Ці могуць затрымаць у амбасадзе Беларусі ў іншай краіне? Адказвае былы дыпламат Павел Латушка


Ці абгрунтаваныя засцярогі беларусаў быць затрыманымі проста ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у іншай краіне? Запыталіся пра гэта ў былога надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Польшчы і кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пікет каля амбасады Беларусі ў Варшаве.
Фота: ЯП / Белсат

«Трэба замяніць пашпарт, але баюся, што могуць арыштаваць у пасольстве Беларусі, бо на мяне завялі «крыміналку» за каментар», – піша ў «Чаце беларусаў у Польшчы» карыстальнік Mikola. Паведамленняў з такімі пытаннямі шмат.

«Не магу сабе ўявіць, што такія дзеянні могуць быць учыненыя», – адказвае Павел Латушка.

«Гэта незаконныя дзеянні»

Па словах былога амбасадара, зважаючы на ўмоўную экстэрытарыяльнасць пасольства, беларускія дыпламаты мусяць выконваць заканадаўства той краіны, дзе знаходзяцца. Калі гэта, прыкладам, Польшча, то затрымаць асобу могуць на просьбу беларускай пракуратуры, але толькі паводле рашэння польскіх уладаў. Нават калі рашэнне аб затрыманні прымаецца на тэрыторыі Беларусі, яно мусіць прайсці праз адмысловую працэдуру ўнутранага прызнання ў Рэспубліцы Польшча.

«Узяць хаця бы нядаўнюю гісторыю і суд аб выдачы Сцяпана Пуцілы – аднаго з заснавальнікаў каналу «Nexta».

Немагчыма затрымаць і выдаць іншага замежнага грамадзяніна без згоды той улады, дзе знаходзіцца гэты грамадзянін. Таму патэнцыяльнае затрыманне беларусаў на тэрыторыі пасольства ці консульства – гэта незаконныя дзеянні. І даволі цяжка ўявіць, што такія дзеянні могуць быць учыненыя», – кажа Латушка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акруговы суд у польскай сталіцы разглядае справу аб экстрадыцыі ў Беларусь Сцяпана Пуцілы, заснавальніка тэлеграм-каналу «Nexta», які беларускія ўлады абвясцілі экстрэмісцкім.
Фота: ІА / Белсат

А як жа затрыманне Пратасевіча на самалёце іншай дзяржавы?

Павел Латушка гаворыць, што аналогіі з магчымым затрыманнем наведніка пасольства і захопам Рамана Пратасевіча можна правесці толькі ўмоўныя.

«Гэта, канечне, выключная сітуацыя, калі ўлады захацелі пасадзіць самалёт праз прыдуманую гісторыю тэрарыстычнай пагрозы. Але ў іх была магчымасць, каб гэты самалёт сеў на тэрыторыі Беларусі. І экіпаж, як я разумею, адчыніў дзверы, і Пратасевіч сам выйшаў з салону. Пасольства ж толькі фармальна можа разглядацца як тэрыторыя Беларусі, але тут няма абсалютнай экстэрытарыяльнасці. Бо амбасада знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы. Нават калі гэтая зямля пад будынкам належыць Беларусі, то гэта ўсё адно тэрыторыя Польшчы», – тлумачыць Латушка.

«Таму магчымасць затрымання можа быць толькі чыста тэарэтычная… Я б сказаў, 1%, а можа 0,1%, што такое ўвогуле можа здарыцца.

І верагоднасць гэтая будзе тычыцца хіба такіх людзей, у затрыманні якіх нелегітымная беларуская ўлада была б вельмі і вельмі зацікаўленая. У адносінах да простых актывістаў – гэта проста нерэальна», – удакладняе наш суразмоўца.

Чалавек у дыпламатычнай валізе? Нерэальна!

Па словах Паўла Латушкі, калі б нават неверагодны сцэнар з затрыманнем чалавека ў амбасадзе ажыццявіўся, то вывезці яго ў Беларусь было б задачай невыканальнай: верталёту ўзляцець не дадуць, а дыпламатычныя машыны зараз падлягаюць агляду.

«Некалькі год таму паміж Беларуссю і Польшчай адбыўся абмен нотамі, у якіх гаворыцца, што польскія ўлады не разглядаюць транспартны сродак у якасці дыпламатычнай валізы. Гэта азначае, што яны могуць адкрываць транспартныя сродкі на дыпламатычных нумарах для агляду.

Адзінае, што раскрывацца не можа – гэта дыпламатычная валіза, куды запакоўваецца дыпламатычная пошта. І мне цяжка ўявіць сабе, што чалавека нейкім чынам запакуюць у гэтую дыпламатычную валізу і ў непрытомным стане павязуць», – разважае Павел Латушка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віцэ-міністр культуры Беларусі, кіраўнік і заснавальнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення (НАУ) Павел Латушка.
Фота: ЮШ / Белсат

Гэта было б крымінальным злачынствам і дзеля гэтага, мяркуе былы дыпламат, трэба было б сапраўды ладзіць сапраўдную спецаперацыю.

Аднак у часы, калі сам Павел Латушка працаваў у амбасадзе Беларусі ў Польшчы (2002-2008 гг.) дыпламатычны транспарт меў статус дыпламатычнай валізы і не аглядаўся памежнікамі.

«І была сітуацыя, калі грамадзянін Беларусі звярнуўся ў амбасаду, сказаў, што хоча пераехаць у Беларусь, што, маўляў, зразумеў «памылкі», як гэта тады падавалася, і што хоча вярнуцца на радзіму, але баіцца што польскія ўлады яго затрымаюць. І тады ён у аўтамабілі пасольства выехаў на тэрыторыю Беларусі.

Паказаў дакументы на мяжы, патрабаванняў выйсці з машыны не было – і чалавек выехаў», – расказаў Павел Латушка.

Ёсць рызыка, што паспрабуюць размаўляць і запісваць

Неймаверна, што затрымаюць і вывезуць, але ёсць рызыка, што паспрабуюць «разгаварыць», папярэджвае Латушка.

«Вас могуць паспрабаваць выклікаць на размову з афіцэрам бяспекі, які там працуе як саветнік, ці з вамі можа размаўляць консул – такая размова можа адбыцца, і вас могуць прымушаць да такой размовы. Гэта магчыма.

Але тут у іх мусіць быць нейкая мэта – фіксаваць гэтую размову на відэа, напрыклад. І гэта трэба браць пад увагу. Фіксацыя ўсярэдзіне пасольства можа ажыццяўляцца любая: відэакамера, відэаздымкі, аўдыёзапісы. Таму трэба проста быць вельмі ўважлівымі», – кажа былы дыпламат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пікет пад амбасадай Беларусі ў Маскве: Георгій Малец / Vot Tak TV / Белсат

«Ёсць меркаванне, што амбасады, скажам, былых савецкіх рэспублік за мяжой проста абсаджаныя супрацоўнікамі сакрэтных службаў. Гэта праўда?» – пытаемся.

«Як і ў кожнай краіне», – адказвае Латушка.

Пісталет у беларускай амбасадзе

Павел Латушка таксама засцерагае, што некаторыя амбасады могуць мець зброю, і што, напрыклад, у амбасадзе Беларусі ў Варшаве ёсць пісталет.

«Гэта я ведаю дакладна. Чаму ён там знаходзіцца, мне ніколі цямна не патлумачылі. Было сказана: на ўсякі выпадак. Але зноў жа: уявіць сабе сітуацыю, што гэтая зброя будзе ўжытая, цяжка – гэта была б гісторыя, як у кіно. Хаця мы і ведаем, што рэжым у нас можа ствараць такія гісторыі, але імавернасць – мізэрная», – мяркуе наш суразмоўца.

«Гэта мусіла б мець ну нейкі вельмі важны для рэжыму сэнс. Архіважны! У дачыненні да нейкай асобы, якая ўяўляе для іх вялізную пагрозу ці вялікі інтарэс. Тэарэтычна такое можа здарыцца. Але ў дачыненні да звычайных актывістаў – не», – дадае.

Як засцерагчыся падчас візіту ў амбасаду

Павел Латушка дае некалькі парадаў для тых, хто збіраецца наведаць бліжэйшым часам беларускую амбасаду ў іншай краіне.

  • Паінфармуйце свайго знаёмага ці калегу пра ваш візіт у пасольства, каб у выпадку чаго той паведаміў адпаведным уладам краіны, дзе вы знаходзіцеся.
  • Уключайце на запіс, калі ёсць такая магчымасць, іншы сродак сувязі ці аўдыёфіксацыі, каб запісаць на ўсякі выпадак тое, што вам кажуць і што з вамі будзе адбывацца.
  • Майце на ўвазе, што вас у гэты момант таксама «пішуць» і здымаюць. Не губляйце пільнасць.

Візіт у пасольства Беларусі ў Маскве таксама будзе бяспечны?

Павел Латушка кажа, што беларуская амбасада ў Маскве – «гэта іншая гісторыя».

«З Расеі выдаюць беларусаў. І калі праз консула будзе высветлена, што грамадзянін Беларусі ёсць у спісе асобаў, якія знаходзяцца ў вышуку, то ў гэтай сітуацыі могуць са згоды амбасадара быць запрошаныя прадстаўнікі расейскай паліцыі. А тады – затрымаць, а пазней, праз пэўную працэдуру, выдаць беларускаму рэжыму», – тлумачыць Латушка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пікет пад амбасадай Беларусі ў Маскве: Георгій Малец / Vot Tak TV / Белсат

«На жаль, такое рэальна. Таму тут трэба высвятляць, ці вы знаходзіцеся ў гэтых спісах, аднак не заўсёды гэта магчыма», – папярэджвае.

Ці ісці галасаваць у амбасады падчас «рэферэндуму»

Латушка кажа, што лепш, каб участкі галасавання для ўдзелу ў так званым рэферэндуме аб зменах у Канстытуцыю Беларусі ў пасольствах наагул не з’явіліся.

«У кожнай краіне сваё заканадаўства. Некаторыя краіны мусяць выказаць на гэта згоду. Некаторыя – проста прымаюць гэта да ведама», – патлумачыў Павел Латушка.

Калі ўчасткі для галасавання ўсё ж зʼявяцца на тэрыторыі пасольстваў, ён заклікае беларусаў за межамі радзімы рабіць тое ж самае, што ўжо прапанавана ўсім беларусам: ставіць два разы крыж і рабіць несапраўдным бюлетэнь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Амбасада Беларусі ў Варшаве.
Фота: ЯП / Белсат

«І, канечне, праводзіць альтэрнатыўны падлік галасоў з удзелам назіральнікаў, якія будуць знаходзіцца каля пасольстваў. Над гэтым мы зараз працуем з беларусамі і беларускімі арганізацыямі ў свеце», – падсумаваў Павел Латушка.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў