Пра «блатных», ежу, грошы, секс і свабоду. Міхаіл Жамчужны распавёў, як палітычнаму выжыць на зоне


«На зоне не трэба выжываць – там трэба жыць», – сцвярджае былы палітвязень Міхаіл Жамчужны. Выкладчык і кандыдат навук, ён правёў у зняволенні 6,5 гадоў, атрымаў там тры новыя прафесіі, напісаў дзве навуковыя кнігі і «адчуў сябе чалавекам», адправіўшы на пенсію і ў адстаўку шэраг палкоўнікаў.

Як выжыць у зняволенні, Міхаіл Жамчужны распавёў «Белсату» за сціплым столікам з кавай і шарлоткай.

Міхаіл Жамчужны.
Фота: Белсат

Пра чыф і зонаўскія «Напалеоны»

Вядома, там трэба жыць! Глядзіце, на зоне сталы нават смачнейшыя за наш бываюць. Такіх спецоў у гатаванні тартоў тут не знойдзеш. Тарты там гатуюць на выхад асуджаных з ШІЗА (штрафнога ізалятару) ці ПКТ (памяшканне камернага тыпу – «крытка» на зоне). Гэта называецца «сустрэча». Увесь атрад, а там сто чалавек, скідваецца, у каго што ёсць. Здымаюць дзверы з завесаў, на іх кладуцца каржы, потым усё шліфуецца згушчанкай, крышыцца печыва, шакалад, зноў згушчанка, а потым зноў каржы – і вось зонаўскі «Напалеон» гатовы. Памерам са стол, усім стае.

А торт з гарбатай ядуць. Дакладней – з чыфіром, чыфам. Пачак чаю на трохлітровы слоік запарваецца. Густы такі атрымліваецца, вязкі. Піць яго немагчыма. Спірт, я вам скажу, лягчэй заходзіць, чым такі напой. Ратуй Божа! Да мяне тут мясцовыя аўтарытэты заходзілі. Натуральна, яны без чыфу проста не ўмеюць. Запарылі як мае быць. А я яго і на зоне не ўжываў і не паважаў. Але традыцыя ёсць традыцыя – як яднанне нейкае, рытуал. Усё нутро пераварочваецца, калі п’ю…

Ці хапае там ежы і чаго не стае?

Праўду скажу і, думаю, мяне падтрымалі б астатнія сядзельцы, што ежы там хапае. Я як злосны парушальнік толькі адну базавую велічыню мог траціць у краме, жыў толькі на той ежы, якую давалі ў сталоўцы. А нармальныя людзі і дзве базавыя, ці нават чатыры атаварвалі, а калі на палепшаных умовах утрымання – дык аж восем базавых на месяц дазваляецца.

Гісторыі
«Трэба два разы на дзень выкрыкваць «Я экстрэміст». Берасцейка распавяла, як у СІЗА здзекуюцца з ейнага сына
2021.01.19 14:02

Харчуюцца зэкі тры разы на дзень. У сталоўцы штодзень бульба, на абед або на вячэру. Штодзень абавязкова нешта мясное. Паводле закону належыць 100 г мяса ці 90 г рыбы. У Горках збольшага ў катлетах давалі. А баршчы такія, што я на волі такіх не еў. Яны, па-першае, густыя былі – аж лыжка стаіць. Найвышэйшы пілатаж! Кухарамі зазвычай – чачэнцы, а яны ж умеюць гатаваць.

Любімая страва? У панядзелкі, калі рабіў абход начальнік калоніі, у абед давалі бульбу з тушанінай. Натуральная тушаніна, якая, напэўна, яшчэ з часоў вайны на складах ляжыць. Каб мяне кармілі на волі так, як на зоне, я б займаўся чыста навукай і гора не ведаў бы! (Смяецца)

Але ж вітамінаў не хапала. У мясе іх няма, у чыфе таксама. Зеляніны ніякай не даюць. Таму пакутаваў. Калі ў «тройцы» сядзеў, дык там ялінкі растуць, з іголак завар рабіў – піць немагчыма, але неабходна. Ну а гэтыя, як я іх называю, «амапаўцы ў белых халатах», вітамінаў ніякіх не выдавалі.

Міхаіл Жамчужны.
Фота: Белсат

Што найлепш перадаваць на зону?

Найперш – цыгарэты. Гэта валюта. Калі ў цябе ёсць цыгарэты, можаш дастаць што заўгодна. І я б раіў пераводзіць грошы на асабісты рахунак: на атаварцы можна набыць усё: і яблыкі, і мандарыны, і цыбулю, і капусту, і шакалад.

Зэк можа патраціць тую суму, якая яму дазволеная. Ну, чатыры базавыя велічыні, дапусцім, плюс кармёжка – дык аж занадта. Даюць паперку, ідзеш на атаварку – ніякіх грошай на рукі, зразумела. А там – спіс харчоў, якія можаш набыць у кіёску. Адзінае абмежаванне бывае – на цукар. У Горках – не больш за паўкілі можна было браць на месяц.

На якую зону лепш не трапляць?

Я пабываў у пяці калоніях: у «тройцы» («Віцьба»), у «дзясятцы» ў Наваполацку, у 14-й (Навасады), 11-й (Ваўкавыск) і 9-й у Горках.

Куды лепш не трапляць? Вядома, у Горкі. Але туды трапляюць толькі «другаходы», злосныя рэцыдывісты, такія, як я. (Смяецца.) Але той, хто пойдзе па першай, туды не трапіць. Ёсць адмысловыя калоніі для першаходаў, гэта «тройка», і раней была «дзясятка». Пра іншыя не скажу, бо там не сядзеў.

Усё прапісана, гэта закон: калі ты ўпершыню трапляеш у месцы пазбаўлення волі, не мусіш перасякацца ні ў турме, ні на зонах з тымі, хто сядзіць там другі ці трэці раз. Гэта добра. Таму што рэцыдывісты – людзі, якія прайшлі праз усё, і, калі туды трапляе неабазнаны чалавек, гэта, ведаеце, як акулярніку-выдатніку ўлезці ў бойку з дваровай шпаной. З табой што заўгодна могуць зрабіць.

Міхаіл Жамчужны.
Фота: Белсат

Адмысловых калоніяў для палітычных няма. Хоць я, напрыклад, падаваў такую ідэю адміністрацыі калоніі і ў ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў) пісаў. Прасіў, каб вызначылі адмысловыя месцы для тых, хто не падтрымлівае «зладзейскіх» традыцыяў, каб былі асобныя секцыі і асобныя атрады. Дык з ДВП адказалі, што стварэнне такіх секцыяў не прадугледжанае нашым Крымінальна-працэсуальным кодэксам.

Скажу так: цяпер будзе шмат палітычных, і трэба, каб яны кансалідаваліся, каб маглі арганізавана процістаяць правакацыям як з боку крыміналу, так і з боку адміністрацыяў.

Пра заезд на зону

Прыёмка на зоне добра адпрацаваная, калі ўпершыню заязджаеш. «Сматрашчыя» за калоніяй вельмі культурна ўсё афармляюць. І менавіта яны вызначаюць лёс асуджаных. Глядзяць, хто ты: са сметніку, з цеплатрасы або з універсітэту дацэнт. Глядзяць, як ты фізічна падрыхтаваны, ці маеш дэфекты.

Але першае пытанне – у чым маеш патрэбу. Абавязкова выдаюць цыгарэты і тут жа наліваюць чыф – адбываецца, як кажуць, уліванне ў сямʼю крыміналу. І тут ёсць тонкасць. Калі ты выпіў гэтага чыфіру, узяў цыгарэты, то маеш абавязак увесь астатні час адбывання пакарання надаваць увагу «абшчаку». Калі ў цябе нешта ёсць: цыгарэты, цукеркі – на той жа стол кладзеш.

Гісторыі
«Вошы? Вас у камеры шмат, самі душыце іх». Ян Салановіч – пра 86 дзён на Акрэсціна
2021.02.23 07:15

Кожны чалавек, які трапіць у калоніі ў складаныя ўмовы, не будзе пакінуты сам-насам з праблемамі. То бок там своеасаблівая салідарнасць таксама ёсць. Нібыта злодзеі і бандыты вакол, але ж таксама людзі.

Як сябе паводзіць і хто такія «пакрыўджаныя»?

Трэба правільна сябе паводзіць на прыёмцы. Не заносіцца. Ніякага залішняга гонару, ніякага расхвальвання сваіх вартасцяў. Няхай ты хоць чатырохразовы чэмпіён па боксе, цябе забʼюць, калі ты так паставіш сябе. Няхай ты з двума віхрамі на галаве, зробяць дурнем, і так хутка, што не паспееш азірнуцца, як станеш апошнім чалавекам.

Рысы твайго характару – на паверхні, іх складана замаскаваць. Які ты чалавек ёсць, такім і будзеш сядзець, так да цябе і будуць ставіцца. «Сматрашчыя» – выдатныя псіхолагі.

Але калі туды трапляе чалавек, які мае нейкія полавыя вычварэнствы, калі ён пакрыўдзіў дзяўчыну, згвалціў няпоўнагадовую, калі нізасць якую ўчыніў пажылому, за якую пасадзілі, то ў агульную сямʼю такія не прымаюцца. Жывуць асобна і лічацца «пакрыўджанымі» («обиженными»), асуджанымі нізкага статусу. Яны не маюць права харчавацца і жыць разам з астатнімі. Там, дзе зоны разбітыя на секцыі, у асуджаных нізкага статусу свая секцыя. Яны выконваюць брудную працу: абслугоўваюць лазні, санвузлы, ускопваюць забаронную лінію («запретка») вакол зоны.

Міхаіл Жамчужны.
Фота: Белсат

Каго «апускаюць», і як з гэтым жыць?

Ёсць такі панятак, «апусціць». Калі чалавек учыніў злачынства ў самой калоніі, напрыклад, нешта скраў («скрысятничал»), ці быў злоўлены на нейкіх забароненых полавых кантактах, ці сам расказаў, што карыстаўся нейкімі бруднымі метадамі, – такая інфармацыя расцэньваецца негатыўна, і асуджанага адразу ж ізалююць. То бок з такім асуджаным ніхто не сядзе за стол, ніхто не будзе з ім піць чай і, натуральна, яму дарога, як кажуць, у «гарэм» – да асуджаных нізкага статусу.

Аднак ніякага гвалту крымінал над ім не чыніць. Калі чалавек сам прызнае, што ўчыніў злачынства, калі згадзіўся з тым, што яму абвешчаны нізкі статус, то добраахвотна займае гэтае палажэнне, і ніякіх прэтэнзіяў да яго няма. Няма такога, каб кагосьці гвалцілі ды змушалі да бруднага сексу. Калі ты не хочаш па паняццях займацца бруднай працай – калі ласка, заплаці там тры-пяць пачкаў цыгарэтаў, і гэтую працу будзе рабіць той, у каго няма прыбыткаў.

Немагчыма пазбавіцца статусу, калі ён табе абвешчаны і ты яго прыняў. Калі ты сапраўды яму адпавядаеш – назад дарогі няма. Але калі ты годны чалавек і зарэкамендаваў сябе чыстым, але цябе падстаўлялі, правакавалі і ты прызнаў яго, на волі гэты статус не дзейнічае. І ніхто з зэкаў табе яго не выставіць – забаронена паняццямі.

Пра асабісты досвед і годнасць палітвязня

Я сам з гэтым сутыкнуўся. Кіраўнік калоніі № 9 палкоўнік Лапатка заявіў, што атрымаў званок ад следчых органаў КДБ, быццам я асабліва небяспечны для Беларусі і кіраўніцтва краіны, ды каб мне забяспечылі самыя жорсткія ўмовы. Заявіў гэта пры першай жа сустрэчы, і гэта выглядала як загад падапечным, у прысутнасці якіх ён гэта казаў. Яны мусілі прэсаваць мяне, каб зламіць. Як прэсаваць? Ну так, паспрабаваць накіраваць мяне ў «нізкі статус». То бок справакаваць такую сітуацыю, каб я туды трапіў. Спосабаў шмат. Могуць абліць чаем, які пʼюць асуджаныя нізкага статусу, ці, напрыклад, ты ўзяў цыгарэту ў асуджанага нізкага статусу – і адразу ж робішся зэкам нізкага статусу. Без варыянтаў. Усё жорстка.

Але ў маім выпадку было гэтак. Калі я прыехаў з калоніі ў Ваўкавыску, у Горках паведамілі, што праз этап прайшла малява (цыдулка) з папярэдняй калоніі, быццам я браў шакалад за юрыдычную дапамогу асуджаным у той калоніі. Гэта была хлусня. Я добра ведаў, што гэта злачынства, калі ты з чалавека, які сам мае патрэбу, нешта бярэш на зоне. Гэта лічыцца нізкім учынкам. Цыдулку перадалі «сматрашчаму» па калоніі Сашу Лісу. Ён выклікаў мяне ў свой «кабінет», так бы мовіць, прачытаў яе і абвясціў мне нізкі статус.

Гісторыі
«Для нас больш няма чорнага і белага – толькі чорнае». Бацька дырэктара Прэс-клубу возіць яму перадачы за 150 км
2021.02.10 07:36

Я, у сваю чаргу, сказаў, па-першае, што ніколі ў жыцці нічога не браў, а па-другое, што адтуль не магла такая інфармацыя прыйсці, таму што хлусіць зэкам нельга. Я заявіў яму, што не прымаю нізкі статус і буду яго аспрэчваць на самым высокім узроўні, аж да «сматрашчага» за Беларуссю. Так і зрабіў. Пры дапамозе сяброў быў зроблены запыт на колішнюю калонію, і адтуль прыйшла цыдулка, у якой не пацвердзілі таго, што мне закідалі, бо такога не было і не магло быць. Прыйшлі дзве цыдулкі, каб гэты статус адмяніць. Але адступіцца для «сматрашчага» было б згубіць аўтарытэт, і Ліс не згадзіўся афіцыйна абвесціць пра гэта, а цыдулкі знішчыў. За гэта пазней быў пераведзены ў калонію ў Ваўкавыску, і там «блатныя» яго за хлусню збілі і абвясцілі «нечысцю». Ён вельмі пацярпеў за гэтае супрацоўніцтва з адміністрацыяй.

Па маім вызваленні мясцовыя прадстаўнікі крыміналу наведалі мяне, паціснулі руку і асудзілі Ліса за супрацоўніцтва. Тое, што я самастойна не прызнаў гэтага статусу і не пайшоў у атрад да асуджаных нізкага статусу – гэта робіць мне гонар, бо я адстаяў сваю годнасць.

І я перамог гэтых, як іх называюць, «ссучаных» (тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй).

Перамог і адміністрацыю, якая не змагла дыскрэдытаваць палітвязня, не змагла запалохаць і стварыць умоваў, каб прынізіць увесь наш рух. Хоць было цяжка, але я пранёс годнасць палітвязня абсалютна чыста, ганаруся ёй нават больш, чым званнем дацэнта і кандыдата навук.

А Лапатку, дарэчы, адправілі на пенсію. Палкоўнікі на пенсію проста так не сыходзяць. Лічу, гэта была мая перамога.

Міхаіл Жамчужны.
Фота: Белсат

Чаго чакаць ад адміністрацыі?

Калі «заязджае» ў калонію чалавек, асуджаны, скажам, за гвалт над міліцыянтам паводле арт. 364 КК, то ён будзе ўспрымацца ў калоніі, безумоўна, як герой. Таму што вайна з мянтамі – пастаянны працэс, што ў крыміналу, што ў палітвязняў. Такім асуджаным будуць надаваць знакі ўвагі і павагі.

Калі за арганізацыю масавых беспарадкаў? Што б там насамрэч ні было, зэкі іх таксама будуць лічыць героямі.

Але ёсць зэкі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, а тая, зразумела, атрымлівае загады, каб такім асуджаным зладзіць паказальна жорсткія ўмовы адбывання. Так што, магчыма, крымінал, які супрацоўнічае з адміністрацыяй за нейкія падачкі ў выглядзе цукерак ды цыгарэтаў, будзе правакаваць і спрабаваць нейкім чынам прынізіць, настройваць астатніх супраць. І будуць, магчыма, правакацыі, каб такім асуджаным выставіць нізкі статус. Таму трэба быць вельмі пільнымі…

Але, яшчэ раз паўтараю, усе гэтыя паскудствы могуць адбывацца толькі з ініцыятывы адміністрацыі калоніі.

Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

Ці ёсць на зоне згвалтаванні?

Ну, брудны секс здараецца ўсюды, дзе заўгодна, не толькі ў «гарэме». У месцах, дзе вялікае згуртаванне мужчынаў, гэта здараецца. Фізіялагічныя патрэбы, так бы мовіць. І геі ж тыя самыя туды таксама трапляюць.

Я далёкі ад гэтага, але за пачак цыгарэтаў прапаноўваюць, за чай, і некаторыя згаджаюцца. І ёсць спецыяльна абсталяваныя памяшканні для гэтага. Але робіцца толькі са згоды. Нікога ніхто да гэтага не змушае. Гвалтам – нікога і ніколі, бо гэта крымінальнае злачынства, і калі гэта раскрываецца, людзі атрымліваюць яшчэ адзін тэрмін.

Якая там медыцына?

Амапаўцы ў белых халатах. Я іх нездарма так назваў. Мяне там, пажылога чалавека, пазбавілі лекаў, якія былі неабходныя. Гэта аспірын для разрэджвання крыві, вітаміны, кальцый. А потым доктар паставіў мне дыягназ, што ў мяне павышаны ціск. Але я перад пасадкай праходзіў медкамісію, і я ведаў, што маё здароўе ў поўным парадку – хоць у космас адпраўляй.

Дык вось, я быў прыхільнікам таго, што дактарам трэба верыць, бо яны выконваюць сваю гуманную функцыю. Але мне далі гэтыя пігулкі ад павышанага ціску. Я два-тры дні папіў – і пачаліся глюкі: чэрці на сценах ды чырвоныя павукі на падлозе. Прысядаю – і падняцца не магу, уваччу цямнее, не магу па камеры двух крокаў зрабіць з матрацам – прытомнасць губляю. Зразумеў тады, што лепш хай інсульт будзе, чым такое. Мазгі – гэта ж мой рабочы орган, інструмент, і я яго берагу, таму я катэгарычна адмовіўся ад тых пігулак. Знішчаў, выкідваў, узгадніўшы са сваім абаронцам. Паведаміў, што такое адбываецца, каб астатніх нейкім чынам засцерагчы.

У медыкаў ёсць такі панятак, як «сімптаматычнае лячэнне». Калі не зуб, не галаву, не страўнік лечаць, а даюць болеспатольнае. І не адказваюць за наступствы. Гэта не лячэнне. Хоць пастаўкі лекаў на зону насамрэч сурʼёзныя, шмат гуманітарнай дапамогі. Аднак медыкаменты ідуць міма зняволеных.

Бо спісаць зэка куды лягчэй, чым спісаць службовага сабаку. Жыццё асуджанага для адміністрацыі нічога не вартае. Між іншым, лекары на зоне заробак атрымліваюць міліцэйскі, а адказнасці ніякай, дык дазваляюць сабе ўсё што заўгодна.

Напрыклад, мне расказвалі зэкі, якія пакутуюць на цукровы дыябет, што іх калолі адной голкай цягам месяца і ўсіх адразу, аж ігла затупілася. Ну ўявіце сабе, як можна звяртацца да медыкаў, якія гэткім займаюцца. Я пісаў і апратэстоўваў гэтыя рэчы.

Гісторыі
Бацька палітычнага вязня Дзмітрыя Фурманава: «Мы ганарымся, што ў нас такі сын»
2021.02.21 13:07

Сам быў сведкам, як мой сусед загнаў сабе стрыжань металічны ў сэрца. Памыўся, пераапрануўся, напісаў завяшчанне і, калі мы прыйшлі са сталоўкі, ён ужо быў мёртвы. Узяў кусок электрода, затачыў на цагліне і забіў яго проста ў сэрца. Сам. Сабе. Уяўляеце, на што чалавек можа пайсці, калі ён хварэе, не бачыць выхаду з сітуацыі, калі з яго здзекуецца адміністрацыя?

І гэта яшчэ не самае страшнае. Самае страшнае тое, што гэты атрад заняў першае месца ў спаборніцтвах паміж атрадамі, ну кшталту сацспаборніцтва. І тое, што загінуў асуджаны, гэта для іх дробязь, прыйшлі пракуроры, паглядзелі, забралі тое завяшчанне – быццам нічога і не здарылася. Ні допытаў сведкаў, ні крымінальнай справы – нічога…

Ці ёсць сэнс пісаць скаргі?

Я шмат пісаў скаргаў на адміністрацыю ў Горках, за месяц мо пяцьдзясят выходзіла. Ці дзейнічае гэта? Вядома, так. Ці трэба іх пісаць? Гэта кожны чалавек хай вырашае. Прывяду прыклад.

Я напісаў скаргу на тое, што ў калоніі № 14 дзяжурны памочнік начальніка калоніі штодня выносіць торбу з тушанінай. Заява трапіла ў аддзел уласнай бяспекі МУС, яны паставілі камеру на выхадзе з калоніі, запісалі, як той выходзіць з торбай. Больш такіх выпадкаў не было.

Нас пасля гэтага сталі не кашай з тушанінай карміць, а тушанінай з кашай! Мае спартоўцы былі ў экстазе. А я першы раз у жыцці бачыў, што столькі тушаніны можна пакласці ў талерку. І калі мясныя дозы сталі нармальныя, мяне проста насілі на руках, гэта была перамога.

Але, зразумела, пасля гэтага я стаў ворагам для адміністрацыі…

Міхаіл Жамчужны.
Фота: Белсат

Аб працы

Сам я працаваў на «промцы» швачкай-матарысткай. (Смяецца.) Потым яшчэ памочнікам па дрэваапрацоўцы, ПТВ на зоне скончыў, яшчэ аўтаслесара 4-га разраду атрымаў. Так, там можна атрымаць спецыяльнасці.

У калоніі № 10, дзе быў першаходам, мы выраблялі тэнты для нашых МАЗаў, для фураў, дык адзін тэнт каштаваў 10 тысяч долараў. Адзін тэнт вырабляецца за дзень. Асуджаныя, якія сядзелі на гэтых тэнтах, атрымлівалі каля 100 долараў за месяц. Для асуджанага – вялізныя грошы.

А зняволеныя, якія выходзілі з 14-й калоніі і якія працавалі на МТЗ, адʼязджалі ад калоніі на ўласных «Жыгулях». Праўда! Але гэта было да 2006 года.

Але тут скажу: я на швейцы на дзяржаву працаваць адмовіўся. Катэгарычна. Для мяне гэта было пратэстам. Хадзіў на швейку і шыў толькі для сябе. Далі машынку, ніткі, матэрыялы. Я цалкам сябе абшываў. Куртку ўцепленую пашыў і г. д. Так рабілі многія. І выходзілі ў трох-чатырох зімовых куртках, надзетых на сябе.

Hавiны
«Дзеці – смелыя і сумленныя – плацяць за нашую абыякавасць». Размова з маці 18-гадовага палітвязня
2021.02.17 15:25

А тыя, хто працаваў на швейцы на дзяржаву, атрымлівалі мізер. Шылі міліцэйскую форму, пераважна для расяянаў, на экспарт. Калонія прыбытак добры мела, а асуджаныя, якія паказвалі цуды прадукцыйнасці, атрымлівалі капейкі, эквівалентныя недзе пачку цыгарэтаў за месяц. Вось так.

Грошы ідуць на асабісты рахунак асуджанага. Калі вызваляешся, табе выдаюць гатоўкай тое, што зарабіў. Вось чалавек выходзіць з валізай грошай, купляе машыну і едзе дамоў. (Смяецца.) Не, я выйшаў без валізы. Я пенсіянер, у Горках не працаваў. Пенсію, дарэчы, выплачваюць толькі 20 % на рахунак, астатняе ідзе на патрэбы калоніі.

Так, ты можаш не працаваць, цябе палкай ніхто не прымусіць. Але ўсім зняволеным даецца пэўная норма, і ты мусіш яе выканаць. Калі не хочаш працаваць – плаціш пачак цыгарэтаў на месяц, і за цябе працуе той, хто любіць паліць. Але норма выконваецца.

Ці ёсць правы працоўных на зоне?

Адстойваць свае правы як працоўнага можна, але ці адстаіш – пытанне вялікае. Адразу станеш ворагам адміністрацыі, таму што яны існуюць і багацеюць за кошт выкарыстання рабскай працы асуджанага.

Гэтак, на заклік Ціханоўскай у калоніі № 3 быў нават арганізаваны забастовачны камітэт. Афіцыяльна паведамілі адміністрацыі. Але, наколькі ведаю, увесь гэты камітэт адразу трапіў у ШІЗА. Італьянская забастоўка? Ведаеце, калі норму дзённую не выканаеш, заедзеш у той жа штрафны ізалятар.

Быў выпадак у калоніі № 10, калі на загад «сматрашчага», які быў у ШІЗА, уся калонія ў адзін дзень адмовілася ад ежы. Цягам гадзіны ўсе патрабаванні асуджаных былі задаволеныя. Галадоўку спынілі. Але пасля гэтага сматрашчы, на жаль, у ШІЗА памёр…

Гэта прыклад, калі лідары крыміналу бяруць на сябе такую адказнасць, рызыкуючы нават жыццём, і бароняць інтарэсы асуджаных. Я не лідар крыміналу, але таксама браў на сябе такую адказнасць. Правакацыі суіцыду і расправы фізічнай былі пастаянна.

Міхаіл Жамчужны.
Фота: Белсат

Ці ёсць на зоне салідарнасць і сябры?

Баюся ўвесці ў аблуду асуджаных, якія цяпер трапяць у калоніі, але адразу скажу: сябраваць з крыміналам, бандытамі – вельмі шкодна для палітычных, для інтэлігенцыі.

Аднак жа ў мяне былі добрыя сябры і сярод крымінальнікаў. У калоніі № 14 мяне проста ахоўвалі ад правакацыяў. Калі мяне садзілі ў ШІЗА ці ПКТ, знаходзілі спосабы, каб туды загнаць і торт, і цукеркі, нейкую падтрымку аказаць, газеты перадаць.

Былі нават асуджаныя, якія давалі ў дачыненні мяне як сведкі паказанні ў судах. Бралі на сябе адказнасць, нягледзячы на тое, што падпадалі потым пад рэпрэсіі. Ці гэта не паказальнік сурʼёзнага мужчынскага сяброўства? І салідарнасць там, калі яна ёсць, нашмат мацнейшая, чым на волі. Таму што, апроч салідарнасці, на ўсё накладаюцца «зладзейскія» паняцці.

Што там рабіць, каб не зварʼяцець?

Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Нейкай універсальнай парады няма.Трэба працягваць рабіць тое, чым займаўся на волі.

Я быў схільны займацца спортам, знайшоў кампанію. Нехта рэлігійна настроены практыкавацца. Там таксама вельмі чыстыя і светлыя стасункі паміж вернікамі, ніхто цябе там не пакрыўдзіць і заўжды падтрымаюць – свой чай, свая кааліцыя.

Гісторыі
«Марым вярнуцца дамоў». Муж палітзняволенай Ірыны Шчаснай – пра ўцёкі з сынам з Беларусі і жыццё ў Кіеве
2021.02.25 07:10

Я бегаў кросы басанож па траве, а потым – турнік, качалка. Прэс качаў, жалеза не цягаў, праўда, бо на волі займаўся лёгкай атлетыкай. І ёгай. Паказаў бы вам «позу паўліна» цяпер, але тут няма ўмоваў. А зэкі былі ў захапленні, ні ў кога не атрымлівалася яе паўтарыць, хоць былі фізічна больш моцныя, чым я.

І ведаеце, на волі не маеш столькі часу, каб займацца сваёй фізічнай формай: праца, дзеці, сямʼя.

Каб захаваць мазгі – або спортам займайся, або чытай кніжкі. Ёсць да таго ж розныя курсы замежных моваў. Ніякіх праблемаў! Вось я, хоць кандыдат навук, скончыў там тры ПТВ. Мяне гэта не прыгнятала.

Але зноў хачу папярэдзіць: лепш арганізоўвацца сярод сваіх, палітычных. Іншая справа, што адміністрацыя кіне ўсе сілы, каб не даць абʼяднацца і згуртавацца, бо калі людзі абʼяднаныя, яны больш моцныя.

Як мяняе турма?

Як змяніла мяне турма? Вы ведаеце, я на зоне адчуў сябе чалавекам. Я адчуў у сабе сілы, зразумеў, што магу змагацца з уладай, з рэжымам, з адміністрацыяй – і перамагаць! У мяне шмат перамогаў, не хачу нават пералічваць, колькі палкоўнікаў і падпалкоўнікаў зняў з пасады.

Як адрэагаваў на жнівеньскія падзеі?

Па-першае, я быў вельмі здзіўлены, калі мне паказалі здымкі гэтых здзекаў і катаванняў на Акрэсціна. Жахлівыя кадры. Я ўявіць сабе не мог, каб на зоне ці ў турме такое магло адбывацца з асуджанымі. Ніколі такога ў жыцці не бачыў! Хоць сам прайшоў і праз «маскі-шоу» і праз усё, здавалася б… Але ж палкай мяне ні разу ў жыцці ніхто не ўдарыў. І тое, што пабачыў у тэлевізары, – гэта сапраўды жахліва.

Гісторыі
«Я гатовая да гадоў»: 23-гадовая Соф’я чакае вяртання свайго хлопца-палітвязня
2020.12.21 08:11

Зэкі, вядома ж, пра ўсё ведалі, чыталі прынамсі «Новы час». Нават у ШІЗА нельга такога рабіць. Я назіраў сам у ШІЗА: калі зэка выцягнуць на прадол і ён крыкне, што яго там крыўдзяць мянты, увесь ШІЗА пачынае біць у дзверы нагамі, і там стаіць такі грукат, што міліцыя адтуль збягае. Аж да таго, што зэка падводзяць да «сматрашчага» і паказваюць праз вочка: глядзі, вось ён, жывы, і яго ніхто не забіў.

Ці змяніліся беларусы?

Калі вызваліўся па першым тэрміне ў 2012 годзе, выйшаў у тым жа адзенні, у якім адбываў пакаранне. За 5 гадоў мяне пазбавілі ўсёй маёй маёмасці. Уладкаваўся на працу, былі розныя схемы, каб штосьці зарабіць і пражыць…

Цяпер жа цягам чатырох дзён вы бачыце, што адбылося. Тут былі голыя сцены. Прыйшоў, і надзець няма чаго – у турэмных чаравіках і форме з біркай. І паглядзіце на мяне цяпер! Мне падарылі дублёнку, кампʼютар, тэлефон новы. Прыходзяць людзі штодзень, я проста не чакаў такога ад людзей. Вельмі ўдзячны!

А вы запытваеце, ці змяніліся беларусы… (Смяецца.)

5 правілаў ад Міхаіла Жамчужнага, каб захаваць сябе ў калоніі

  • Нікога і нічога не баяцца.
  • Глядзець проста ў вочы, не апускаць сваіх долу.
  • Не сябраваць з крыміналам.
  • Берагчы сваё здароўе, займацца спортам.
  • Захоўваць псіхіку, каб не знішчылі знутры. Не губляць пачуцця гумару.

ЗК, фота ВЛ belsat.eu

Стужка навінаў