«Пасля ўдару амапаўца з вуха палілася кроў»: у Горадні судзяць сведку збітага АМАПам таксоўца


1 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні пачалі судзіць гарадзенца Ігара Лазавіка, які да гэтага быў сведкам у справе збітага АМАПам таксоўца Аляксея Лапы. 20 кастрычніка на пасажыра таксі, сябра Аляксея, завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК, аднак пра гэта Лазавіку паведамілі толькі 13 лістапада. Яго вінавацяць у гвалце альбо пагрозе выкарыстання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў. Яму пагражае да 6 гадоў зняволення.

Вядзе працэс суддзя Віталь Лабоцкі.

Пацярпелы – міліцыянт Дзмітрый Рахунок.

1 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні пачалі судзіць гарадзенца Ігара Лазавіка, які да гэтага быў сведкам у справе збітага АМАПам таксоўца Аляксея Лапы.
Фота: Белсат

«Наехаў на амапаўца і спрабаваў уцячы»: версія абвінавачання

Паводле матэрыялаў справы, увечары 11 жніўня 2020 года Ігар Лазавік быў на пл. Дзекабрыстаў у Горадні ў аўтамабілі «Skoda Rapid». Кіроўца наехаў на амапаўца і спрабаваў уцячы. Пасля пагоні машыну заблакавалі сілавікі. Лазавік, які быў на пярэднім пасажырскім сядзенні, не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыянтаў разблакаваць дзверы і выйсці з машыны. А падчас прымусовага выцягвання з аўта і затрыманні ужыў сілу да Дзмітрыя Рахунка: наўмысна нанёс яму не менш за 6 удараў рукамі і нагамі. Пацярпелы атрымаў «менш цяжкія цялесныя пашкоджанні».

За перыяд часовай непрацаздольнасці сілавіку выплацілі больш за 1500 рублёў. Пракуратура накіравала ў суд пазоў аб кампенсацыі шкоды і арыштавала маёмасць абвінавачанага, а пасля яго дзеянні кваліфікавала паводле арт. 364 КК.

Ігару Лазавіку 30 гадоў. Намеснік дырэктара ў гарадзенскай фірме. Жанаты, мае аднагадовае дзіця.

1 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні пачалі судзіць гарадзенца Ігара Лазавіка, які да гэтага быў сведкам у справе збітага АМАПам таксоўца Аляксея Лапы.
Фота: Белсат

«Гадзіну праляжалі на асфальце ў крыві»: версія падсуднага

Таксовец Аляксей Лапа ўвечары 11 жніўня ездзіў з трыма сябрамі, сярод якіх Ігар Лазавік, па горадзе. Паехалі да пл. Дзекабрыстаў, прыпыніліся, каб папаліць, збіраліся з’язджаць, калі адчулі ўдары па машыне. Кіроўца Аляксей Лапа спалохаўся і рушыў з месца.

– Калі Аляксей адʼязджаў, да машыны падскочыў чалавек у чорным і пачаў біць па капоце. Ніякіх апазнавальных знакаў у яго не было, – узгадвае Ігар Лазавік.

Аўтамабіль адʼехаў метраў на 700, як дарогу перагарадзіў белы бус. Адзін з сілавікоў ударыў па лабавым шкле з боку пасажырскага месца.

Праз некалькі хвілінаў пасажыраў жорстка дасталі з аўтамабіля, кінулі на асфальт і пачалі збіваць 10−15 сілавікоў.

– У мяне з вуха палілася кроў. Пасыпаліся ўдары па тулаве, нагах, ягадзіцах, – распавядае Лазавік.

Кіроўца і пасажыры ляжалі ў крыві на праезнай частцы, на бітым шкле прыкладна гадзіну. Мінакам сілавікі казалі, што хуткая не патрэбная. Яе выклікалі прадстаўнікі Следчага камітэту, якія прыехалі для ўзбуджэння крымінальнай справы. Трое з чацвярых пасажыраў таксі трапілі ў шпіталь з траўмамі, сярод іх і Ігар Лазавік. Пасля абследавання яму пацвердзілі чэрапна-мазгавую траўму. Гарадзенец звяртаўся ў Следчы камітэт, каб праверылі факт збіцця сілавікамі. Аднак ва ўзбуджэнні справы адмовілі.

1 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні пачалі судзіць гарадзенца Ігара Лазавіка.
Фота: Белсат

«Адчуў боль у вобласці пальца»: версія пацярпелага амапаўца

Пацярпелым у справе праходзіць Дзмітрый Рахунок. 34 гады, старэйшы лейтэнант, камандзір роты АМАПу.

З ягоных словаў, увечары 11 жніўня ён працаваў на ахове правапарадку, у форме з апазнавальнымі знакамі. Паступіла інфармацыя, што каля кінатэатру адбываецца несанкцыянаваная акцыя. Калі туды прыехалі сілавікі, людзі пачалі разбягацца. Увагу амапаўцаў прыцягнуў аўтамабіль, куды сядалі ўцекачы. На акне была бел-чырвона-белая налепка. Паступіла інфармацыя, што на каленях пасажыра спераду быў бел-чырвона-белы сцяг.

Амапаўцы запатрабавалі выйсці з машыны, аднак пасажыры патрабаванне праігнаравалі. Адзін з сілавікоў Конан хацеў адкрыць дзверы, аднак машына пачала зʼязджаць і працягнула сілавіка некалькі метраў, збіўшы яшчэ аднаго амапаўца, Логішава. Машына зʼехала, міліцыя арганізавала перахоп. Другая аператыўная група заблакавала машыну.

– Дзверы машыны былі заблакаваныя знутры. Таму я разбіў шкло пярэдніх дзвярэй, каб затрымаць грамадзяніна. Ён пачаў наносіць мне ўдары, не менш за шэсць. Пасля затрымання я адчуў боль у вобласці пальца, звярнуўся па медычную дапамогу. Ніякага гвалту непасрэдна пасля затрымання я не ўжываў, – распавядае Рахунок.

Сярод пашкоджанняў, акрамя закрытага пералому пальца, у амапаўца былі крывападцёк на левым каленным суставе, сінякі на прадплеччах. Ён папрасіў выплаціць яму 1000 рублёў маральнай шкоды, грошы паабяцаў пералічыць на рахунак якога-небудзь дзіцячага дому.

Hавiны
«Рвалі сваё адзенне на пракладкі». У беларускіх турмах працягваюцца катаванні
2021.02.01 18:38

Калі адвакат пачаў задаваць пытанні, аказалася, Дзмітрый Рахунок шмат пра што забыў. Напрыклад, колькі дзён ён быў на бальнічным, якога полу быў следчы ў справе. Таксама адвакат назваў шэраг супярэчнасцяў: напрыклад, першапачаткова ў тлумачэннях Рахунка не было нічога пра бел-чырвона-белую налепку і сцяг, гаварылася пра тое, што пасажыры машыны паказвалі сілавікам сярэднія пальцы, стаялі ў шарэнзе і выкрыквалі палітычныя лозунгі.

«Ён мяне правакуе», – павысіў голас амапавец пасля чарговага ўдакладняльнага пытання, на які зноўку нічога не мог адказаць.

На судзе дапыталі таксама сведкаў: амапаўца Дзяніса Сераду, які затрымліваў кіроўцу таксі, а таксама міліцыянта Аляксандра Чарняўскага. Яны дакладна не бачылі, як і хто затрымліваў Лазавіка, і змаглі толькі распавесці пра пераслед і блакаванне аўтамабіля.

Наступнае паседжанне ў справе прызначанае на 8 лютага.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

 

Стужка навінаў