Лукашэнка распавёў падрабязнасці перамоваў з Пуціным. Галоўнае

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў пытанні беларуска-расейскай супрацы ў вайсковай сферы распавёў, што падчас нядаўніх перамоваў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным былі «падвергнуты рэвізіі і абмеркаванню» літаральна ўсе пытанні двухбаковых стасункаў. Пра гэта піша БелТА.

Паводле Лукашэнкі, на сустрэчы з расейскім прэзідэнтам абмяркоўвалася ўзаемадзеянне ў фармаце Саюзнай дзяржавы, вайсковая і вайскова-тэхнічная супраца, рэалізацыя супольных праектаў у эканоміцы, супрацьстаянне розным выклікам, у тым ліку вонкавым. А вось пытанні расейскага крэдыту і трансферу ўлады ў Беларусі не абмяркоўваліся і нават не былі ў парадку дня, сцвярджае Лукашэнкі. Нібыта крэдыты кіраўніцтву Беларусі не патрэбныя, а трансфер улады можа адбывацца толькі паводле Канстытуцыі.

«Мы будзем каардынаваць нашу абаронную палітыку на злобу дня, вонкавую палітыку. І мы поўныя рашучасці (гэта было наша агульнае меркаванне) стварыць такое абʼяднанне Беларусі і Расеі ў Саюзнай дзяржаве, што камар носу не падточыць. Ніхто нас не папракне, што хтосьці паквапіўся на чыюсьці незалежнасць, суверэнітэт. Усё будзе прыгожа і годна», – заявіў Лукашэнка.

Ён распавёў, што тэме вайсковай супрацы бакі надавалі вялікую ўвагу. Паводле Лукашэнкі, беларускім вайскоўцам было б нядрэнна пераймаць перадавыя методыкі вядзення баявых дзеянняў, асвойваць найноўшае ўзбраенне разам з расейскімі вайскоўцамі. «Вось гэты кірунак прэзідэнтам Расеі быў з натхненнем падтрыманы», – падкрэсліў ён.

Што датычыць беларуска-расейскай інтэграцыі, то цяпер, са словаў Лукашэнкі, няма неабходнасці ў тым, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі ці наадварот.

«Існуючы як суверэнная незалежная дзяржава, мы можам выбудаваць такую сістэму стасункаў, што гэтая сістэма будзе больш магутнай, чым у самой Расейскай Федэрацыі ўзаемаадносіны асобных тэрыторыяў», – упэўнены ён.

Паводле словаў Лукашэнкі, у Сочы сур’ёзна прааналізавалі пытанні эканамічнай кааперацыі, у тым ліку прадпрыемстваў («Інтэграл», авіяцыйны і бронетэхнічныя напрамкі).

«Гэтыя нашыя заводы там запатрабаваныя. Давайце, кажу, кааперавацца. Прэзідэнт Расеі сказаў, што гэта ім вельмі цікава. Таму ў гэтым кірунку і ўраду, і дзяржсакратарыяту, Мінабароны трэба больш актыўна сябе паводзіць», – сказаў ён.

Лукашэнка таксама распавёў, што падчас сустрэчы яны з Пуціным абмяняліся сакрэтнымі дакументамі спецслужбаў. Паводле яго, «дэструктыўныя сілы» цяпер будуць спрабаваць распальваць пратэставую актыўнасць з дапамогай розных фэйкаў і ўкідаў.

«Вось гэта ў іх цяпер самае галоўнае: укінуць ў медыйную прастору больш поскудзі для таго, каб у гэтае вогнішча падкідваць дроўцы хоць бы да красавіка. Ім трэба завесці народ у Беларусі, разварушыць, каб, як яны кажуць, цытую, «не спала хваля актыўнасці». Яны будуць укідваць любыя фэйкі. Мы да гэтага гатовыя», – заявіў ён.

Міхэіл Саакашвілі: Пуцін прабуе пазбавіцца ад Лукашэнкі. «ПраCвет» з Алінаю Коўшык

ІІ belsat.eu

Hавiны