«Можаце яшчэ хоць 10 справаў на мяне завесці». МУС адмовілася ўзбуджаць справу за выкраданне Калеснікавай

МУС адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце выкрадання Марыі Калеснікавай, піша тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Паведамляюць, што заяву Калеснікава падала яшчэ 10 верасня. Яна назвала імёны і пасады людзей, якія арганізавалі ейнае выкраданне, пагражалі ёй і гвалтоўна спрабавалі вывезці з Беларусі. Следчы камітэт накіраваў дакумент у МУС, які і адмовіў жанчыне.

«Увага! Рашэнне ўзбуджаць ці не ўзбуджаць крымінальную справу прымае «Міністэрства», намеснікі кіраўнікоў якога асабіста арганізавалі і здзейснілі гэтыя злачынствы.

27 студзеня я атрымала адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Ці здзіўленая я? О, не! Там, у кабінеце [кіраўніка ўнутраных войскаў Мікалая] Карпянкова, спадары [намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь] Казакевіч і Паўлючэнка (хутчэй за ўсё, Калеснікава мела на ўвазе былога камандзіра СОБР Дзмітрыя Паўлічэнку. – «Белсат») ва ўсіх дэталях распавялі, што мяне чакае, калі я не пакіну краіны: СІЗА, турмы, зневажальныя надгляды, падарванае здароўе, забыццё. Я забудуся на кнігі (Гарары, Гокінг, чао!), на музыку таксама, бо мне пераломяць пальцы, праз месяц на мяне ўсе забудуцца. 25 гадоў у калоніі, дзе я буду яму (Казакевічу) шыць форму, якую ён будзе апранаць з асаблівых нагодаў. Так што не, не здзіўленая.

Я буду далей звяртацца ў Генеральную пракуратуру, у суд, а вы можаце яшчэ хоць 10 справаў на мяне завесці. Вас гэта ўжо не выратуе. Вы гэта зрабілі – вы гэта ведаеце, я ведаю, вашы міністры ведаюць, кіраўнік дзяржавы ведае, калегі і суўдзельнікі ведаюць, сведкі (а іх нямала), вашы дзеці ведаюць, жонкі, вашы бацькі, сябры і блізкія. Вы гэта зрабілі!» – звярнулася да сілавікоў Калеснікава.

Летась 7 верасня Калеснікаву затрымалі невядомыя людзі і нібыта паспрабавалі вывезці з Беларусі. Сцвярджаюць, што на беларуска-ўкраінскай мяжы сябра Каардынацыйнай рады парвала свой пашпарт, і таму яе вымушана вярнулі ў Менск.

ЯП, belsat.eu

Hавiны