Генеральная асамблея ААН запатрабавала вывесці расейскія войскі з Украіны


141 краіна – за патрабаванне вываду расейскіх войскаў з Украіны. Супраць – Беларусь, Расея, Паўночная Карэя, Сірыя і Эрытрэя.

Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

Генеральная асамблея Арганізацыі аб’яднаных нацыяў 2 сакавіка прыняла рэзалюцыю «Агрэсія супраць Украіны», піша «Укрінформ». У рэзалюцыі асудзілі расейскую агрэсію і запатрабавалі ад Расеі неадкладна вывесці войскі з украінскай тэрыторыі, спыніць ужыванне гвалту або працягу незаконнай пагрозы.

«За» прагаласавала 141 краіна, 35 устрымаліся, толькі 5 прагаласавалі «супраць». Калі не лічыць Расею, якая чыніць напад, і Беларусь, з тэрыторыі якой адбываецца вялікая частка нападу, то «супраць» былі толькі тры краіны: Паўночная Карэя, Сірыя і Эрытрэя.

У ліку тых, хто ўстрымаўся, Арменія, Кітай, Куба, Індыя, Іран, Ірак, Кыргызстан, Пакістан, Таджыкістан і іншыя. Азербайджан, Венесуэла, Туркменістан, Узбекістан і некаторыя іншыя краіны не галасавалі.

ВІДЭА
Сёмы дзень вайны ва Украіне. ЗША закрываюць неба для расейскіх авіякампаніяў. ОНЛАЙН
2022.03.02 09:30

У рэзалюцыі Генасамблея ААН таксама выказвае сур’ёзную занепакоенасць паведамленнямі аб нападах на цывільныя аб’екты, жылыя будынкі, школы і лякарні.

Акрамя таго, занепакоенасць Генасамблеі ААН выклікаюць страты мірнага насельніцтва – колькі людзей загінула, дакладна невядома, але ўкраінскі бок кажа пра прыблізна 2000 загінулых мірных жыхароў. Рэзалюцыя парабуе спрыяць хуткаму, бяспечнаму і бесперашкоднаму доступу гуманітарнай дапамогі ва Украіну.

«Ваенныя дзеянні Расейскай Федэрацыі на суверэннай тэрыторыі Украіны маюць такі маштаб, якога міжнародная супольнасць не бачыла ў Еўропе дзесяцігоддзямі, – гаворыцца ў рэзалюцыі. – Неабходныя тэрміновыя захады, каб выратаваць гэтае пакаленне ад ліха вайны».

Аўтарамі рэзалюцыі выступілі ЗША і Албанія, якія ўваходзяць у Раду бяспекі ААН, а ў суаўтарах яшчэ каля сотні краінаў. Раней рэзалюцыю аб асуджэнні расейскай агрэсіі разглядалі ў Радзе бяспекі ААН, «за» прагаласавалі 11 з 15 чальцоў, «супраць» – толькі Расея, устрымаліся Кітай, Індыя і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Hавiны
Расейска-ўкраінскія перамовы адклалі на 3 сакавіка. Яны маюць прайсці ў Віскулях
2022.03.02 21:01

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў