«Варта перастаць ужо залівацца слязьмі». Маша Малевіч пра тое, што рабіць з антыбеларускімі настроямі


Я – грамадзянка Беларусі. І за 35 гадоў хто толькі не ўшчуваў мяне за гэта. Дык што ж мы енчым, нібыта першы раз? Журналістка Маша Малевіч піша пра ўзнікненне антыбеларускіх настрояў у сувязі з вайной ва Украіне, а таксама пра тое, што мы ўсе можам з гэтым зрабіць.

У дзень так званага «рэферэндуму» тысячы чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне. Па стане на 28 лютага, праваабаронцам вядомыя імёны 770 затрыманых. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Бессэнсоўна тлумачыць нешта ўкраінцам. Гэтыя дзверы замкнуліся. Нашыя словы проста не будуць пачутыя, бо іх глушыць сірэна, выбухі і стогны, плач дзяцей. Мы не можам забараніць нас ненавідзець. Не важна, рацыянальна – ці толькі таму, што вайсковая палітыка патрабуе адназначнага стаўлення да патэнцыйнага ворага. Пасля перамогі разбяруцца? Можа так, а можа не. Як захочуць. Бо маюць права. Выбіраць сабе ворагаў і сяброў. Ды навошта? Каб падтрымаць беларусаў? Дык не за нас адказваюць, а за сваю Украіну.

Свет можа нас падтрымаць, але не абавязаны.

То, можа, варта перастаць ужо залівацца слязьмі і пачаць нешта рабіць? Не каб паказаць, якія мы коцікі, а таму, што ў любых варунках і абставінах трэба захоўваць гонар, рацыянальнасць і адказнасць. Падтрымлівайце Украіну справай. Данацьце, дапамагайце, змагайцеся, ваюйце, калі адчуваеце патрэбу. Але кіньце енчыць. Як там казалі: ідзі і Беларусь?

Мы не купілі індульгенцыі ў 2020 годзе. Навіна жыве адзін дзень, а мы і так целяпаемся на ёй ужо два гады. Так, я ведаю, чаго нам гэта каштавала і каштуе. Але гэта нашая праблема. У нас усё яшчэ ёсць дыктатар, якога трэба зрынуць. Самім. У нас ёсць тысячы палітзняволеных. У нас ёсць беларуская мова. Гэта нашая справа і нашая адказнасць. Нам з гэтым разбірацца, з падтрымкай ці без яе. Няхай і высветліцца, што ўся Беларусь змяшчаецца ў 800 чалавек, гэта нашая гісторыя і яна яшчэ не скончылася.

Кветкі ля амбасады Украіны ў Менску, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: чытачы / Белсат

«Неверагоднасць» згуляла злы жарт – чым больш захаплення, тым горшае расчараванне. То давайце кінем гуляць на публіку, якая чакала, што бяззбройныя і зацкаваныя змогуць шарыкамі і белымі шкарпэткамі зваліць Лукашэнку і разбурыць Крэмль. Апраўдваць чужыя чаканні – не нашая задача. Нам трэба толькі справіцца з уласнымі. Калі выходзіць на вуліцы, то не каб даказаць украінцам/расейцам/алеутам. Толькі сабе. Усе рахункі аплачваць самім. І нават калі ўсё гэта скончыцца нашай паразай, калі звар’яцелы монстр, працяты крамлёўскай вежай наскрозь, зжарэ Беларусь, а іншыя нават не зірнуць у наш бок, у нашых кішэнях застанецца насенне. Насенне, якое прарасло нават праз Курапацкую глебу.

P.S. Прадбачу, што мяне абавязкова штурхнуць за тое, што я не ў Беларусі. Толькі дзевяць месяцаў я за межамі, а ў нас цэлая краіна людзей, якія дзесяцігоддзямі не пакідалі Беларусі, але так і ні дня ў ёй не пражылі. Так, захраслі паміж СССР і лядоўняй. То, можа, лепш скіраваць сваю ўвагу на іх?

P.P.S. Украіна ніколі не скорыцца і пераможа.

Маша Малевіч belsat.eu

Стужка навінаў