Святлана Ціханоўская пра Дзень Волі: «Пара вярнуць сваё»


Святлана Ціханоўская апублікавала зварот, прысвечаны Дню Волі – 2021. «Нагадаем нашым суграмадзянам у дзяржапараце і сілавых структурах, ва ўрадзе і мясцовых органах улады, што яны прысягалі народу», – заклікала яна.

«200 дзён таму мы адмовіліся трываць чалавека, які лічыць, быццам ён наш гаспадар. І мы не памянялі гэтага рашэння. Ён прыйшоў 26 гадоў таму і з таго часу патроху адбіраў у нас наш дом – Беларусь. Замкнуў вокны і дзверы. Перапісаў гісторыю. Пераконваў, што мы ні на што не здольныя, што без яго мы прападзем. Непавага да людзей стала сэнсам яго ўлады», – кажа ў сваім звароце Ціханоўская.

Паводле Ціханоўскай, пачуццё беспакаранасці ператварыла Лукашэнку ў бандыта, «які цяпер спрабуе разбураць наш дом і нашыя жыцці».

«Час вярнуць сваё. І зрабіць гэта можа толькі народ. Толькі беларускі народ, сапраўдны гаспадар сваёй краіны, мае права вызначаць лёс Рэспублікі Беларусь», – падкрэсліла яна.

Святлана Ціханоўская нагадала, што набліжаецца Дзень Волі – у гэты дзень 103 гады таму «нашыя продкі абвесцілі аб незалежнасці Беларусі».

«Мы нагадаем сабе, што не згодныя далей скочвацца ў бездань крызісу. Нагадаем сваім дзецям, што зробім усё, каб яны былі ў бяспецы дома. Нагадаем нашым суграмадзянам у дзяржапараце і сілавых структурах, ва ўрадзе і мясцовых органах ўлады, што яны прысягалі народу», – адзначыла палітык.

Святлана Ціханоўская наўпрост не заклікала выходзіць 25 сакавіка на марш пратэсту. Але ж у апублікаванай раней Стратэгіі перамогі на сакавік была запланаваная «новая хваля вулічнай актыўнасці». На мінулым тыдні Ціханоўская ў інтэрв’ю нямецкаму штотыднёвіку «Bild am Sonntag» заявіла, што Аляксандр Лукашэнка будзе вымушаны сысці ўжо бліжэйшымі месяцамі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў