Лукашэнка апазіцыі: «Праводзьце «форум замежжа», ніхто ж не перашкаджае»

Сёння Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб рыхтаванні да Усебеларускага народнага сходу. Ён не абмінуў увагай і скептычнае стаўленне беларускай апазіцыі да гэтага форуму, піша БелТА.

«На злосць яшчэ раз паўтаруся: тут некаторыя – перш за ўсё беглыя і гэтак званыя апазіцыянеры – плачуць і рыдаюць, што калі не трапяць на Усебеларускі народны сход, значыць, нелегітымна. Па-першае, я сказаў, што абіралі людзей, якія жывуць у нашай краіне. А беглых будуць абіраць у Польшчы, Літве. Хтосьці, відаць, ва Украіне, нехта, магчыма, у Расеі, хоць троху. Але ў нас няма такога, каб мы за мяжой кагосьці абіралі. Мы толькі гасцей запрашаем.

Яны абвесцілі байкот УНС. Калі вы яго байкатуеце, то чаго рыдаеце? Вы абвесцілі байкот – байкатуйце. Больш за тое, праз пэўны час пасля абвешчання байкоту яны вырашылі правесці «форум замежжа». Ну, праводзьце, ніхто ж не перашкаджае. Збірайцеся ў Польшчы, Літве і праводзьце», – параіў Лукашэнка.

Не вельмі зразумела, што за «форум замежжа» ён меў на ўвазе. Альтэрнатыва УНС ад апазіцыі – пляцоўка «Сход», браць удзел у якой могуць не толькі беларусы-эмігранты. Паседжанні плануюць арганізаваць онлайн.

ЯП, belsat.eu

Hавiны