Юрыст НАУ пра магчымасць адказнасці за «псаванне» бюлетэняў: «Ні юрыдычных, ні лагічных падставаў»


Адзін з праўладных Telegram-каналаў заявіў, што грамадзяне, якія адгукнуцца на заклік Святланы Ціханоўскай перакрэсліць абодва варыянты ў сваіх бюлетэнях на бліжэйшым рэферэндуме, будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці па частцы 3 артыкула 218 КК РБ («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці»). Вынікам такіх дзеянняў прыхільнікі рэжыму бачаць увядзенне новых санкцыяў, што ў сваю чаргу, на іхную думку, нанясе шкоду эканоміцы. «Белсат» запытаўся ў юрыста НАУ Арцёма Праскаловіча пра тое, наколькі такая інфармацыя адпавядае дзейнаму заканадаўству.

Па словах Арцёма Праскаловіча, Выбарчы кодэкс ніяк не рэгулюе пытанне прыналежнасці дзяржаве канкрэтнага бюлетэня, што, для прыкладу, зафіксавана ў заканадаўстве адносна пашпартоў грамадзянаў.

«У дачыненні да бюлетэня кодэкс не выкарыстоўвае імператыўных фармулёвак, што ён павінен быць укінуты ўскрыню для галасавання. Значыць, вы ў прынцыпе можаце знесці яго з сабою, што часта і адбываецца. У шматлікіх пратаколах мы бачым, што колькасць выдадзеных бюлетэняў большая, чым агульная колькасць падлічаных».

Паводле юрыста НАУ, прыцягнуць да адказнасці па прапанаваным крымінальным артыкуле немагчыма па шэрагу прычынаў. У першую чаргу Арцём Праскаловіч звяртае ўвагу на тое, што Выбарчы кодэкс разглядае адразу два паняцці – «сапсаваны» бюлетэнь і «несапраўдны» бюлетэнь. Першы – калі вы выпадкова няправільна запоўнілі яго ці парвалі, пасля чаго звярнуліся ў камісію і замянілі на новы. Другі – калі немагчыма вызначыць, які выбар зрабіў грамадзянін (напрыклад запоўніў усе акенцы для адказу).

«Такім чынам права абмяняць сапсаваны бюлетэнь без якіх-небудзь наступстваў запісана ў самім кодэксе. У сваю чаргу несапраўдныя бюлетэні не зʼяўляюцца сапсаванымі, яны зʼяўляюцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі агульнага падліку галасоў, гэта права чалавека адказаць «за», «супраць», ці «супраць усіх»».

Арцём Праскаловіч указвае і на тое, што ў сітуацыі «псавання» бюлетэню адсутнічаюць падставы гаварыць пра групавы характар дзеянняў, паколькі ўмоўныя выбаршчыкі з розных гарадоў не робяць гэта сумесна ці па дамоўленасці. Акрамя таго, кожны выбаршчык адказвае толькі за свой бюлетэнь.

«Адзін чалавек робіць несапраўдным адзін бюлетэнь. Значыць, і нанесеныя ім страты роўныя кошту аднаго ліста паперы».

Юрыст заўважае, што нават у краіне, дзе часам «не да законаў», пакуль яшчэ ніхто не адмяняў таямніцу галасавання. Гэта значыць, што ніхто не мае права сачыць за тым, як вы працуеце з бюлетэнем, або патрабаваць прадэманстраваць, як вы яго запоўнілі. Арцём Праскаловіч падкрэслівае, што ніхто ні пры якіх абставінах не мае такога права.

«Па ўсім вынікае, што чарговая спроба запужаць беларусаў не мае пад сабой ні юрыдычных, ні лагічных падставаў», – дадае юрыст НАУ Арцём Праскаловіч.

Hавiны
Беларусам замежжа не дадуць прагаласаваць на так званым рэферэндуме
2022.02.02 18:29

ВК belsat.eu

Стужка навінаў