Расейска-ўкраінскія перамовы адклалі на 3 сакавіка. Яны маюць прайсці ў Віскулях


Другі раўнд перамоваў Расеі і Украіны планавалі на 2 сакавіка, але адклалі, бо яшчэ не прыехала ўкраінская дэлегацыя.

Перамовы паміж дэлегацыямі Расеі і Украіны на тэрыторыі Беларусі. 28 лютага 2022 года.
Фота: Sputnik

Расейская дэлегацыя ўжо прыехала ў меркаванае месца правядзення перамоваў Расеі і Украіны, паведамляе ТАСС. Украінская яшчэ не прыбыла, таму перамовы пераносяцца. Расейскі бок чакае, што ўкраінская дэлегацыя прыбудзе 3 сакавіка, і гарантуе «калідор бяспекі» (у час мінулых перамоваў умову Украіны спыніць абстрэлы Расея не выканала). Украінскі бок пацвярджае, што дэлегацыя яшчэ не прыбыла.

Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрв’ю «Al Jazeera» заявіў, што Расея нібыта патрабуе не капітуляцыі, а толькі дамовы з Украінай на ўмовах Расеі. Сярод гэтых умоваў – «дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя» (пазбаўленне Украіны зброі, якая «можа пагражаць Расеі», змена кіраўніцтва на прарасейскае, кадравыя чысткі), прызнанне «ДНР» і «ЛНР» у межах Данецкай і Луганскай вобласцяў.

Аднак кіраўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі ў той жа час кажа, што на перамовах будуць абмяркоўвацца тэмы спынення агню і стварэння гуманітарнага калідору.

Hавiны
Расея прызнала: ва Украіне загінулі паўтысячы ейных вайскоўцаў. Украіна кажа, у 12 разоў больш
2022.03.02 20:33

Першы раўнд перамоваў між Расеяй і Украінай прайшоў 28 лютага – на чацвёрты дзень атакі Расеі. Перамовы трывалі пяць гадзінаў і скончыліся амаль безвынікова.

Украіна дамагалася, каб перамовы праходзілі на нейтральнай тэрыторыі – спачатку настойвалі на нейfтральнай краіне, потым пагадзіліся на беларуска-расейскую мяжу, але ўрэшце правялі перамовы на тэрыторыі Беларусі, з тэрыторыі якой расейскія войскі абстрэльваюць Украіну і вядуць наступ.

Наступныя перамовы маюць адбыцца ў Белавежскай пушчы, у рэзідэнцыі «Віскулі». Менавіта там у 1991 годзе былі падпісаныя «Белавежскія пагадненні», якія паклалі канец існаванню СССР.

Аналітыка
«Я магу гэтым толькі ганарыцца». 30 гадоў таму ў Беларусі ліквідавалі СССР
2021.12.08 10:05

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў