Што трэба ведаць пра магчымы контрудар Украіны па тэрыторыі Беларусі


Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў 1 сакавіка дапусціў, што пры неабходнасці па тэрыторыі Беларусі можа быць нанесены ўдар, калі адпаведнае рашэнне прыме прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Гэтае пытанне паўстала ў звязку з тым, што тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца Расеяй для ўварвання ва Украіну. Больш за тое, існуе пагроза ўступлення вайну і беларускай арміі. Belsat.eu тлумачыць, ці мае Украіна права на нанясенне такога ўдару па Беларусі і да чаго гэта можа прывесці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: МП / Белсат

Ці мае Украіна права наносіць удары па тэрыторыі Беларусі і пры якіх умовах гэта можа адбыцца?

Лукашэнкаўская Беларусь – суўдзельніца пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. З тэрыторыі Беларусі наносяцца ракетныя і авіяцыйныя ўдары, адсюль разгортваецца наземны наступ расейскіх войскаў, які пагражае Кіеву. Падобная роля Беларусі ў канфлікце трактуецца адназначна: згодна з рэзалюцыяй 3314 Генеральнай асамблеі ААН ад 14 снежня 1974 года дзеянні дзяржавы, якая дае сваю тэрыторыю для здзяйснення акту агрэсіі ў дачыненні да трэцяй краіны, таксама расцэньваецца як агрэсія. Прычым важна падкрэсліць: гэта правіла дзейнічае незалежна ад таго, ці абвешчана вайна афіцыйна.

Такім чынам, вайсковыя аб’екты ў Беларусі, якія выкарыстоўвае расейская армія для нападу на Украіну, ужо з 24 лютага з’яўляюцца легітымнай ваеннай цэллю.

Чаму ўпершыню ў Кіеве загаварылі толькі 1 сакавіка? У апошнія дні зʼяўляецца ўсё больш інфармацыі пра магчымае ўступленне вайну беларускай арміі. Украінскія ўлады ў сваю чаргу хочуць такім чынам нагадаць афіцыйнаму Менску аб магчымых наступствах і разлічваюць на стрымліваючы эфект такіх заяваў.

У гэтым сэнсе варта звярнуць увагу на допіс дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка. Ён паведаміў у сваім Фэйсбуку, што, паводле інфармацыі ягоных крыніцаў у выведцы, Украіна вызначыла цэлі для ўдараў па Беларусі «у выпадку канчатковага пераходу гэтай краіны супраць Украіны».

Удакладненне «у выпадку канчатковага пераходу…» выглядае тут ключавым. Украінскі бок не хоча ўцягвання беларускай арміі ў наступ на Украіну. Менавіта таму рэакцыя афіцыйнага Кіева на саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі быў пакуль настолькі мяккім: краіны не разарвалі дыпламатычныя стасункі, не прыбралі амбасадараў. Зяленскі і Лукашэнка 27 лютага нават правялі тэлефонныя перамовы.

Выглядае на тое, што ўкраінскае кіраўніцтва, хутчэй за ўсё, будзе да апошняга стрымлівацца ад нанясення ўдараў па тэрыторыі Беларусі, каб не павялічыць рызыку далучэння беларускай арміі да расейскага ўварвання. Цалкам выключаць удары па тэрыторыі Беларусі і да ўступлення ў вайну беларускай арміі нельга, але такі сцэнар з палітычных меркаванняў выглядае пакуль малаверагодным.

Якія аб’екты могуць трапіць пад удар?

Галоўнай мішэнню такіх удараў будуць вайсковыя аб’екты і інфраструктура, якія выкарыстоўваюцца расейскай арміяй у вайне супраць Украіны.

Напрыклад, паводле інфармацыі з адкрытых крыніцаў, аэрадромы ў Баранавічах, Лідзе, Лунінцы, Мачулішчах і Гомлі або выкарыстоўваюцца авіяцыяй, якая бамбіць Украіну, або туды прыбываюць самалёты з расейскай ваеннай тэхнікай і асабістым складам. З пляцовак пад Мазыром і Калінкавічаў вядзецца ракетны абстрэл Украіны. Усё гэта – найбольш відавочныя мэты, па якіх тэарэтычна можа нанесці ўдар украінскі бок. Акрамя таго, пад ударам могуць апынуцца базы і лагера, дзе размешчаны расейскія вайскоўцы, а таксама чыгуначныя станцыі, дзе разгружаецца тэхніка.

Дэпутат Аляксей Ганчарэнка ў сваім допісе кажа, што распрацаваны быў план «маштабнага ўдару па ваенным аб’ектам і не толькі». Ён не тлумачыць, што значыць «не толькі». Але магчыма гаворка ідзе пра крытычна важныя для эканомікі вайны аб’екты. Напрыклад, чалец сеткі экспертаў iSANS Серж Харытонаў не выключае, што пад удар тэарэтычна можа трапіць Мазырскі НПЗ, які забяспечвае армію палівамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

У любым выпадку канчатковы спіс патэнцыйных цэляў будзе залежыць у першую чаргу ад маштабаў уцягвання Беларусі ў вайну. Хутчэй за ўсё, Кіеў будзе сыходзіць у сваіх дзеяннях з прынцыпу суразмернасці.

Ці будзе гэта пагражаць цывільнаму насельніцтву?

Мэтанакіраванага бамбавання цывільных аб’ектаў, жылых кварталаў не будзе. Справа тут не толькі ў гуманізме і Жэнеўскай канвенцыі, але і ў палітычнай мэтазгоднасці. Выжыванне Украіны ў значнай ступені залежыць ад міжнароднай падтрымкі. Неапраўданая гібель мірных жыхароў ад бамбаванне – гэта тое, што можа мець палітычныя наступствы, прывесці да аслаблення міжнароднай падтрымкі. Таму ўкраінскі бок будзе максімальна старацца пазбегнуць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва. Нічога падобнага на абстрэлы расейскай арміяй жылых кварталаў Харкава з выкарыстаннем ракетных сістэмаў «Град» мы не ўбачым абсалютна дакладна.

То бок украінскія ўдары могуць быць толькі кропкавыя. Але нават выкарыстанне самай высокадакладнай зброі, на жаль, не можа выключаць стратаў сярод цывільнага насельніцтва, у тым ліку ў выніку звычайнай памылкі выканаўцы. Цывільныя людзі і аб’екты, што месцяцца побач з вайсковымі аб’ектамі, патэнцыйна будуць знаходзіцца пад пагрозай.

Пры гэтым важна падкрэсліць, што наяўнасць побач з легітымнай ваеннай цэллю цывільнага насельніцтва ў адпаведнасці з міжнародным правам не лічыцца перашкодай для правядзення ваеннай аперацыі. Напрыклад, калі вы пражываеце ў спальным раёне, дзе побач няма вайсковых аб’ектаў, то бамбавання гэтага раёну – гэта парушэнне міжнароднага гуманітарнага права, ваеннае злачынства. Але калі ў ваш двор прыехалі РСЗА «Град» ці «Смерч», каб страляць па тэрыторыі Украіны, то ўкраінскі бок будзе мець права нанесці ўдар па гэтых цэлях. Калі пры гэтым будзе знішчаны ваш дом, то адказнасць будзе не на тым, хто бамбіў, а на тым, хто размясціў у вашым двары ракетныя сістэмы – гэта менавіта яны парушаюць міжнароднае гуманітарнае права.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міністерство оборони України / Facebook

Да тактыкі выкарыстання цывільнага насельніцтва ў якасці «жывога шчыту» вельмі часта прыбягаюць тэрарысты – страты сярод мірных жыхароў ім патрэбныя, каб распаліць нянавісць да сваіх праціўнікаў і атрымаць патрэбную карцінку для сваёй прапаганды. Падобная тактыка наўпрост забаронена Жэнеўскай канвенцыяй.

Праўда, усё гэта не пазбаўляе бок, які наносіць контрудар, абавязку зрабіць усё, каб мінімізаваць магчымыя ахвяры сярод мірных жыхароў. То бок нават калі артылерыя будзе весці абстрэл з вашай вуліцы, то гэта не дасць праціўніку права знішчыць адразу ўвесь ваш квартал стралянінай успляпую – супрацьлеглы бок усё роўна мусіць старацца нанесці кропкавы ўдар.

Калі ўдары адбудуцца, што будзе далей? Афіцыйнае абвяшчэнне вайны, мабілізацыя?

Зусім не абавязкова. Традыцыя афіцыйна абвяшчаць вайну, якая была характэрна для мінулых стагоддзяў, цяпер фактычна не выкарыстоўваецца. Нават Украіна і Расея зараз не абвесцілі адна адной вайну, Кіеў толькі разарваў дыпламатычныя стасункі з Масквой. Дыпламатычныя стасункі могуць быць разарваныя таксама паміж Кіева і Менскам, але не абавязкова гэта будзе наступствам удараў па тэрыторыі Беларусі. Сам факт саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі ёсць дастатковай падставай для гэтага.

Таксама практыка паказвае, што кропкавыя ракетныя ці авіяцыйныя ўдары не абавязкова прыводзяць да поўнамаштабнай ваенных дзеянняў, усеагульнай мабілізацыі і г.д. Напрыклад, у 2020 годзе ў Багдадзе ў выніку амерыканскага авіяўдару быў забіты іранскі генерал Касэм Сулеймані. У адказ Іран нанёс удары па вайсковых аб’ектах ЗША ў Іраку. Але гэтым ваенныя дзеянні абмежаваліся.

Такім чынам, далейшае развіццё падзеяў у любым выпадку будзе залежыць ад палітычнай волі бакоў. Праўда, Лукашэнка 1 сакавіка ўжо заявіў пра сваю гатовасць цягам 2-3 содняў правесці мабілізацыю «па поўным ваенным часе» ў выпадку пагрозы Беларусі.

Артыкулы
Якія наступствы будзе мець расейска-ўкраінская вайна для Беларусі?
2022.02.26 00:45

Калі будзе абвешчана мабілізацыя, то хто пад яе трапіць?

Мабілізацыя можа быць поўнай ці частковай. Па законе яна абвяшчаецца толькі прэзідэнтам і мусіць быць зацверджана Саветам Рэспублікі.

Прызваць на ваенную службу па мабілізацыю могуць грамадзянаў ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў, якія знаходзяцца на вайсковым уліку. Вызваляюцца ад мабілізацыі тыя, хто прызнаныя нягодным да вайсковай службы з выключэннем з вайсковага ўліку. Таксама чалавек мае праву на адтэрміноўку ў шэрагу выпадкаў. Напрыклад, калі ў яго ёсць на ўтрыманні 4 ці больш няпоўнагадовых дзяцей або непрацаздольныя чальцы сям’і, якім патрэбен дагляд.

Варта падкрэсліць, што большасць мужчынаў у Беларусі, якія не праходзілі тэрміновую службу, усё роўна знаходзяцца на вайсковым уліку. Напрыклад, у вайсковых білетах тых, хто не служыў у войску па стане здароўя, часцей за ўсё ёсць адзнака НГМ – гэта значыць, што чалавек не прыдатны для службы ў мірны час, але абмежавана прыдатны ў ваенны час. Напрыклад, калі чалавека не забралі на тэрміновую службу праз кепскі зрок і ён атрымаў НГМ, то падчас мабілізацыя яго ўсё роўна прызавуць у войска. Непасрэдна на фронт пры гэтым накіраваць не павінны, але службу ў тылу ён будзе несці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Не падлягаюць прызыву толькі тыя, хто атрымаў адзнаку НГІ – гэта значыць, што чалавек мае такія сур’ёзныя захворванні і фізічныя недахопы, што нават падчас вайны яго прызываць не мае сэнсу. Яны наогул не знаходзяцца на вайсковым уліку.

Ухіленне ад прызыву і на тэрміновую службу, і на службу па мабілізацыі караецца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам. Але калі за ўхіленне ад тэрміновай службы могуць даць да 5 гадоў зняволення (арт. 435), то за ўхіленне ад службы па мабілізацыі – да 7 гадоў (арт. 434).

Тэрміна службы па мабілізацыі не існуе – па сутнасці, колькі ідзе вайна, колькі дзейнічае ваеннае становішча, столькі чалавек і будзе служыць. Дэмабілізуюць грамадзянаў адмысловым указам прэзідэнта.

Аналітыка
Чаму Украіна ваюе адна, і чым ёй дапамагае Захад?
2022.02.26 21:25

РР belsat.eu

Стужка навінаў