СК распавёў пра крымінальную справу супраць Ціханоўскай і яе давераных асобаў

Следчы камітэт паведамляе, што завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні чатырох давераных асобаў Святланы Ціханоўскай. Сама Ціханоўская абвешчаная ў вышук, падрыхтаваныя дакументы на яе экстрадыцыю.

Справу супраць давераных асобаў Ціханоўскай распачалі падчас расследавання справы ў дачыненні Сяргея Ціханоўскага, а потым вылучылі ў асобнае вядзенне.

Сачыў за даверанымі асобамі Ціханоўскай ГУБАЗіК. Следчы камітэт апублікаваў фрагменты відэа, зробленага схаванай камерай падчас сустрэчы Ціханоўскай з даверанымі асобамі 5 жніўня. Сачылі за атачэннем кандыдаткі на прэзідэнцтва нібыта таму, што спецслужбы мелі інфармацыю пра рыхтаванне масавых беспарадкаў і захопу будынкаў дзяржаўных органаў на тэрыторыі Гомля.

«З мэтай прапрацоўкі і падрабязнага планавання сваіх дзеянняў абвінавачаныя 5 жніўня арганізавалі сустрэчу, на якой прысутнічала ў тым ліку сама Ціханоўская. Абвінавачаныя з яе ўдзелам абмяркоўвалі план па арганізацыі масавых беспарадкаў у Гомлі, а таксама захопу будынкаў адміністрацыі і выканкамаў, прызначэнні замест кіраўнікоў і старшынь сваіх асобаў», – дадаюць у СК.

Апублікаванае спецслужбамі відэа – гэта нарэзка кароткіх фрагментаў (5–10 секундаў), паводле якіх цяжка зразумець кантэкст выказванняў. У адным з фрагментаў хтосьці з удзельнікаў сустрэчы кажа: «Наша задача ўсё ж будзе захоп выканкаму». Якасць відэа вельмі кепская і разгледзіць твары людзей немагчыма. СК сцвярджае, што адна з удзельніц сустрэчы – Святлана Ціханоўская.

Прэс-служба Святланы Ціханоўскай ужо пракаментавала абвінавачванні на адрас палітыка:

«За час перадвыбарчай праграмы і месяцы пратэсту пасля выбараў каманда Святланы Ціханоўскай мела зносіны і працягвае мець зносіны з вялікай колькасцю беларусаў. Частка з іх заўсёды была і працягвае заставацца арыентаванай на радыкальныя захады – але Святлана Ціханоўская ніколі не ўдзельнічала ў распрацоўцы такіх планаў. На апублікаваным відэа бачна, што яна выйшла з пакою, каб не працягваць абмеркаванне. І, як паказваюць больш за 200 дзён беларускага пратэсту, Святлана Ціханоўская і яе каманда падтрымлівала толькі мірныя метады».

Паводле СК, давераныя асобы Ціханоўскай, што ўдзельнічалі ў гэтай сустрэчы, былі затрыманыя яшчэ 6–8 жніўня. Па выніках расследавання ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 («Рыхтаванне да масавых беспарадкаў») і паводле ч. 1 арт. 13, ч. 1 арт. 292 («Рыхтаванне да захопу будынкаў і збудаванняў») Крымінальнага кодэксу Беларусі.

«Да ўсіх ужытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Ціханоўская ў цяперашні час абвешчаная ў вышук. Адпаведныя дакументы на яе экстрадыцыю перададзеныя ў Генеральную пракуратуру», – адзначаюць у СК.

Нагадаем, з лета 2020 года распачатыя больш за 2300 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі і прэзідэнцкімі выбарамі. 258 асобаў на дзень 2 сакавіка прызнаныя палітвязнямі.

ІІ belsat.eu

Hавiны