«Мы будзем біцца да канца, але заклікаем: дапамажыце нам у гэтай вайне!» Размова з валанцёркаю з Украіны


З просьбаю распавядаць як мага больш пра тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, да «Белсату» звярнулася валанцёрка Ірына Кісялёва, жыхарка Белай Царквы, што за 70 кіламетраў на поўдзень ад Кіева. Жанчына кажа, што ўкраінцы гатовыя стаяць да апошняга, аднак для перамогі над «расейскім мядзведзем» трэба дапамога іншых краінаў. І найперш – фізічнае ўмяшання ў вайну.

Ірына Кісялева на Майдане ў 2014 годзе.
Фота: асабісты архіў Ірына Кісялёвай

«Разбудзіла дачку, кажу, пачалося тое, чаго чакалі. Вайна»

Ірыне Кісялёвай – 40 гадоў, яна маці траіх дзяцей, малодшаму – 5 месяцаў. Былая выкладчыца англійскай ды іспанскай моваў ва ўніверсітэце займаецца індывідуальным прадпрымальніцтвам. З пачатку вайны валанцёрыць: збірае харчы, медыкаменты, робіць іншую працу, якую можа. У прыватнасці Ірына называе сябе прадстаўніцай інфармацыйнага фронту: распаўсюджвае інфармацыю пра сітуацыю ва Украіне і змагаецца з хлуслівымі навінамі.

З вайной Ірына сутыкнулася яшчэ ў 2014 годзе. Тады яна як валанцёрка ездзіла на Данбас – вазіла медыкаменты, харчы. Для Ірыны вайна Расеі супраць Украіны пачалася якраз тады, таму напад 24 лютага не шакаваў яе, хоць, «як і любая вайна, быў усё ж нечаканым».

«А 5:00 раніцы прачнулася дзіця, я яго пакарміла, і легла далей спаць, – згадвае Ірына. – Потым, а 5:15, – выбух. Я на Данбасе шмат чула, таму мне знаёмы гэты гук. Устала, падышла да вакна – думаю, мо прыснілася. Гляджу – няма ні дыму, ні ўспышак нейкіх. Але раптам другі такі ж выбух. І я зразумела, што не прыснілася».

Кіеўская тэлевежа і тэрыторыя вакол яе пасля выбуху ў Кіеве (1 сакавіка), Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Ірына разбудзіла старэйшую дачку.

«Кажу, пачалося. Тое, чаго чакалі. Вайна, – распавядае валанцёрка. – Потым былі яшчэ два выбухі. Нас тады абстрэльвалі ракетамі. Мы сталі збірацца, аднак з’ехалі толькі на наступны дзень».

«Некалькі разоў удзень і ўначы хаваемся ў сутарэнні»

Ірына з сям’ёй з’ехала да свайго стрыечнага брата ў вёску за 8 кіламетраў ад Белай Царквы. Паехала праз дзяцей, якія вельмі перапужаліся пасля ракетных абстрэлаў гораду. У сям’і брата, да якога яны паехалі, таксама трое дзяцей, Прыехаў і ягоны родны брат з жонкай і дачкой, а таксама ягоныя мама і цешча. Агулам цяпер у доме – 18 чалавек, кажа Ірына. У Белай Царкве засталіся бацькі валанцёркі ды ейнага мужа.

Поўнага спакою аднак няма і ў вёсцы, зазначае Ірына:

«Паветраная трывога бывае і тут, у нашай вёсцы. У нашым доме ёсць сутарэнне. Мы туды спускаемся некалькі разоў удзень і ўначы».

Інтэрв’ю
«Я адчуваю, што павінен неяк загладзіць віну перад украінскім народам» – беларусы далучаюцца да добраахвотніцкіх батальёнаў
2022.03.02 12:12

Ірына распавядае, што адчувала сябе адносна спакойна, пакуль не захварэла малодшае дзіця, у яго ўжо некалькі дзён падвышаная тэмпература.

«У горадзе пачынаюцца праблемы з пастаўкаю харчоў і медыкаментаў, – кажа Ірына. – Ясна, што мы змагаемся, шукаем шляхі. Аднак колькі мы так працягнем? Я разумею, што пачынаю нервавацца».

«Я баялася на Данбасе, а цяпер мне не страшна»

З пачатку вайны Ірына ўлілася ў знаёмае ёй валанцёрства. Калі дзіця не хварэла, яна магла выехаць у горад, дапамагаць там:

«Мы разам з каляжанкамі збіраем харчы, медыкаменты, гатуем і адвозім у нашую вайсковую брыгаду ды тэрабарону гарачую ежу, пляцем сеткі, збіраем грошы, надоечы закупілі рацыі. Мне не страшна. Крыху баялася ў 2014 годзе на Данбасе. А цяпер не баюся. Наадварот, разам з іншымі валанцёрамі і вайскоўцамі я адчуваю сябе ў большай бяспецы. З імі можна і танк сустракаць. Нашмат страшней, калі ты сядзіш удома і чытаеш навіны. Таму я раблю тое, што магу, што ад мяне залежыць, і гэта надае мне спакой ды ўпэўненасць».

Наступства абстрэлу ваколіцаў Данецку. Хто дакладна атакаваў горад на кантраляванай праз «ДНР» тэрыторыі, сказаць цяжка: абодва бакі падаюць супрацьлеглую інфармацыю і перакладваюць адказнасць адзін на аднаго. 28 лютага 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Калі дзіця захварэла, і выязджаць стала немагчыма, Ірына з дому вырашыла рабіць усю магчымую працу: браць удзел у інфармацыйнай вайне. Яна распаўсюджвае інфармацыю, звязваецца з журналістамі, дапамагае змагацца з фэйкавымі навінамі.

«Мы называем сябе інфармацыйнымі войскамі. Нашае заданне – данесці да ўсяго свету інфармацыю пра Украіну, – кажа Ірына. – Акрамя таго, правяраць і звесткі, і розныя ініцыятывы. Напрыклад, нядаўна была абвестка ад дзяўчыны: маўляў, дастаўляю медыкаменты з-за мяжы. Тэлефаную – ніхто не адказвае. Аказалася, што такім чынам пачынаюць збіраць базу пра нас, валанцёраў».

«Змяняйце тэксты на плакатах, заклікайце свет да ўмяшання ў гэтую вайну»

Пра сітуацыю ў Белай Царкве Ірына распавядае, што ў людзей там панікі няма. Пакуль яшчэ ёсць і харчы, і медыкаменты, хоць пачынаюцца перабоі. Лягчэй у вёсцы, бо там усё сваё. З раніцы 1 сакавіка былі праблемы з ацяпленнем, аднак усё хутка выправілі.

Усе дапамагаюць адно аднаму, робяць, што могуць, падкрэслівае Ірына:

«Абыякавых цяпер проста няма. Нават ёсць бізнес, якія раздае бясплатна прадукты. Напрыклад, у нас ёсць малочная ферма: яны бясплатна раздаюць малако, бо разумеюць, што калі прыйдуць расейцы, то дакладна нічога не застанецца, а так хоць сваім аддадуць».

Акцыя пратэсту супраць вайны ў Вільні, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Жанчына вельмі ўдзячная іншым краінам за гуманітарную дапамогу, клопат пра ўцекачоў, але кажа, што гэтага мала:

«Звяртаюся да тых, хто выходзіць на мітынгі ў іншых краінах: змяняйце тэкст на плакатах. Заклікайце іншыя краіны да фізічнага ўмяшання ў гэтую вайну. Нам патрэбныя зброя і людзі. Няхай нам дапамогуць ваяваць. Мы ідзем на вайну ўсе. І я магу выйсці, хоць не ўмею страляць. Я хачу падкрэсліць: у нас няма панікі, мы не баімся. Людзі без зброі выходзяць на танкі, нават на акупаваных тэрыторыях».

Ірына кажа, што ўся Украіна чакае ад Захаду нарэшце не словаў, а дзеянняў – поўнага закрыцця неба над Украінаю, вайсковага ўдзелу:

«У іх банальна больш людзей, нашмат больш, чымся ва Украіне. Пуціну ж не шкада сваёй арміі, ён гатовы заваліць трупамі дарогу да Кіева. Якая там у іх філасофія? Бабы яшчэ нараджаюць. Зброя, якую нам пачалі пастаўляць, – гэта выдатна. Аднак нам трэба людзі, якія будуць з яе страляць. Я звяртаюся да краінаў Захаду: дапамажыце нам у гэтым!»

«Мы пішам гісторыю нашай краіны, і я шчаслівая, што лёс даў мне такую магчымасць»

Мы запыталі Ірыну пра стаўленне і чаканні ўкраінцаў ад беларусаў у гэтай вайне. Валанцёрка адказала, што ў яе асабіста ніякай нянавісці няма, аднак яна разумее стаўленне ўкраінцаў агулам, бо з беларускай тэрыторыі ідуць войскі, Украіну абстрэльваюць адтуль.

«Гэта не нянавісць, гэта злосць: як да расейцаў, якія сядзяць у сваіх дамах і не бунтуюць, так і да беларусаў. Чаму вы седзіце і нічога не робіце? – пытаецца ўкраінка. – І мне адначасова шкада гэтых людзей, якія не могуць сябе адстаяць, сваю зямлю. Мне цяжка гэта зразумець, бо ў маім атачэнні іншыя людзі. І я іншая. Калі лезуць у мой дом, я буду абараняць яго».

Кіеўская тэлевежа і тэрыторыя вакол яе пасля выбуху ў Кіеве (1 сакавіка), Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Нянавісць Ірына бачыць з боку расейцаў і кажа, што гэта яе не перастае здзіўляць:

«Здаецца, што, калі б маглі, яны б нас, украінцаў, увогуле сцерлі з зямлі. Не разумею, адкуль столькі нянавісці. Як можна так цынічна нас бамбіць! З поўначы мне пішуць валанцёры, што там загадваюць усім жыхарам дамоў уздоўж трасаў хавацца, бо калі расейцы едуць, то пачынаюць проста страляць па дамах, баяцца, каб іх кактэйлямі Молатава не закідалі. Як так увогуле можна?»

Ірына падкрэслівае, што не збіраецца з’язджаць з Украіны:

«Для мяне мая родная краіна заўсёды была найлепшым месцам. Я з-за мяжы хацела вяртацца сюды. І няхай у нас праблемы, не ўсё ідэальна ў плане працы, дарог. Аднак мы ўсё гэта з часам выправім. Гэта цікава – будаваць сваю краіну, як і свой дом. А асабліва цяпер мы пішам гісторыю нашай краіны. І я шчаслівая, што лёс падарыў мне такую магчымасць – абараняць сваю краіну ў такі гістарычны момант, пра які дзеці і ўнукі будуць потым чытаць у падручніках».

Шмат для каго цяперашні напад Расеі на Украіну – не сюрпрыз, зазначае валанцёрка, бо змаганне за незалежнасць трывае з 2013 года, з Майдану. Ірына ўпэўненая: Украіна выстаіць, бо змагацца гатовыя ўсе – і мужчыны, і жанчыны. Аднак цяпер як ніколі ўкраінцам патрэбная ўвага і дапамога ўсяго свету, зазначае валанцёрка.

Чытайце таксама:

Вайна ва Украіне: куды ўцякаць і дзе ратавацца?

Як дапамагчы сабе і дзецям, калі вельмі страшна? Парады псіхатэрапеўта

Калектыўная адказнасць: ці мусяць беларусы адчуваць віну і сорам перад украінцамі?

«Ужо ўсе слёзы выплакала». Як працуе цэнтр дапамогі ўкраінцам у цэнтры Варшавы

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў