ЗША плануюць увесці санкцыі супраць расейскіх уладаў за сітуацыю з Аляксеем Навальным


ЗША могуць увесці новыя санкцыі супраць расейскіх уладаў ужо 2 сакавіка. Пра гэта паведамляе «Reuters» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле крыніцаў «Reuters», Вашынгтон увядзе санкцыі ў межах Закону аб кантролі над хімічнай і біялагічнай зброяй (1991 г.), а таксама ў адпаведнасці з двума ўказамі. Адзін з іх быў падпісаны пасля анексіі Крыму Расеяй у 2014 годзе і прадугледжвае магчымасць увядзення санкцыяў у дачыненні расейскіх афіцыйных асобаў. Другі датычыць барацьбы з распаўсюдам зброі масавага знішчэння. Гэтыя дакументы дазваляюць ЗША замарожваць актывы асобаў з чорнага спісу і фактычна забараняць амерыканскім кампаніям мець з імі справу.

Хто канкрэтна трапіць пад санкцыі, пакуль невядома.

Паводле яшчэ адной крыніцы «Reuters», дзеянні Вашынгтону будуць каардынавацца з аналагічнымі крокамі з боку ЕЗ. Нагадаем, міністры замежных справаў ЕЗ яшчэ ў лютым прынялі прынцыповае рашэнне пашырыць санкцыі супраць расейскіх уладаў за пераслед Аляксея Навальнага.

На расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага летась у жніўні быў арганізаваны замах з выкарыстаннем баявога яду з групы«Навічок». Як высветлілася ў выніку журналісцкага расследавання, Навальнага спрабавалі забіць працаўнікі ФСБ. Палітык праходзіў лячэнне ў берлінскай клініцы «Charité», але ў студзені вырашыў вярнуцца ў Расею і быў затрыманы ў аэрапорце «Шарамецьева» 17 студзеня. Навальнага абвінавацілі ў парушэнні ўмоваў выпрабавальнага тэрміну ў справе «Іў Рашэ». 2 лютага суд замяніў Аляксею Навальнаму ўмоўны тэрмін на рэальны.

Аб’ектыў
Прысуд Аляксею Навальнаму застаўся без зменаў
2021.02.20 22:01

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў