«Будзем змагацца далей – за свабоду, за любоў». Міліцыя, суд і школа супраць шматдзетнай сям’і за БЧБ-жалюзі


Шматдзетны бацька Сяргей Мельянец спрабаваў абскардзіць рашэнне суда Менскага раёну, які пакараў сям’ю штрафам 870 рублёў. Падставаю сталіся бел-чырвона-белыя жалюзі на вокнах прыватнага дому Мельянцоў. Гаспадара звінавацілі ў правядзенні пікету ва ўласнай спачывальні. На шматдзетную сям’ю спрабавалі ціснуць і праз няпоўнагадовых дзяцей.

Паспрабавалі знізіць «градус агрэсіі»

– Як выглядаюць нашыя жалюзі, я вам зараз пакажу. Мы іх павесілі ў жніўні, і яны працягваюць у нас вісець, – Сяргей Мельянец вядзе на другі паверх дому, у пакой дваіх сваіх малодшых дачок, Дамінікі і Евангеліны.

Сям’я Мельянцоў.
Фота: Радыё «Свабода»

Тут два акны выходзяць на вуліцу і знутры маюць бел-чырвона-белых колер, але звонку на чырвоным колеры з’явіліся малюнкі.

– Мы паспрабавалі знізіць «градус агрэсіі», падумалі з дзецьмі і звонку зрабілі ўстаўкі, – кажа спадар Сяргей.

Гэтак на вокнах з’явіліся хрысціянскія сімвалы: рыба, крыж, альфа і амега, а таксама сонца праўды.

– Малявалі шасцёра з сямі дзяцей – толькі адзін быў моцна заняты ўрокамі, – з гонарам кажа тата сямейства – у сям’і Мельянцоў сямёра дзяцей узростам ад двух да сямнаццаці гадоў.

Калі б не медыкі, памёр бы

Сяргей Мельянец закончыў Менскую багаслоўскую семінарыю. «Прапаведнік, лектар, менеджар і спявак хору», – так кажа пра сябе спадар Сяргей. «Валанцёр і выхавальнік моладзі», – кажуць пра яго паплечнікі. Але галоўны занятак – служэнне ў царкве «Святло ісціны», якому прысвяціў 20 гадоў жыцця.

Hавiны
Дырэктар Інстытуту гісторыі НАН: Бел-чырвона-белы сцяг не вінаваты ў тым, хто яго выкарыстоўваў
2021.02.06 09:20

Гісторыя бел-чырвона-белых жалюзі ў сям’і Мельянцоў распачалася яшчэ 10 жніўня: спадара Сяргея разам з двума братамі схапілі ў цэнтры гораду, калі яны збіраліся на малітву. Усіх моцна збілі, катавалі электрашокерам. У Сяргея Мельянца хворае сэрца, і ад катаванняў ён ледзь не памёр.

– Брыгада медыкаў, якая мяне агледзела, неяк пераканала амапаўцаў, што калі мяне не дазволяць забраць, то я там памру. Толькі гэтак мяне вызвалілі, – узгадвае спадар Сяргей. – Калі б не забралі медыкі, я б памёр.

Пікет у спачывальні

У тыя жнівеньскія дні сям’я размясціла ў доме бел-чырвона-белыя жалюзі.

– Чырвоны колер – гэта сімвал крыві Ісуса Хрыста, а белы – дараванне, якое мы атрымоўваем у Бога, – тлумачыць выбар Сяргей Мельянец. – Да таго ж я хацеў бы быць салідарны з людзьмі, якія зараз цярпяць у Беларусі, я ведаю гэта на сабе непасрэдна, ведаю, як гэта выглядае. І я хачу, каб людзі, гледзячы на мае вокны, бачылі надзею.

Перад Новым годам каля дому Мельянцоў спынілася міліцэйская машына, з яе выйшаў міліцыянт і проста з вуліцы пачаў крычаць на гаспадыню пра «супрацьпраўныя дзеянні» і што «будзе горш». «Горш» не прымусіла сябе чакаць: праз пару дзён ён прывёз гатовы пратакол паводле адміністратыўнага артыкулу 23.34 – пра пікет у спачывальні.

– У судзе было заяўлена, што пікет, нібыта, мы зладзілі на сёмым паверсе, хоць дом у нас двухпавярховы, – сумна ўсміхаецца спадар Сяргей. Але, не зважаючы на такую «драбязу», суд выставіў шматдзетнай сям’і штраф памерам 870 рублёў.

БЧБ-жалюзі ў сям’і Мельянцоў.
Фота: Радыё «Свабода»

Хацелі прызнаць сям’ю сацыяльна небяспечнай

А неўзабаве ў сямʼю прыбыла праверка: адміністрацыя адразу дзвюх школаў з пасёлку Прывольны, дзе вучацца дзеці.

– Праверылі ўсё: дзе дзеці спяць, дзе вучацца, дзе харчуюцца. Мы хацелі паказаць, дзе наш сабака жыве, у яго будка ўцепленая, але яны не зацікавіліся, – смяецца спадар Сяргей. – Задавалі шмат пытанняў, запаўнялі шмат папераў, сказалі, што возьмуць усе звесткі пра «алка», «нарка» і гэтак далей. І паабяцалі на развітанне, што «гэта яшчэ не ўсё».

Сяргей вядзе на кухню: вялікая плошча пакою дазваляе тут трымаць стол, за якім сямʼя збіраецца не толькі на агульны абед. Малодшыя тут бавяць час за агульным заняткам – малююць і гуляюць у настольныя гульні. Старэйшыя займаюцца на спартовых трэнажорах у суседнім пакоі ды граюць на розных музычных інструментах.

Hавiны
«Канчатковы прысуд чырвона-зялёнаму сцягу». Палітычныя аглядальнікі ацанілі спробы забараніць БЧБ-сімволіку
2021.01.30 09:48

– Я быў на кухні, калі мой старэйшы сын прыйшоў з каледжу – ён вучыцца ў каледжы паліграфіі. Звычайна ў яго заўсёды ўсё добра, а тут раптам гляджу – ён увогуле «ніякі», – узгадвае тата. – Запытваю, што здарылася, адказвае: тата, мяне выклікалі да кіраўніцтва каледжу. І далей сын распавёў, што яго – няпоўнагадовага падлетка – дапытвалі чацвёра чалавек адразу. Ці ён вешаў жалюзі, ці ведае, што бел-чырвона-белы сцяг – «фашысцкі». І прыгразілі, што калі прыйдзе яшчэ адна папера ў каледж, то «паставяць пытанне пра выключэнне». Пасля гэтага здарэння я пайшоў паразмаўляць у каледж, а мне там адказалі, што нічога такога не было, – узгадвае спадар Сяргей.

Але і гэтым ціск на сямʼю Мельянцоў не закончыўся. Напрыканцы лютага савет прафілактыкі дзвюх школаў і каледжу сабраўся для таго, каб прызнаць сямʼю Мельянцоў сацыяльна небяспечнай. Але кампрамату чыноўнікі ад адукацыі так і не сабралі. А арганізаваны ціск на дзяцей настаўнікі патлумачылі «сігналам зверху».

Вырашылі змагацца далей

– Канечне, на гэтым можна было спыніцца, заплаціць гэты штраф і жыць далей, – разважае спадар Сяргей. – Мая жонка, якая атрымала моцны стрэс (ды ўся нашая сям’я два месяцы жыве ў рэжыме стрэсу), яна так прапаноўвала. Маўляў, старыя жалюзі ў нас ёсць, давай дастанем іх з падвалу, вернем на месца і будзем жыць далей. Я падумаў, памаліўся, яшчэ раз параіўся з сямʼёй, і мы вырашылі, што пакінем нашыя жалюзі. Мы вырашылі, што будзем змагацца далей – за свабоду, справядлівасць, за любоў.

Суддзя Менскага абласнога суда Ірына Майко адмовілася задаволіць скаргу Сяргея Мельянца і пакінула рашэнне суда першаснай інстанцыі аб штрафе 870 рублёў без зменаў.

Зараз Сяргей Мельянец рыхтуе скаргу ў наступны – Вярхоўны Суд Беларусі.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Стужка навінаў