Легіянеры пакідаюць беларускія і расейскія хакейныя клубы. Будучыня КХЛ пад пытаннем


Сёння хакейны клуб «Дынама» (Менск) павінен правесці першы матч раўнду плэй-оф чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай Лігі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заўзятары падчас матчу камандаў удзельніц КХЛ. Санкт-Пецярбург, Расея. 7 студзеня 2022 г.
Фота: Maksim Konstantinov / Russian Look / Forum

Чатырнаццатае разыгранне Кубка Гагарына будзе як ніколі сціснутым маральна і колькасна. Па-першае, ён праводзіцца пасля недагулянага з-за праблемаў каронавіруса рэгулярнага сезону. Ад навагодніх святаў, нават яшчэ да праваслаўных Калядаў, пачалі адмяняць матчы з удзелам рыжскага «Дынама», екацярынбургскага «Аўтамабіліста», «Салавата Юлаева» з Уфы з-за вялікай колькасці станоўчых ПЛР-тэстаў у складах камандаў. І гэта ўжо зусім не тая сітуацыя, якая здарылася ў лістападзе з уфімскім «Салаватам», калі мясцовае аддзяленне Распажыўнагляду часова прыпыніла дзейнасць усёй юрыдычнай асобы. Клуб не меў магчымасці праводзіць матчы ні на сваёй арэне, ні на якой-небудзь іншай, што стала б парушэннем законаў Расейскай федэрацыі. Пасля таго, як ува ўдзельнікаў Лігі было зафіксавана 126 станоўчых ПЛР-тэстаў, склікалі пазапланавую нараду з кіраўнікамі клубаў КХЛ. Матчы працягвалі гуляць нерэгулярна, але чэмпіянат яшчэ неяк цягнуўся, пакуль напачатку лютага ў пазбяганне лавінавобразнага – масавага і некантраляванага – распаўсюджвання эпідэміі па ўсёй Лізе было прынята рашэнне турнір датэрмінова скончыць. І да пачатку плэй-оф клубы праводзілі толькі кантрольныя двубоі.

Але ковід аказаўся кветачкамі перад страшэннымі задумамі Пуціна. Настолькі, што самое існаванне КХЛ паўстала перад вялікім пытальнікам. Хутка пасля пачатку расейскай агрэсіі ва Украіне, 25 лютага, фінскі «Ёкерыт» даслаў у Лігу афіцыйны ліст з паведамленнем аб адмове ўдзельнічаць у разыгранні Кубка Гагарына. Пазней з турніру выйшла і рыжскае «Дынама», якое, праўда, у плэй-оф не трапіла, але сваю пазіцыю акрэсліла максімальна зразумела:

«Рашэнне выйсці з КХЛ прынята, каб выказаць адназначную пазіцыю кіраўніцтва клубу. У час такога ваеннага і гуманітарнага крызісу мы не бачым аніякіх магчымасцяў для супрацоўніцтва з КХЛ, – заявіў старшыня Рады клубу Юрыс Савіцкіс.

А міністр адукацыі і навукі Латвіі Аніта Муйжніеце раней заяўляла, што ў цяперашняй палітычнай сітуацыі ўдзел спартовых камандаў Латвіі, у тым ліку, прыватных спартовых клубаў, у расейскіх чэмпіянатах – недапушчальны! Пры гэтым варта заўважыць, што генеральным спонсарам рыжскага «Дынама» з’яўляецца расейская кампанія «Газпром экспарт».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падчас матчу камандаў удзельніц КХЛ. Санкт-Пецярбург, Расея. 7 студзеня 2022 г.
Фота: Maksim Konstantinov / Russian Look / Forum

З іншаземных дружынаў засталіся толькі казахстанскі «Барыс» ды менскае «Дынама», якія працягнулі падтрымліваць адкрыты расейскі чэмпіянат сваім удзелам у ім на тле таго, што Міжнародная федэрацыя хакея з шайбай забараніла Беларусі і Расеі ўдзельнічаць «ува ўсіх узроставых катэгорыях і ўва ўсіх спаборніцтвах IIHF для далейшага паведамлення». А таксама пакуль адмяніла чэмпіянат свету па хакеі 2023 года сярод юніёраў, які павінен быў прайсці ў Новасібірску ды Омску. Пра чэмпіянат свету дарослы наступнага года ў Санкт-Пецярбурзе гутаркі пакуль не было.

Але вядома, што на сёлетнім сусветным першынстве ў Фінляндыі не будзе ні Расеі, ні Беларусі. Псіхалагічны фон, які спадарожнічае «зубрам» – таксама далёка не станоўчы. Ужо вядома, што наступны сезон ХК «Дынама»(Менск) правядзе без легіянераў. Іх сёлета накуплялі рэкордную колькасць – 17 асобаў. Пра сваю адмову ад далейшай гульні за каманду першым абвесціў славак Лібар Гудачэк:

«У нас складаная сітуацыя. У камандзе шмат легіянераў і ўсе хочуць сысці. Мы зараз у Санкт-Пецярбургу, таму ёсць альтэрнатыва – вярнуцца дадому праз Хельсінкі, альбо Літву. Нават, калі мы ўсе з’едзем, думаю, КХЛ працягне гуляць», – заявіў нападнік.

Сітуацыя змяняецца штогадзінна і пра тое, колькі легіянераў выйдзе сёння ў складзе менскага «Дынама» на матч супраць СКА, можна будзе даведацца толькі з пачаткам самога двубою.

Але беларускі клуб не адзіны, хто сутыкаецца з такой сітуацыяй. Фінскі нападнік Кары Маркус Гранлюнд сабраў форму і пакінуў «Салават Юлаеў».

«Не хачу нічога каментаваць, але я сапраўды канчаткова пакінуў Уфу» – заявіў фін.

З кіраўніцтвам уфімскага клубу размаўлялі і іншыя легіянеры. Прынамсі, ёсць канкрэтная інфармацыя яшчэ толькі па канадскім нападніку «Салавата» і нацыянальнай зборнай Беларусі Джэфу Плэту, які разарваў кантракт з башкортостанцамі па згодзе бакоў без усялякіх выплатаў.

У той час, як буйныя міжнародныя спартовыя арганізацыі наклалі забарону на ўдзел расейскіх і беларускіх клубаў і зборных у любых турнірах і ў дадатак на расейскі бізнес і эканоміку наваліліся санкцыі – іншаземцы бачаць бесперспектыўнасць свайго выступу за расейскія і беларускія каманды ў любых відах спорту. Працэс іх ад’езду на Радзіму яшчэ не набыў масавасць, але ўсё да гэтага ідзе.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў