Ціханоўская пра вырак Няронскаму: «Кожны прысуд будзе выклікаць зваротны эфект»


Былая кандыдатка на прэзідэнта Святлана Ціханоўская пракаментавала першы прысуд па справе свайго мужа Сяргея, піша ейная прэс-служба. Блогера Уладзіміра Няронскама пакаралі трыма гадамі зняволення.

«Сёння «суд» вынес вырак Уладзіміру Няронскаму, Youtube-блогеру, які распавядаў пра Слуцк «для жыцця». Уладзіміру прысудзілі тры гады зняволення – гэта найбольш суворы з магчымых выракаў. Роўна такі ж тэрмін прасіў пракурор.

Тры гады турмы – за тое, што не стаў маўчаць.

Ты гады турмы – за тое, што распавядаў пра праблемы роднага гораду.

Тры гады турмы – за тое, што хацеў зрабіць Слуцк лепш.

Пасля абвешчання прысуду Уладзімір звярнуўся да сям’і: «Вы за мяне не пераймайцеся. Дачка, ты толькі будзь разумніцай. Я цябе вельмі кахаю».

Такіх прысудаў можа стаць вельмі шмат, бо ў Беларусі цяпер 220 палітвязняў і больш як тысяча крымінальных спраў. Рэжым займаецца дзяржаўным тэрорам, спрабуе запалохаць людзей і прымусіць іх маўчаць. Яны думаюць, што могуць беспакарана адымаць гады жыцця ў людзей. Але гэта не так.

Кожны прысуд будзе выклікаць зваротны эфект.

Кожны «суддзя», які выносіць палітычныя выракі, трапіць у Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў і санкцыйныя спісы.

Кожны такі прысуд паскарае ўводзіны і пашырэнне санкцыяў. Гэтыя санкцыі кропкава бʼюць па паслугачах рэжыму і актывах «гаманцоў» Лукашэнкі і не даюць яму абкрадаць краіну і гандляваць свабодай людзей.

Я ведаю, што сямʼя Уладзіміра Няронскага не застанецца без падтрымкі. Беларусы ўжо не раз дэманстравалі салідарнасць і адзінства – сапраўдныя, а не тыя, якія рэжым спрабуе паказаць на сваіх круглых сталах і УНС», – лічыць Ціханоўская.

Уладзіміра Няронскага прызналі вінаватым у «арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342), а таксама ў публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкаму Андрэя Янчэўскага (арт. 369 КК).

«Усё скончыцца гэтай вясной», – запэўніў Няронскі пасля прысуду.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў