Выкладчыка Віцебскага медуніверсітэту звольнілі праз затрыманне за бел-чырвона-белыя фіранкі

Выкладчыка і асістэнта кафедры агульнай стаматалогіі Віцебскага медуніверсітэту Аляксандра Маісеева звальняюць з працы за прагулы, якія здарыліся, калі мужчына адбываў трохдзённы арышт у ІЧУ за бел-чырвона-белыя фіранкі на акне кватэры.

У ізалятар часовага ўтрымання Маісеева змясцілі 20 студзеня, да суда. Праз тры дні суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні і пакараў штрафам памерам 8 базавых велічынь.

Нягледзячы на тое, што ў выкладчыка была даведка аб перабыванні ў ІЧУ, кіраўніцтва ВДМУ палічыла, што ён прагуляў гэтыя дня без важкіх прычынаў і звольніла згодна з адпаведным артыкулам Працоўнага заканадаўства.

Аляксандр Маісееў расказвае, што з загадам аб звальненні яго азнаёмілі 1 лютага. У раскладзе заняткаў на будучы семестр ягонага прозвішча не было.

Аляксандр Маісееў адпрацаваў у ВДМУ тры гады. Выкладаў у студэнтаў агульную стаматалогіі. Кажа, што студэнты будуць засмучаныя ягоным звальненнем, бо любілі яго як выкладчыка.

Згодна з загадам, Маісееў будзе звольнены 5 лютага. Выкладчык збіраецца абскардзіць рашэнне кіраўніцтва навучальнай установы.

ЗК belsat.eu

Hавiны