Еўрадэпутаты заклікалі знізіць візавы збор для беларусаў «да сімвалічнай сумы»


Дэпутаты Еўрапарламенту заклікаюць Еўракамісію знізіць для беларусаў візавы збор за шэнгенскую візу «да сімвалічнай сумы».

Група з 20 еўрадэпутатаў ужо накіравала адпаведны ліст камісару ў пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і перамоваў пра пашырэнне Олівэру Вархэі.

Шэнгенская віза.
Фота: «Белсат»

У лісце гаворыцца, што ў мінулым годзе, усяго за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, яны віталі пагадненне пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісію з Беларуссю:

«Тады ж мы выказалі заклапочанасць тым, што збор 35 еўраў за апрацоўванне візавай заявы для беларускага народу пры мінімальным заробку менш за 200 еўраў – гэта выклік. Нашую перакананасць яшчэ больш умацавалі цяперашнія абставіны, якія ўлучаюць у сябе жорсткасць і пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі, што ў шмат якіх выпадках прыводзіць да спынення працоўных дачыненняў, адлічэння студэнтаў з навучальных установаў і накладання вялікіх штрафаў або нават турэмнага зняволення за падтрыманне дэмакратычных пратэстаў».

Дэпутаты мяркуюць, што існы візавы збор ЕЗ для беларусаў, якія імкнуцца захаваць свае сувязі з Еўразвязам, завысокі і павінен быць зніжаны «да сімвалічнай сумы».

У лісце таксама адзначаецца, што беларускія грамадзяне ў параўнанні з грамадзянамі іншых краінаў «Усходняга партнёрства» ў 2018–2019 гадах атрымлівалі найбольшую колькасць шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва, аднак апошнімі гадамі колькасць візаў, якія выдаюцца беларусам, скарачаецца.

«У сувязі з пандэміяй COVID-19 і палітычным рашэннем Лукашэнкі закрыць беларускія межы для пасажырскіх перавозаў з краінамі – чальцамі ЕЗ прагнозы на будучыню не аптымістычныя», – гаворыцца ў лісце да Олівэра Вархэі.

Дэпутаты адзначылі, што зніжэнне візавага збору да сімвалічнай сумы ў звязку з пагаршэннем узроўню жыцця ў Беларусі сталася б моцным сігналам падтрымання Еўрапейскім Звязам беларускага народу ў яго барацьбе за дэмакратыю.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў