Толькі ў студзені мінімум 46 чалавек былі асуджаны па крымінальных палітычных справах


Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў справаздачу наконт судоў па крымінальных палітычных справах.

Цягам двух апошніх месяцаў 2020 года, па звестках праваабаронцаў, было вынесена больш за 100 прысудаў па крымінальных справах, звязаных з пратэстамі і іх наступствамі. А ў студзені суды вынеслі яшчэ мінімум 46 прысудаў па такіх крымінальных справах.

Больш за ўсё чалавек асудзілі па арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») – 18. Мінімум 11 чалавек былі пакараныя па арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Былі вынесены прысуды па 16 крымінальных справах, узбуджаных па дыфамацыйных артыкулах:

  • за знявагу дзяржаўнай сімволікі па арт. 370 КК – асуджаны 4 чалавекі,
  • за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) – 8 чалавек,
  • за абразу прэзідэнта (арт. 368 КК) – 4 чалавекі,
  • па артыкуле за паклёп (188 КК) – 2 чалавекі.

Таксама 7 чалавек былі асуджаны па артыкуле аб хуліганстве (арт. 339 КК) – за раскіданыя самарэзы, «абразлівыя» надпісы і «цынічныя» акцыі з пудзіламі міліцыянтаў.

Інфаграфіка spring96.org

18 чалавек з 46 асуджаных па «палітычных» справах за студзень былі пакараныя абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу («хімія»). Сярод іх – палітвязні Дзмітрый Кулакоўскі, Валерый Каленчыц, Юрый Савіцкі, Арцём Вінакураў, Арцём Мядзведскі.

У Менску судзяць мужчыну за зламаную нагу амапаўца. Віктар Барушка заяўляе аб збіцці і здзеках. Суддзя Запаснік вынесла прысуд: 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Рашэнне можа быць абскарджана. Людзі сустрэлі вынік крыкамі «ганьба». 27 cтудзеня 2021 году.
Фота: Белсат

13 чалавек атрымалі розныя тэрміны пазбаўлення волі (12 чалавек – у калоніі агульнага рэжыму, 1 (Віктар Барушка) – у калоніі ўзмоцненага рэжыму). Самыя вялікія тэрміны ў студзені атрымалі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак (5 гадоў калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 КК і 342 КК) і 32-гадовы прадпрымальнік з Менску Віктар Барушка (5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па арт. 147 КК).

Вітольд Ашурак. Фота – belsat.eu

11 чалавек, па звестках «Вясны», былі асуджаны на тэрміны ад 6 месяцаў да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). У асноўным «хатнюю хімію» атрымлівалі фігуранты крымінальных спраў па дыфамацыйных артыкулах.

***

У сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі і пратэстамі ў Беларусі распачатыя больш як 1000 крымінальных справаў. На гэты момант 220 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі. Агулам, паводле звестак праваабаронцаў, з пачатку выбарчай кампаніі ў траўні да канца 2020 года былі затрыманыя больш за 33 тысячы грамадзянаў, вялікую частку якіх пакаралі адміністратыўнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. Тысячы затрыманых сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў ды іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў