Распачаўся суд над удзельнікам пратэстаў Іванам Зубко. Раней ягоную нявесту пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі»


У судзе Заводскага раёну разглядаецца крымінальная справа ў дачыненні ўдзельніка пратэстаў Івана Зубко. Яму выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя – Дзмітрый Астапенка.

Крымінальную справу супраць Івана Зубко распачалі за ўдзел 1 лістапада ў пратэстах (Марш супраць тэрору). На мінулым тыдні за тую ж акцыю і паводле таго ж артыкулу судзілі ягоную нявесту Рэнату Смірнову. 19-гадовую дзяўчыну пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі».

Суд над Іванам Зубко.
Фота: Белсат

І Івану, і Рэнаце «Менсктранс» выставіў пазоў на суму 10 680 рублёў за тое, што яны нібыта блакавалі рух транспарту шляхам выхаду на дарогу і нанеслі такім чынам шкоду прадпрыемству. Хаця сілавікі самі перакрылі рух, і толькі тады людзі пачалі выходзіць на дарогу, бо яна была пустая.

1 лістапада Івана Зубко жорстка затрымалі, цягнулі за шыю. Рэната ўбачыла гэта, прасіла не душыць, і пайшла за ім у аўтазак, але ёй сказалі ісці дадому. Яна была супраць, тады яе затрымалі. У аўтазаку ўзялі за валасы і паставілі на калені, распавяла Рэната на сваім судзе.

Hавiны
Палітзняволеную Рэнату Смірнову пакаралі двума гадамі «хіміі»
2021.01.29 14:51

Сёння Рэната Смірнова прысутнічае на судовым працэсе над Іванам Зубко ў якасці сведкі. Акрамя яе паказанні далі два амапаўцы, якія не памятаюць Івана на акцыі і не затрымлівалі яго, а проста распавялі пра падзеі таго дня.

Іван распавёў, што выйшаў на акцыю супраць гвалту, які застаецца беспакараным, супраць вынікаў выбараў і хлусні пра каронавірус. Хлопец распавёў пра падзеі таго дня, згадаў, што сілавікі стаялі за 1015 метраў з нацэленай зброяй, хаця на такой адлегласці нельга накіроўваць зброю на людзей.

Пракурор запытала яго наконт бел-чырвона-белага сцяга, і Іван сказаў, што лічаць яго сцягам беларускай нацыі.

Пракурор Вікторыя Кунцэвіч запрасіла для 25-гадовага Івана Зубко пакаранне ў выглядзе абмежаванне волі («хімія) на 3 гады.

У апошнім слове Іван Зубко сказаў:

«Я хачу падзякаваць дзяржаве за прадстаўленую мне магчымасць пасядзець 93 дні, бо менавіта там я ўсвядоміў сапраўдную каштоўнасць сям’і. І немэтазгоднасць выхаду на пратэст са сцягамі, з плакатамі, з кветкамі ў руках і казаць што-небудзь тым, у каго ў руках дубінкі, святлошумавыя гранаты і поўная недатыкальнасць. Бо за гэта іх узнагароджваюць медалямі і ордэнамі, павышаюць у званнях і пасадах. Я шчыра веру, што любая хлусня спараджае яшчэ большую хлусню, як і любы гвалт спараджае яшчэ большы гвалт. Таму я прашу не быць сёння галаслоўным, а быць толькі справядлівым».

belsat.eu

Стужка навінаў