Ціханоўская – матулям: «Патрабуйце вярнуць вашых дзяцей, а не выпраўляць іх на смерць»


Святлана Ціханоўская звярнулася як да беларускіх маці, так і да расейскіх: заклікала іх патрабаваць праўды, бо дзяцей адпраўляюць не на вучэнні, а паміраць.

Вечарам 2 сакавіка Святлана Ціханоўская апублікавала відэазварот да матуль Беларусі і Расеі, у якім заявіла: многія салдаты нават не ведаюць, што іх выпраўляюць не на вучэнні, а перакідваюць ва Украіну.

Гэтая тэза пацвярджаецца шэрагам відэа ўкраінскіх вайскоўцаў з палоннымі расейскімі юнакамі, хоць з перапісак і аповедаў шэрагу палонных таксама зразумела, што прынамсі нейкая частка расейскіх вайскоўцаў загадзя ведала, што іх пасылаюць ваяваць з Украінай.

«Вы маеце права ведаць, куды адпраўляюць вашых дзяцей, – звяртаецца Ціханоўская да матуль. – Іх адпраўляюць на смерць».

На думку Ціханоўскай, ніводная маці не распачала б вайну, бо ведае каштоўнасць жыцця і кошт гадавання дзіцяці. А дзеці, кажа Ціханоўская, не гатовыя да вайны, на якой страляюць у мірнае насельніцтва.

Ціханоўская прапануе матулям ціснуць на ваенкаматы і вайсковыя часці, дэпутатаў і міністраў, прыходзіць на асабістыя прыёмы, заходзіць у ваенкаматы і патрабаваць вярнуць дзяцей. Яна заклікае не чакаць шчырых адказаў, а проста паказаць: «вас шмат». Таксама яна раіць перадаваць мабільныя тэлефоны салдатам, бо сродкі сувязі ў іх адбіраюць.

«Няхай спробы схлусіць вам стануць ім невыноснымі, – заклікае Ціханоўская. – Гэта створыць раскол у іхных шэрагах».

Для абароны сваіх дзяцей Ціханоўская заклікала далучацца да «Союза матерей». Сама Ціханоўская гадуе сына Карнея і дачку Агнію. Ейны муж за кратамі з палітычных прычынаў – ён спрабаваў балатавацца ў прэзідэнты, а калі апынуўся ў няволі, жонка пайшла за яго і ўзяла ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Паводле незалежных падлікаў, на выбарах яна перамагла ў першым туры.

АА belsat.eu

Стужка навінаў