«Я адчуваю, што павінен неяк загладзіць віну перад украінскім народам» – беларусы далучаюцца да добраахвотніцкіх батальёнаў


«Белсат» пагутарыў з беларусам, які вырашыў далучыцца да добраахвотніцкага батальёну ва Украіне. Суразмоўца прадставіўся пазыўным «Цудоўны».

«Я пакінуў тэрыторыю Беларусі, бо не адчуваў сябе ў бяспецы пасля затрымання. Ва Украіне я ўжо некалькі месяцаў. За гэты час я зразумеў, як людзі тут любяць і абараняюць сваю краіну.

Гаспадыні кватэры, якую мы здымалі, на дзень нараджэння падарылі рацыю і абмундзіраванне, яна сказала, што яна нікуды не сыдзе ў выпадку чаго і застанецца на сваёй зямлі. Мяне гэта вельмі натхніла», – кажа хлопец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіеў, Украіна.
Фота: МП / Белсат

У тэрытарыяльную абарону «Цудоўнага» не прынялі, бо ён мае беларускае грамадзянства. Але ён вырашыў не бегчы з краіны, якая яго прытуліла.

«Уласнікі кватэраў, якія здаюць беларусам, часта тэлефануюць у паліцыю. Але нашыя хлопцы ставяцца да гэтага з разуменнем, бо адчуваюць адказнасць за тое, што ўрад дапамагае Расеі. Гэта яшчэ адна з прычынаў, чаму я пайшоў у добраахвотніцкі батальён, я адчуваю, што павінен неяк загладзіць віну перад украінскім народам», – кажа наш суразмоўца.

У батальёне ў большасці выпадкаў цёпла сустракаюць беларусаў. Тыя, хто ваяваў на Данбасе ці быў у палку «Азоў», ведаюць, што беларусы добра зарэкамендавалі сябе пасля Майдану.

«Трэба разумець, што цяпер мы краіна-агрэсар, таму прымаюць сюды праз знаёмых, трэба мець нейкія гарантыі. Я таксама сюды патрапіў праз знаёмага, а потым прывёў свайго. У маім падраздзяленні беларусаў восем чалавек, і яшчэ пара чалавек мусіць прыехаць. Ёсць сярод нас і дзяўчаты. На дадзены момант мы абараняем Кіеў, больш інфармацыі, на жаль, зараз даць не магу. Будзем змагацца да перамогі, бо гэты цудоўны народ немагчыма перамагчы. Я збіраю гэты досвед, ён нам можа спатрэбіцца ў будучыні. Нам трэба навучыцца абараняць сваю пазіцыю і не баяцца гэтага, бо гэта нашае права», – падсумоўвае «Цудоўны».

Фотарэпартаж
«Сабрала ўсё, што змагла». Мастачка з Расеі дапамагае ўцекачам з Украіны
2022.03.02 10:49

З 24 лютага ідзе вайна Расеі супраць Украіны. На раніцу 2 сакавіка расейскія войскі захапілі чыгуначны вакзал і рачны порт у Херсоне. Рэшта гораду застаецца пад кантролем Украіны.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін афіцыйна заявіў, што з дапамогаю вайны намагаецца змяніць палітычнае кіраўніцтва ва Украіне. 28 лютага ў Гомельскай вобласці прайшоў першы раўнд перамоваў паміж Кіевам і Масквою. На сёння плануецца другі раўнд перамоваў.

Афіцыйных звестак пра колькасць загінулых вайскоўцаў з абодвух бакоў няма. Але гледзячы на відэа знішчанай расейскай тэхнікі, можна меркаваць, што акупацыйныя войскі РФ нясуць вялікія, у тым ліку і чалавечыя страты.

Чытайце таксама:

Вайна ва Украіне: куды ўцякаць і дзе ратавацца?

Як дапамагчы сабе і дзецям, калі вельмі страшна? Парады псіхатэрапеўта

Калектыўная адказнасць: ці мусяць беларусы адчуваць віну і сорам перад украінцамі?

«Ужо ўсе слёзы выплакала». Як працуе цэнтр дапамогі ўкраінцам у цэнтры Варшавы

belsat.eu

Стужка навінаў