«Прысутнічаюць прадстаўнікі СМІ?» – «Так. У клетцы». У Менску працягнуўся суд над нашаніўцамі


У судзе Заводскага раёну Менску 2 сакавіка працягнуўся суд над галоўным рэдактарам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам і кіраўніком аддзелу маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко.

Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко. Калаж з фота

Як адзначае выданне, суд пачаўся з жартаў ад палітвязняў.

– У зале прысутнічаюць прадстаўнікі СМІ? – спытала сакратар «суда».

Ягор: Так.

Андрэй: У клетцы.

Усе ўсміхнуліся, уключна з работнікамі суда.

У залу суда гэтым разам прапусцілі толькі 7 чалавек – «у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй».

Артыкулы
У чым абвінавацілі «нашаніўцаў», якіх паўгода трымаюць за кратамі і могуць пасадзіць на 5 гадоў
2022.03.01 00:15

Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко пачалі судзіць 28 лютага. На паседжанне пусцілі 12 чалавек, палова з якіх была сілавікамі. На суд трапілі замежныя дыпламаты.

Марціновіч і Скурко былі затрыманыя 8 ліпеня 2021 года. У той жа дзень затрымалі Андрэя Дынько, галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя», звязанага з «Нашай нівай», але яго вызвалілі 21 ліпеня пад падпіску аб яўцы. Спачатку іх затрымлівалі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Але, як абвясцілі на судзе, Скурко «паводле папярэдняй змовы» з Марціновічам і Дынько «з карыслівых памкненняў, меўшы задуму на нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу» з траўня 2017 года па чэрвень 2021 года плаціў за камунальныя паслугі як за кватэру, паводле субсідаваных тарыфаў, а не як за офіснае памяшканне рэдакцыі, з «поўнай кампенсацыяй выдаткаў».

Шкоду налічылі «Менскэнерга» на 9866,20 рубля, «Менскводаканалу» – на 250,70 рубля. Гэта перавысіла 348 базавых велічыняў – таму «злачынства» было «ў буйным памеры».

ПС belsat.eu

Стужка навінаў