантам утрымання і пашырэння гэтак званай Саюзнай дзяржавы».

Таксама інтэграцыя з Расеяй спрычынілася да таго, што практычна былі замарожаныя ўсе стасункі з краінамі Захаду.

«Нават рэалізацыя візавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕЗ немагчымая, бо нашая краіна ў адзінай палітычнай прасторы з Расеяй, няма мяжы. Праект з Малдовай, Украінай і Грузіяй для адмены візаў быў важным крокам у збліжэнні з Еўропай, у Беларусі, на жаль, гэта немагчыма. І гэта пры тым, што на працягу апошніх гадоў беларусы былі на першым месцы сярод краінаў постсавецкай прасторы ў колькасці атрыманых візаў у краіны Шэнгену на душу насельніцтва», – кажа аналітык.

Аб’ектыў
Беларусы ладзяць кампанію «Свежы вецер» супраць паглынання Беларусі Расеяй
2019.10.10 23:41

Ці ёсць плюсы Саюзнай дзяржавы ў палітычным плане?

«Плюсаў для Беларусі практычна няма, бо інтэграцыя не была накіраваная на развіццё нашай краіны. Беларусь прывязаная да Расеі і атрымлівала датацыі ў выглядзе зніжак на энерганосьбіты і танныя крэдыты. У 2015 годзе Уладзімір Пуцін заявіў, што Беларусь атрымала ад Расеі ў рознай форме датацыяў памерам больш за $ 100 мільярдаў. Калі б усе гэтыя сродкі пайшлі на мадэрнізацыю, развіццё, то Беларусь магла б быць адною з самых заможных краінаў ва Усходняй Еўропе. Але ўсе гэтыя рэсурсы выдаткавалі на тое, каб падтрымаць класічную планавую сістэму гаспадаркі. Агулам кожны плюс інтэграцыі абарочваецца мінусам, і, замест таго каб развіваць сваю гаспадарку, улады яе закансервавалі. І эканоміка можа існаваць, пакуль ёсць датацыі з боку Расеі», – кажа эксперт.

Плюсы інтэграцыі ў вайсковай сферы

«Калі б мы не былі ў інтэграцыі з Расеяй, то ў тры разы і нават болей мы мусілі б павялічыць свой вайсковы бюджэт. Цяпер жа можам абмежавацца фінансаваннем на ўзроўні ўнутраных патрэбаў. Другі момант – набыццё вайсковага ўзбраення. Мы можам атрымліваць зброю паводле коштаў, якія адрозніваюцца на 10–15 % ад расейскіх. Падрыхтоўка афіцэрскіх кадраў таксама ёсць своеасаблівым плюсам. Бо ў нас у шмат якіх кірунках няма добрай вайсковай адукацыі. Акрамя таго, досвед расейскай арміі перадаецца беларускай. Бо армія, якая не ваюе, – гэта заўсёды цырк», – распавёў «Белсату» Ягор Лебядок, вайсковы аглядальнік.

Hавiны
Міністэрствы абароны Беларусі і Расеі ўпершыню падпісалі пяцігадовую праграму стратэгічнага партнёрства
2021.03.02 14:21

Мінусы для беларускага войска

«Мінус інтэграцыі ў вайсковай сферы – шчыльнае ўзаемадзеянне, у тым ліку і абмен інфармацыяй. Саюзнік добра ведае, што адбываецца ўнутры краіны. Але так заўсёды, у чымсьці ёсць перавагі, а ў чымсьці – наадварот. Таксама няма дыверсіфікацыі ўзбраення, бо ў нас толькі расейска-савецкае ўзбраенне. Але як толькі пачнецца палітычны разлад, то будзе праблема, бо зброя прадугледжвае і рамонтныя працы, і пастаўкі запчастак. У выпадку канфлікту мы застанемся ні з чым», – адзначае вайсковы эксперт.

Вучэнні «Захад-2017». Фота з архіву Belsat.eu

Плюсы інтэграцыі для бізнесу

«Нават цяпер, ва ўмовах каронавіруса, з Расеяй няма асаблівых перашкодаў у бізнес-узаемадзенні. Вось літаральна сёння мы развязалі пытанне, праз колькі гадзінаў будзе дастаўлены тавар. Зразумела, што такога ўзроўню ўзаемадзеяння няма з іншымі краінамі. Безумоўна, узровень жыцця і культуры Беларусі падобны да расейскага. У нас шмат аднолькавых тавараў, патрэбаў. Гэта і стварае станоўчыя ўмовы для дробнага бізнесу. Раней мы аднолькава глядзелі на ўзаемадзеянне з калегамі з Польшчы, Літвы, Украіны, а цяпер усё меней партнёрства з гэтымі краінамі. Такая рэчаіснасць. І гэта важна для нашага бізнесу», – распавёў «Белсату» Віктар Маргелаў, прадпрымальнік, сустаршыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

Размова
Анатоль Лябедзька: У Крамля ёсць спакуса трэсці Лукашэнку, пакуль ён слабы
2021.02.25 21:22

Небяспека для беларускага бізнесу

«Як паўнавартасна развіваць дачыненні бізнесу Расеі і Беларусі – пытанне дзяржавы і ўладаў. Бо тут шмат пагрозаў. У нас розны змест бізнес-структураў. У Расеі бізнес багацейшы, больш буйны, агрэсіўны. Адпаведна, у нас ёсць пагрозы манапалізацыі, нядобрасумленнай канкурэнцыі ў выпадку безумоўнага доступу на наш рынак расейскага бізнесу. Без наладжвання стрымлівання і супрацьвагі уваход расейскага бізнесу ў Беларусь стане фатальным для нашых прадпрымальнікаў. Таму тут улады мусяць улічваць нацыянальны інтарэс. І трэба быць асцярожным. Эксперты разумеюць пагрозы і выпрацоўваюць кірункі, каб не было «імперыі зла», на добрасуседскіх стасунках было ўзаемадзеянне. Як насамрэч будзе ажыццяўляцца – можам гаварыць, калі даведаемся пра дарожныя мапы пашыранай інтэграцыі», – распавёў Віктар Маргелаў.

І калі прыватны бізнес яшчэ можа дыверсіфікаваць узаемадзеянне з Расеі праз кантакты з суседнімі краінамі, то эканоміка нашай краіны ў цэлым цяпер фактычна ў закладніках стасункаў з Расеяй.

«Мы ў эканамічна-палітычнай пастцы праз залежнасць ад Расеі, і выйсці з гэтай сітуацыі складана. Без крызісных з’яваў у эканоміцы выхад з гэтай сітуацыі немагчымы. Неабходная альтэрнатыўная фінансавая дапамога Беларусі. Цяпер вядзецца гаворка пра гэтак званы план Маршала для Беларусі з боку краінаў Захаду. Але той пакет фінансавай дапамогі недастатковы, каб мець магчымасць спакойнага пераходу з існай сітуацыі да рынкавай эканомікі», – кажа Павел Усаў.

ВІДЭА
Вярнуўся да старой гульні. Што Лукашэнку трэба ад Пуціна, а што – ад Захаду?
2021.02.19 12:17

Сяргей Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў