«Адзіным справядлівым выракам было б апраўданне». Рэакцыі на прысуд у справе «нуль праміле»


У Менску вынеслі прысуд журналістцы Кацярыне Барысевіч і лекару Арцёму Сарокіну. Суддзя пакарала Кацярыну Барысевіч 6 месяцамі калоніі і штрафам 100 базавых велічыняў (2 900 рублёў), Арцёма Сарокіна – 2 гадамі пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і штраф 50 базавых велічыняў (1 450 рублёў).

Арцёма Сарокіна вызвалілі з залы суда, з медыямі медык пакуль размаўляць не захацеў. Суддзя пакарала лекара 2 гадамі пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і штраф у памеры 1 450 рублёў.

Суд над журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. Арцём Сарокін выйшаў з залы суда. Дом правасуддзя, Менск. 2 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Паводле адвакатаў Кацярыны Барысевіч, з улікам таго часу, які іхная падабаронная правяла ў ізалятары, на волю яна выйдзе крыху больш чым праз два месяцы. Суддзя пакарала журналістку 6 месяцамі калоніі і штрафам 100 базавых велічыняў (2900 рублёў).

«Я лічу, што адзіным справядлівым выракам у дадзеным выпадку было б апраўданне. Апраўдальны прысуд – гэта адзінае, што сёння павінна было прагучаць у судзе. Таму што ні Каця, ні Арцём Сарокін не здзяйснялі ніякіх злачынстваў», – сказала Марына Золатава, галоўная рэдактарка парталу TUT.by.

Арцём Сарокін на волі.
Фота: Белсат
Арцём Сарокін на волі.
Фота: Белсат

Адвакаты Андрэй Мачалаў і Міхаіл Баднарчук таксама пракаментавалі прысуд Кацярыне Барысевіч.

«Я думаю, што яна ўзрадавалася, што менавіта такі прысуд, з улікам таго, што дзяржаабвінаваўца патрабаваў большы тэрмін. Ёй застаецца крыху больш як два месяцы зняволення. Мы будзем падаваць апеляцыю на прысуд. Лічым, што складу злачынства няма», – распавялі адвакаты.

Абаронцы Кацярыны Барысевіч.
Фота: Белсат

«Ніякай сувязі з правасуддзем у гэтым выраку няма. Зразумела, што Кацярына Барысевіч выконвала свой прафесійны абавязак і выконвала яго прафесійна – правярала факты і нічога не парушала. Але ўлада працягвае ціск на медыі, на ўсіх, хто нешта робіць у краіне. Таму такі прысуд», – пракаментаваў вырак Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ.

«Прысуд Арцёму Сарокіну і Кацярыне Барысевіч – доказ не іх віны, а таго, што для рэжыму праўда стала крымінальным злачынствам. І за гэтую праўду Кацярыну адправілі ў калонію на паўгода, а Арцёма – на два гады з адтэрмінаваннем на год. І дадалі велізарныя штрафы.

Спыніць гэты страшны палітычны і праўны крызіс можа толькі сыход Лукашэнкі і новыя сумленныя выбары. І мы дакладна ведаем, што пасля ягонага сыходу ўсе асуджаныя з палітычных матываў будуць рэабілітаваныя, таму што яны – нашыя Героі пераменаў», – пракаментавала прысуд Святлана Ціханоўская.

Hавiны
Агучаны вырак у справе журналісткі Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна
2021.03.02 16:05

СК belsat.eu

Стужка навінаў