Агучаны вырак у справе журналісткі Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна

Суддзя Святлана Бандарэнка пакарала журналістку Кацярыну Барысевіч рэальным тэрмінам – 6 месяцаў калоніі – і штрафам 2 900 рублёў. Арцём Сарокін атрымаў 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і 1 450 рублёў штрафу. На прысуд запрасілі адвакатаў і дзяржаўныя медыі. Шмат калегаў Кацярыны Барысевіч, у тым ліку і галоўную рэдактарку TUT.by Марыну Золатаву, у залу не пусцілі.

Суддзя прысудзіла Кацярыне Барысевіч 6 месяцаў калоніі і штраф 100 базавых велічыняў (2900 рублёў), Арцёму Сарокіну – 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і 50 базавых велічыняў штрафу (1 450 рублёў).

Перад прысудам паведамілі, што абвяшчэнне адбудзецца ў адкрытым рэжыме, і на яго змогуць трапіць усе ахвотыя. Але насамрэч нікога з калегаў абвінавачаных, у тым ліку і галоўную рэдактарку TUT.by Марыну Золатаву, у залу не пусцілі.

Суд над Кацярынай Барысевіч і Арцёмам Сарокіным. Менск, 2 сакавіка 2021 года. Фота: АВ / Белсат
Суд Маскоўскага раёну праз некалькі хвілінаў абвесціць вырак Кацярыне Барысевіч і Арцёму Сарокіну. Дом правасуддзя. Менск, 2 сакавіка 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Працэс распачаўся 19 лютага ў судзе Маскоўскага раёну і праходзіў у закрытым рэжыме. Аб закрытым фармаце працэсу хадайнічала пракурор Людміла Іваненка. «Каб пазбегчы раскрыцця медычнай таямніцы, якая ахоўваецца законам, і звестак папярэдняга расследавання. Матэрыялы справы ўтрымліваюць медычныя дакументы, у тым ліку тыя, што раней не публікаваліся», – заявіла дзяржабвінаваўца на пачатку суда.

Распачаўся працэс у справе «нуль праміле»

Доктара і журналістку затрымалі ў лістападзе 2020 года. Арцём Сарокін – лекар найвышэйшай катэгорыі шпіталю хуткай медычнай дапамогі, Кацярына Барысевіч – журналістка TUT.by з 15-гадовым стажам. Падставаю для пераследу зрабіўся апублікаваны 13 лістапада артыкул, дзе на падставе медычных дакументаў распавядалася, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Гэта разыходзіцца з версіяй Следчага камітэту і Аляксандра Лукашэнкі.

«Ён быў нецвярозы, ёсць заключэнне…» – публічна сцвярджаў Лукашэнка.

Пры гэтым родныя Рамана да журналісткі і доктара прэтэнзіяў не маюць і кажуць, што далі дазвол на публікацыю гэтай інфармацыі.

Маці забітага Рамана Бандарэнкі: Праз сцверджанне пра ап’яненне хочуць зрабіць трагедыю побытавым здарэннем

Паводле Генпракуратуры, Барысевіч нібыта схіліла Сарокіна да разгалошвання медычнай таямніцы. «Такія дзеянні прывялі да актыўнага абмеркавання і чарговага канфлікту ў грамадстве, накіраванага на падрыў даверу грамадзянаў да афіцыйнай інфармацыі і агулам – да праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады», – тлумачыў намеснік генпракурора Генадзь Дыско. Пры гэтым улады працягваюць настойваюць, што Бандарэнка быў п’яны.

Новыя акалічнасці забойства Бандарэнкі ад ByPol: хлопец не быў п’яны, а вынікі судовай экспертызы згубілі

Беларускія праваабаронцы прызналі Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна палітвязнямі, міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» – вязнямі сумлення.

ІІ belsat.eu

 

Hавiны