«Гэта не даказвае, што абсталяванне цэлае». Кіраўнік «BYPOL» – пра вылет А-50 з Мачулішчаў


Telegram-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расейскі самалёт-лакатар вылецеў з Мачулішчаў, перасек беларуска-расейскую мяжу і накіроўваецца ў Таганрог на авіяцыйны рамонтны завод. Як сказаў «Белсату» кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў, тое, што самалёт захаваў здольнасць лятаць, не даказвае спраўнасці абсталявання.

Самалёт-лакатар А-50.
Фота: wikimedia.org

Паводле «Беларускага Гаюна», у Таганрогу, на які А-50 узяў курс з Мачулішчаў, ёсць авіяцыйны завод. Там рамантуюць агрэгаты акурат гэтых самалётаў-лакатараў.

Кіраўнік ініцыятывы «BYPOL» Аляксандр Азараў у каментары «Белсату» адзначыў, што вылет самалёта не даказвае, што на борце працуе ўсё радыёлакацыйнае абсталяванне.

«Дыверсія была ўчыненая з мэтай пашкодзіць абсталяванне, а не сам самалёт, каб ён не ўзляцеў. Металёвыя шарыкі ў выбуховай прыладзе пашкодзілі абсталяванне, гэтага не будзе відаць на спадарожнікавых здымках і на знятым здалёк відэа. Калі самалёт нават ляціць, гэта не даказвае, што абсталяванне цэлае. Крылы не былі пашкоджаныя».

Абноўлена
«Беларускі Гаюн»: Самалёт ДРЛА А-50У ўзляцеў з Мачулішчаў і паляцеў у Расею
2023.03.02 13:01

Азараў таксама распавёў пра інфармацыю ад крыніцаў у Беларусі, якія сцвярджаюць, што ў Міністэрстве ўнутраных справаў «толькі пра дыверсію і гавораць».

«Мы звязваліся з працаўнікамі, якія яшчэ працуюць у сістэме. Ува ўсёй сістэме МУС толькі пра гэта і гавораць, пацвярджаюць, што акцыя была, што шукаюць тых, хто гэта здзейсніў. Была знойдзеная торба, дзе былі акуляры, два пульты ад двух дронаў і запчасткі ад гэтых дронаў. Па ўсёй Беларусі шукаюць аператара ці аператараў дронаў».

Напярэдадні дзяржаўныя крыніцы распаўсюдзілі відэа з нейкім самалётам, што ў цемры рухаўся на нейкім аэрадроме. Сцвярджалася, што гэта той самы А-50, атакаваны партызанамі, што з ім усё ў парадку, а ўся інфармацыя пра дыверсію – фэйк.

Агляд
«Новы ўзровень» і другі крэйсер «Масква». Што кажуць пра дыверсію ў Мачулішчах
2023.02.28 17:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў