Камандзір першых сепаратыстаў на Данбасе, ветэран вайны ў Чачэніі і вайсковы эксперт каментуюць вайну Расеі ва Украіне


Настроі ў экспертнай супольнасці РФ паступова мяняюцца ў сувязі з вялікімі стратамі і відавочнымі няўдачамі расейскіх войскаў ва Украіне.

На шосты дзень вайны з Украінай расейскія войскі ўшчыльную падышлі да Харкава, Херсону, Марыупалю. На здымку – цэнтр Харкава пасля ракетнага абстрэлу расейскімі войскамі. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Вайна пачалася 24 лютага, і ў гэты дзень прапаганда Масквы была скіраваная на вельмі блізкую перамогу над Украінай. У першыя гадзіны вайны Мінабароны РФ заяўляла, што ўкраінцы не супраціўляюцца, не працуе ўкраінская супрацьпаветраная абарона і авіяцыя.

Шмат хто чакаў, што ўкраінскія ўзброеныя сілы не змогуць здзейсніць якога-кольвек заўважнага супраціву расейскім акупантам. Цяпер гэтыя настроі мяняюцца.

Войска Украіны не разваліліся

«Прагнозы, што Узброеныя сілы Украіны разваляцца праз содні, у маёй стужцы пасыпаліся з першага дня. Калі гэтага не адбылося, то пайшлі размовы пра трохі большыя тэрміны (5 дзён і да т. п.). Пры тым, што інфармацыя, якую маем, была і застаецца недастатковай для настолькі пэўных прагнозаў», – піша расейскі вайсковы аглядальнік, ветэран вайны ў Чачэніі Дзяніс Макрушын.

Інтэрв’ю
Уладзімір Гройсман: Пад уплывам Украіны Еўропа і ЗША мяняюць погляды на свет
2022.03.02 13:06

Аналітыкі кажуць, што супраціў украінцаў стаў нашмат больш рашучым і ўпартым, чым разлічвалі маскоўскія генералы.

«Лёгкага шпацыру і капітуляцыі УСУ не вымалёўваецца», – дадае Макрушын.

«Задума, мне здаецца, была менавіта такая. Дэмаралізаваць войскі, знішчыць цэнтры кіравання і хутка-хутка захапіць гарады… Проста ад пачатку, відаць, не было закладзена, што давядзецца патраціць больш чым 3–4 дні», – лічыць вайсковы аглядальнік Аляксандр Гольц.

У той жа час расейскае войска прадэманстравала шматлікія хібы.

«Як тут не прыгадаць грамадзянаў, якія саромелі мяне ў мінулыя гады за «енкі», калі я пісаў пра адсутнасць карысці ад шматлікіх «біятлонаў» для рэальнага баявога рыхтавання, пра адсутнасць патрэбы ў масавых парадах, якімі некалькі месяцаў займаюцца дзясяткі тысяч вайскоўцаў, пра нядбайнае стаўленне да баявой вучобы», – адзначае Макрушын.

Насельніцтва паўсюль сустракае расейцаў варожа

Нават у расейскамоўным усходнеўкраінскім Харкаве расейскія войскі не толькі не маюць падтрымання, але і сустракаюць супраціў, заявіў былы камандуючы войскамі так званай ДНР афіцэр ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў).

Кіеў, Украіна.
Фота: МП / Белсат

Расейскія войскі маюць шмат перавагаў: наяўнасць высокадакладных дальнабойных ракетаў, поўную перавагу ў авіяцыі, значную перавагу ў сучасных танках і бранятэхніцы. Яны таксама маглі выбіраць кірункі для ўдараў, а ўкраінцы з палітычных прычынаў не маглі цэліць ні па тэрыторыі Расеі, ні па тэрыторыі Беларусі, адкуль расейцы таксама наступаюць, абстрэльваюць і бамбяць, піша Дзяніс Макрушын.

Таксама РФ дапамагае выгадная лінія мяжы, што дазваляе трымаць пад ударамі амаль усю тэрыторыю Украіны і наступаць з усіх бакоў, атачаючы ўкраінскія войскі на Данбасе.

«Папярэднія дні прадэманстравалі, што гэтая «не вайна, а спецаперацыя» не будзе лёгкім шпацырам. Шматлікія кадры з калонамі, што заблукалі, з тэхнікай, што гарыць ці пакінутая, а таксама з палоннымі робяць вельмі непрыемнае ўражанне», – кажа ён.

Тылы і забеспячэнне пад ударам

Агульнанародны супраціў акупантам дазваляе Украіне спадзявацца на паспяховую вайну ў тыле расейскіх войскаў.

«Былі сфармаваныя даволі шматлікія атрады тэрытарыяльнай абароны. У тыле засталіся незахопленыя транспартныя вузлы… Патрабуецца значнае павелічэнне расходу сілаў на «вызваленых» (акупаваных) тэрыторыях. Пры гэтым нельга аслабляць ударных груповак, а значыць, трэба тэрмінова весці з Расеі новыя часці і злучэнні», – заявіў Гіркін.

Абстаноўка ва ўкраінскай сталіцы на шосты дзень вайны Расеі з Украінай. Кіеў, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

«Добра, няхай нейкім чынам занялі ўсю тэрыторыю… Відавочна, што ўвесь гэты час кантроль тэрыторыі будуць забяспечваць расейскія сілавыя структуры. Ці варта сумнявацца, што ў тым ці іншым маштабе з’явіцца паўстанцкі рух? Ужо цяпер можна бачыць відэа, як у нашую тэхніку кідаюць бутэлькі з запальнай сумессю», – піша Макрушын.

Той супраціў, што чыняць цяпер тэрытарыяльныя сілы Украіны ў тыле, будзе толькі расці, упэўнены Гіркін. Пры гэтым ён адзначае паспяховае вядзенне Украінай інфармацыйнай вайны ў інтэрнэце – нават у расейскім сегменце. А гэта будзе гартаваць баявы дух украінскіх партызанаў.

Акрамя таго, разлік на хуткую перамогу згуляў дрэнны жарт з расейскай лагістыкай.

«Кінутыя на ўзбочынах машыны прымушаюць задумацца пра тое, што сапраўды заканчваецца паліва», – адзначае Аляксандр Гольц.

АБ belsat.eu

Стужка навінаў