Куды і як можна з'ехаць з Беларусі? Спраўдзілі кошты і квіткі на асноўныя напрамкі


Расейскія аэрапорты зачыніліся для беларусаў, «Белавія» адмяніла рэйсы на бліжэйшыя дні ў самы папулярны для транзіту Стамбул. І без таго мізэрныя магчымасці выехаць за межы краіны звужаюцца. Мы пацікавіліся, куды і як яшчэ можна з’ехаць.

Самалёт Embraer авіякампаніі «Белавія».
Фота: belavia.by

Варыянт наземны

Са снежня 2020 года беларусы могуць выехаць «па зямлі» толькі адзін раз на тры месяцы, ды і тое пры наяўнасці асаблівых падставаў. Такімі падставамі могуць быць вучоба, праца, наяўнасць віду на жыхарства, камандзіроўка і выезд на лячэнне. Дакументы, якія пацвярджаюць падставы для выезду, павінны быць перакладзеные на расейскую або беларускую мову і завераныя ў натарыуса.

Паколькі чыгуначныя зносіны з краінамі ЕЗ так і не аднавілася, варыянт выезду цераз наземныя КПП – гэта аўтобус ці ўласны аўтамабіль. Яшчэ нядаўна можна было скарыстацца цягніком Масква-Калінінград, даехаць да Калінінграду і вярнуцца назад у Літву, ці паехаць у Польшчу. На сённяшні дзень невядома – ці гэта застаецца магчыма.

Білет на аўтобус да Варшавы будзе каштаваць 20-30 еўра ў залежнасці ад перавозчыка (FlixBus, Ecolines і інш.). Праблемаў з квіткамі пакуль няма, калі не спадзявацца набыць іх у дзень выезду, ці хаця б сёння на паслязаўтра.

Такая ж сітуацыя і з аўтобусамі ў Вільню. Калі патурбавацца аб квітках хоць бы за пару дзён, то за 10-15 еўра можна дабрацца да найбліжэйшай еўрапейскай сталіцы. Ёсць каля 10 рэйсаў на дзень.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЯМ / Белсат

За 40 еўра аўтобусам можна з’ехаць у Прагу, за 75 – у Берлін. Такія варыянты па нядзелях прапануе VizitTour.

Авіярэйсы

Рэгулярных авіярэйсаў з менскага аэрапорту і дагэтуль было няшмат. Цяпер ніхто не можа сказаць дакладна, якія рэйсы захаваюцца ў найбліжэйшай будучыні. Напрыклад, на сайте кампаніі «Белавія» паведамляецца, што 1 сакавіка не будзе рэйсу ў Тэль-Авіў. Бліжэйшыя даступныя квіткі туды – на 17 сакавіка. Даляцець да сталіцы Ізраілю прапануюць за 170 долараў.

Пакуль для беларусаў застаюцца даступнымі наступныя кірункі: Кутаісі, Ташкент, Ерэван, Тбілісі, Дубай, Стамбул, Нур-Султан, Баку, Алматы і Батумі. Самымі недаступнымі ўвечары ў нядзелю былі рэйсы ў Тбілісі. Бліжэйшая дата – 14 сакавіка, кошт 400 долараў. Калі запланаваць вылет у гэты горад на 18 сакавіка і пазней, то за квіток трэба будзе заплаціць 175 долараў. Пачынаючы з другога сакавіка і ў наступныя дні за 250 долараў можна будзе паляцець у Ташкент.

Кірунак на Ерэван не такі папулярны, квіткі ёсць на ўсе тыя дні, калі выконваюцца рэйсы (пяць дзён на тыдзень). Кошт квіткоў вагаецца ад 888 долараў 4-5 сакавіка да 211 на 14-15 сакавіка.

Самы дарагі бквіток – за 1442 долары – на 6 сакавіка ў Дубай. У астатнія дні ў гэтым кірунку можна паляцець за 279-350 долараў, пачынаючы з 1 сакавіка.

Самы папулярны стыковачны кірунак – Стамбул. Адтуль паляцець можна ў любым кірунку, чым актыўна карысталіся беларусы. Паводле звестак на нядзелю 27 лютага ўвечары былі даступныя квіткі на 9 сакавіка. Паляцець у гэты турэцкі горад можна за 285 долараў. Аднак у панядзелак стала вядома, што ранішнія рэйсы Turkish Airlines паміж Стамбулам і Менскам скасаваныя да 2 сакавіка, вячэрнія – да 1 сакавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЯМ / Белсат

Пакуль што прадаюцца квіткі на сакавік. Кошт – 312 долараў. Квіткі на красавік яшчэ можна купіць за 149 долараў. Дабрацца адтуль, напрыклад, да Варшавы або Барселоны можна за 150-180 долараў (з перасадкай у Вене або ў Бергама). Праўда, падарожжа не хуткае – самы хуткі варыянт – 12-15 гадзінаў. Пры тым, што з Менску ў Варшаву ў ранейшыя часы даляталі за гадзіну.

Адносна нядорага і хутка можна трапіць са Стамбулу, напрыклад, у Вену – за 2,5 гадзіны і 120 долараў.

Не вельмі папулярны, як вынікае з інфармацыі турыстычных кампаній, кірунак – Казахстан. Тым не менш на бліжэйшыя даты (1 сакавіка) квіток туды быў зусім нятанны – 420 долараў. Аднак ужо 6 і 8 сакавіка яго можна купіць за 98 долараў. Такая ж сітуацыя і з квіткамі ў Баку. Бліжэйшая дата – 4 сакавіка, і палёт будзе каштаваць ў гэты дзень 600 долараў. Аднак ужо 7 сакавіка ў Азербайджан можна паляцець за 300 долараў, 16 – за 197, а пасля 20-га – за 105 долараў.

Карыстаюцца беларусы нават магчымасцю паляцець праз Егіпет, распавялі «Белсату» у беларускай турыстычнай кампаніі. Рэгулярных рэйсаў у гэтую краіну няма, таму даводзіцца дзеля квітка купляць самы танны тур на некалькі дзён.

Хто дае візы

Адсутнасць авія- і чыгуначных зносінаў – не адзіная праблема для ахвотных пакінуць краіну. Авіясанкцыі, якія былі ўведзеныя ў дачыненні да Беларусі пасля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта авіякампаніі Ryanair, наклаліся на абмежаванні, выкліканыя эпідэміяй каронавіруса. Большасць краін застаецца закрытымі для турызму. Адпаведна, атрымаць візы для ўезду туды немагчыма. Калі і адкрываюцца нейкія еўрапейскія краіны, то, як правіла, для тых, хто прышчэплены тымі вакцынамі, якія прызнаныя ў ЕЗ і якіх у Беларусі няма.

Па словах прадстаўніка турыстычнай кампаніі, зараз самая даступная для беларусаў краіна з пункту гледжання турызму – Іспанія (праз візавы цэнтр). Яна не толькі пачала выдаваць візы тыпу С (турыстычныя), але і дазволіла ўязджаць на сваю тэрыторыю тым, хто прышчэплены кітайскай вакцынай (Sinopharm або Sinovac-Coronavac), якая ёсць у Беларусі. Турыстычную візу можна атрымаць і ў Чэхію, але гэтая краіна патрабуе, каб вы прышчэпленыя вакцынай, прызнанай у ЕЗ (AstraZeneca, Pfizer, Moderna і Johnson & Johnson). Выдаюць візы ў Вялікабрытанію і Ірландыю. Прычым, першая нават адмяніла ўсе кавідныя абмежаванні. У другой захавалася патрабаванне адбыць карантын.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Найбольш рэальныя для беларусаў магчымасці атрымаць «шэнген» – звярнуцца ў візавыя цэнтры Літвы і Польшчы. Гэтыя краіны выдаюць беларускім грамадзянам нашай краіны нацыянальныя візы тыпу D, калі ёсць кантракт на працу або запрашэнне на вучобу. Акрамя таго, беларусы могуць атрымліваць гуманітарныя візы – тыя, хто адчувае пагрозу свайму жыццю і свабодзе. Польшча таксама выдае нацыянальную візу Poland Business Harbor ІТ-спецыялістам і візы – уладальнікам карты паляка.

Акрамя гэтага, Літва пачала выдаваць турыстычныя візы (тып С). Праўда, толькі тым, хто прышчапіўся ўсё тымі ж прызнанымі ў ЕЗ вакцынамі. Турыстычную візу можна яшчэ атрымаць і для паездкі ў камандзіроўку, у сувязі з культурнымі мерапрыемствамі і навуковай дзейнасцю або –ўдзелам у адукацыйных праграмах.

Усе астатнія краіны зоны Шэнген, не згаданыя вышэй, таксама выдаюць візы на працу, вучобу або з мэтай уз’яднання сям’і, аднак атрымаць там працу значна цяжэй, чым у суседніх Польшчы і Літве.

Інтэрв’ю
«Да 75 % насельніцтва Расеі падтрымлівае». Палітолаг Андрэй Суздальцаў пра стаўленне расейцаў да вайны
2022.03.01 15:28

belsat.eu

Стужка навінаў