«Ужо сем гадоў вайна ідзе, чаго баяцца». Рэпартаж з украінска-беларускай мяжы напярэдадні вучэнняў


Сумесныя ваенныя вучэнні Беларусі і Расеі пройдуць з 10 па 20 лютага. Расея пачала сцягванне ваеннай тэхнікі задоўга да пачатку вучэнняў. Эшалоны з тэхнікай былі заўважаны ў многіх гарадах Беларусі, у тым ліку і прыгранічных з Украінай. Такія маштабы ўпершыню.

Аб сцягванні расейскай тэхнікі заходнія СМІ казалі яшчэ восенню 2021 года. У сваю чаргу ўкраінскія ўлады спрабавалі супакоіць насельніцтва. З’явілася карта бамбасховішчаў Кіева, насельніцтва вучаць як дзейнічаць у выпадку нападу і што класці ў «трывожны» заплечнік.

Уваход у будынак Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.
Фота: АД / Белсат

Журналісты «Белсату» праехалі ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Даведаліся пра сітуацыю на пунктах пропуску, а таксама пра тое, што думаюць мясцовыя жыхары, якія жывуць у прыгранічнай зоне з Беларуссю аб магчымым нападзе і агрэсіі Расеі.

«Такога быць не можа, каб напалі з боку Беларусі»

На выездзе з Кіева можна заўважыць ваенную тэхніку па напрамку да гораду. Мы едзем на поўнач, у Чарнігаў, адтуль паўтары гадзіны язды да Гомля. Бліжэй да вечара сустракемся з старшынёй Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Вячаславам Чавусам, які скончвае нараду значна пазней за свой працоўны час.

Hавiны
Новая дата нападу, расейскія марпехі ў Беларусі і ўзмацненне сілаў NATO. Хронікі вайсковай эскалацыі
2022.01.26 01:13

У размове аб магчымым нападзе з боку Беларусі Вячаслаў кажа, што ўся сітуацыя на мяжы кантралюецца. Яны дасведчаныя аб перамяшчэнні расейскай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, і запэўнівае, што падраздзяленне тэрытарыяльнай абароны разгорнуты і гатовы да абароны вобласці. Таксама праводзіцца работа з насельніцтвам, праведзена праверка ўсіх аб’ектаў грамадзянскай абароны, у тым ліку і бамбасховішчаў.

Вячаслаў Чавусаў расказвае яшчэ аб адной праблеме – масавых непацверджаных мініраваннях школ і дзіцячых садоў. Упэўнены, што гэта робіцца для таго, каб разгайдаць абстаноўку ў рэгіёне.

Старшыня Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Вячаслаў Чавус дае каментар журналістам «Белсату».
Фота: АД / Белсат

Далей мы ідзём на поўнач, бліжэй да беларускай мяжы. Праязджаем дарожны знак, які паказвае, што да Гомля засталося 66 кіламетраў і зварочваем з галоўнай дарогі налева. Праязджаем населены пункт Рэпкі, з насельніцтвам 15 тысяч чалавек. Днём у цэнтры ажыўлена, у асноўным тут жывуць пажылыя людзі. Едзем уздоўж пахіленых платоў і закінутых дзіцячых пляцовак, размаляваных графіці.

Праз палову гадзіны даязджаем да прымежнага пасёлка Любіч, далей – няма куды. Тут беларуска-ўкраінская мяжа праходзіць уздоўж звілістай ракі Дняпро. Адразу кідаецца ў вочы тое, што большасць мясцовых жыхароў, нават у снежнае надвор’е і састарэлым узросце перамяшчацца па пасёлку на роварах. На дамах вісяць абʼявы аб продажы.

Каля будынку мясцовай адміністрацыі, сумешчанай з паліклінікай, нас сустракае чалавек з адміністрацыі і ўчастковы, адразу просяць іх не здымаць. «Навошта нам гэта ўсё». Пытаюцца, навошта мы прыехалі, і кажа, што такога быць не можа, каб ва Украіну напалі з боку Беларусі.

Адна з цэнтральных вуліц пасёлку Любіч, ад якога некалькі кіламетраў да беларускай мяжы.
Фота: АД / Белсат

Мясцовыя жывуць сваім жыццём і, здаецца, увогуле не чулі пра апошнія падзеі і магчымую небяспеку.

«У мяне святло знікла сёння, нешта абарвалася, вось гэта праблема», – кажа мясцовая жыхарка.

Аналітыка
Дзе і якія расейскія падраздзяленні заўважаныя ў Беларусі
2022.01.28 00:13

Каля адміністрацыі сустракаем жанчыну на ровары. Яе клічуць Алёна, на выгляд гадоў пяцьдзясят. Сваякі ў жанчыны ёсць і ў Беларусі, і ў Расеі, таму яна спадзяецца, што да нападу справа не дойдзе.

«Ёсць небяспека, але я спадзяюся, што нічога такога не будзе. Мы ж дружныя народы».

Дарожны знак па дарозе з Чарнігава на Гомель.
Фота: АД / Белсат

На вуліцы сустракаем мясцовага лекара, які выйшаў у краму па прадукты. Ён расказвае, што раней таксама ніхто не верыў, што Расея можа напасці на Украіну, заўсёды жылі дружна, але ўжо сем гадоў, як ідзе вайна. Аднак ён верыць: што зараз усё можна будзе вырашыць мірным шляхам:

«Беларусы для нас як родныя, шмат у каго сваякі там. Гэта палітыкі паміж сабой не могуць падзяліць: ці грошы, ці ўладу. Спадзяюся, што яны прымуць патрэбныя рашэнні і разбяруцца без зброі і без крыві. Інакш гэта канец свету».

Жыхары Любіча неахвотна хочуць размаўляць, кажуць, што не цікавяцца палітыкай і не глядзяць тэлевізар, у некаторых яго ўвогуле няма. Сустракаем каля крамы мужчын, якія паляць. Адзін з іх у адказ на пытанне рэзка і коратка кажа, што «у нас ужо сем гадоў вайна ідзе, чаго нам баяцца».

Фуры на ўкраінскай мяжы. Памежны пункт «Сенькоўка», Украіна.
Фота: АД / Белсат

Далей мы едзем на памежны пункт, які ў народзе называецца «Тры сястры». Там перасякаюцца дарогі трох дзяржаў: Беларусі, Украіны і Расеі. На КПП нас сустракае Аляксандра, афіцэр памежнай службы. Апроч нас на мяжы знаходзяцца яшчэ некалькі групаў журналістаў з розных краін. Праходзім унутр памежнай зоны.

На мяжы ўстанаўліваюць дадатковы плот

Аляксандра расказвае, што мяжа знаходзіцца на ўзмоцненым рэжыме з 2015 года, але якіх-небудзь правакацый не назіраецца.

«Усе разумеюць, што ў выпадку чаго памежнікі – гэта першыя людзі, якія сутыкнуцца з дадзенай сітуацыяй, таму нашае заданне – гэта кантроль сітуацыі».

Мы падыходзім да манумента сяброўства «Тры сястры», вакол якой кальцавая. Тут дарогі разыходзяцца: тая, што налева – вядзе ў бок Беларусі, направа – у бок Расеі, куды стаіць чарга з фур. Праз некаторы час з беларускага боку пад’язджае чорны таніраваны бусік, падобны на тыя, якія забіралі людзей падчас акцый пратэстаў. Ён не зʼяжджае да таго часу, пакуль мы знаходзімся каля мяжы.

Фуры стаяць у чарзе на украінска-расейскай мяжы. Памежны пункт «Сенькоўка», Украіна.
Фота: АД / Белсат

Наша наступная кропка знаходзіцца ў іншай частцы краіны, на захадзе Украіны. Гэта прапускны пункт «Дольск». Тут нас сустракае прэс-сакратар памежнай службы Валынскай вобласці Маргарыта.

Зараз на мяжы вобласці ўстанаўліваюць дадатковы плот. Яго пачалі будаваць тры месяцы таму падчас міграцыйнага крызісу ў Беларусі: тады была пагроза «перакідвання» мігрантаў на ўкраінскую мяжу. Цяпер жа ўмацаванні ўстанаўліваюць для дадатковай абароны ад магчымай агрэсіі з боку Беларусі. Таксама сюды накіраваны дадатковыя сілы, а ў прыгранічнай вобласці знаходзяцца баявыя рэзервы, якія ў выпадку абвастрэння сітуацыі гатовы да дзеяння, яны маюць сваю тэхніку і зброю.

Мясцовыя жыхары прыгранічных пасёлкаў, якіх мы сустракаем па дарозе, тут таксама спакойныя. Кажуць, што калі нават і нападуць, то «украінцы гатовы абараняць сваю краіну», але вераць, што да такога не дойдзе.

Украінскія памежнікі патрулююць украінска-беларускаю мяжу на квадрацыкле. Кантрольна-прапускны пункт «Дольск», Украіна.
Фота: АД / Белсат

Адзін мясцовы мужчына, які жыве за паўтара кіламетра ад беларускай мяжы кажа, што «гэта ўсё правакацыя», і на мяжы з Беларуссю ўсё чыста.

Hавiны
«Рэспубліка Палессе», адказ Захаду і расейская дапамога для ЛДНР. Хронікі вайсковай эскалацыі
2022.01.31 20:00

«Не будзе ніякай вайны, не зусім жа яны дурныя»

Апошнім пунктам нашай паездкі стаў пасёлак Омыт. Адсюль да мяжы з Беларуссю некалькі кіламетраў. Побач ёсць міждзяржаўны КПП, але ён закрыты з вясны 2020-га года з-за «эпідэміялагічнай сітуацыі».

Людзей на вуліцы не бачна. Мы заходзім у двор з адчыненымі веснічкамі і стукаемся ў дзверы. Нам адчыняе Алена, пажылая жанчына гадоў сямідзесяці, якая жыве тут разам са сваім мужам. Гаворыць, што ў мястэчку ўсё ціха і спакойна, толькі часам памежнікі ездзяць.

Алена, жыхарка пасёлку Омыт на захадзе украінска-беларускай мяжы.
Фота: АД / Белсат

Алена расказвае, што ва ўсіх з іх пасёлка ёсць дзеці ў Беларусі, сваякі, якія з’язджаюць да іх на зіму. І сапраўды, цяпер у пасёлку жыве толькі пяць-шэсць семʼяў.

«Мне здаецца не будзе ніякай вайны, не зусім жа яны такія дурныя», – кажа жанчына.

Алена раіць паразмаўляць нам з Таццянай, якая жыве праз некалькі дамоў ад яе. Нас сустракае муж Таццяны і ветліва просіць прайсці на двор, дзе нас сустракае сама жанчына шасцідзесяці год. Яна кажа пра магчымую небяспеку, але не пра сваю, а пра тое, што краіну давядзецца абараняць яе дзецям і ўнукам.

«Я настаўніца геаграфіі і заўсёды дзецям кажу, што бяда Украіны ў тым, што мы жывем на мяжы двух розных светаў: Захаду і Усходу. І зараз гэта выявілася. Яны такія розныя па ідэалогіі: каб яны перасекліся і адно аднаго зразумелі – магчыма пройдзе не адно стагоддзе. У гэтым бяда, а мы стаім на гэтай мяжы. Будзем маліцца, а што нам яшчэ рабіць», – кажа Таццяна.

Наконт магчымай вайны з Расеяй жанчына гаворыць амаль са слязамі на вачах.

«Малодшыя пойдуць, дзеці, унукі будуць абараняць. Вы ж бачыце, што ў нас адбываецца, колькі гіне дзяцей. Я б і сама пайшла, я ў душы патрыёт, але ўжо ўзрост».

Таццяна, настаўніца геаграфіі і жыхарка пасёлку Омыт на захадзе украінска-беларускай мяжы.
Фота: АД / Белсат

Таццяна расказвае, што ніколі не магла пра такое падумаць, што тры славянскія народы будуць ваяваць. «Гэта было б «цудам», пра такое немагчыма было нават падумаць».

У канцы нашай гутаркі Таццяна кажа, што ўкраінцы проста так не здадуцца і будуць бараніць радзіму да канца.

Жанчына настойліва запрашае да сябе на гарбату, але мы вяртаемся назад.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў