КДБ дадаў у афіцыйны спіс тэрарыстаў Ціханоўскую, Латушку, Матольку і былых сілавікоў


Камітэт дзяржаўнай бяспекі на сваім сайце апублікаваў абноўлены спіс арганізацыяў і фізічных асобаў, якія нібыта маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. У спіс залучылі прадстаўнікоў апазіцыі, блогераў і былых сілавікоў.

КДБ назваў тэрарыстамі апазіцыйных палітыкаў Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, блогера Антона Матольку і былых сілавікоў – Ігара Макара, Андрэя Астаповіча, Станіслава Лупаносава, Уладзіміра Жыгара, Ігара Лобана, Алега Талерчыка, Святлану Хілько, Міхаіла Куцка, Мацвея Купрэйчыка. Таксама ў спісе – Станіслаў Якіменка, Сяргей Чубукаў і затрыманы ў «справе рыхтавання тэрактаў у Печах» Вячаслаў Малейчук.

Цяпер іх усіх рэжым Аляксандра Лукашэнкі лічыць тэрарыстамі нароўні з баевікамі «Аль-Каіды», «Ісламскай дзяржавы» і «Талібану».

Нагадаем, што 29 сакавіка Генеральная пракуратура паведаміла, што ў дачыненні Ціханоўскай і прадстаўнікоў ініцыятывы «ByPol» распачалі крымінальную справу «за рыхтаванне акту тэрарызму» паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу. Нібыта яны спрабавалі зарганізаваць «выбухі і падпалы на тэрыторыі сталіцы ды іншых гарадоў». Затрыманы Малейчук нібыта ўжо даў паказанні супраць арганізатараў», заявілі ў Генпракуратуры. «ByPol» і Ціханоўская зняпраўдзілі гэтыя абвінавачванні.

Ініцыятыва «ByPol» 24 сакавіка папярэдзіла грамадства, што ўлады рыхтуюць тэракты. Гэта магло дазволіць абвінаваціць грамадства і ўвесці надзвычайны рэжым. Паводле крыніцаў «ByPol», 25 сакавіка для дыскрэдытацыі пратэставага руху і яго поўнай ліквідацыі сілы Камітэту дзяржаўнай бяспекі рыхтавалі тэрарыстычны акт у адным з будынкаў органаў унутраных справаў. У адказ 26 сакавіка ў афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства ўнутраных справаў з’явілася паведамленне, што сілавікі перадухілі тэракты, а нібыта сляды планаваных нападаў вядуць да ініцыятывы «ByPol».

  • У лютым КДБ залучыў у «тэрарыстычны спіс» 17 беларусаў – фігурантаў спраў супраць Аўтуховіча і Аліневіча, а таксама блогераў Сцяпана Пуцілу і Рамана Пратасевіча.
Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў