У Жлобіне будуць судзіць траіх удзельнікаў пратэстаў 9–10 жніўня


Пракуратура Гомельскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні траіх жыхароў Жлобіна, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах 9–10 жніўня і сутыкненнях з сілавікамі. Пра гэта паведамляе сайт Генпракуратуры.

Фігуранты справы – адзін 24-гадовы і двое 22-гадовых хлопцаў. Іх абвінавачваюць у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і пагрозе гвалту або ўжыванні гвалту над супрацоўнікамі органаў унутраных справаў (арт. 364 КК).

Паводле следства, 9–10 жніўня трое хлопцаў узялі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на цэнтральных вуліцах Жлобіна.

«Пры гэтым выкрыквалі розныя лозунгі, рухаліся ў складзе групы асобаў па праезнай частцы дарогі ў «счэпцы», што прывяло да змены маршрутаў руху рэйсавых аўтобусаў. Пасля абвінавачаныя сумесна з іншымі асобамі нанеслі ўдары нагамі і рукамі па ахоўным абмундзіраванні і шчытах працаўнікоў АУС, а таксама кінулі ў іх камяні», – адзначаюць у Генпракуратуры.

24-гадовы хлопец, які раней быў пад судом за хуліганства, застаецца пад вартай. Для дваіх іншых фігурантаў справы абралі меру стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва.

Нагадаем, з лета 2020 года распачатыя больш за 2300 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. 258 асобаў на дзень 2 сакавіка прызнаныя палітвязнямі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў