«Казаў, што пайсці супраць людзей не здолее». У Горадні павесіўся экс-амапавец


25 студзеня ў гарадзенскім шматпавярховіку знайшлі павешанага хлопца. 21-гадовы Максім Н. летась звольніўся з АМАПу, піша гарадскі блог S13.ru.

Жонка Максіма кажа, што не можа да канца паверыць у версію самагубства. За дзве гадзіны да трагедыі яна размаўляла з мужам і нічога дзіўнага ў голасе не заўважыла.

«Ён быў удома, у той дзень хацеў паехаць да бацькоў у іншы горад, папрасіў зарэзерваваць яму квіток, што я і зрабіла. Перад тым ён збіраўся з братам у аквапарк. Аднак увечары перастаў адказваць на тэлефанаванні: мае, брата, сяброў. Я прыехала дадому – і ўбачыла ўсё… Мяне збянтэжылі і ключы, што ляжалі на падлозе, і разбітая лямпа… Пры гэтым у Максіма не было аніякіх драпінаў ці парэзаў».

Паводле ейных словаў, з міліцыі хлопец звольніўся яшчэ ў верасні па стане здароўя. Перад тым ён быў на бальнічным, а ўдзелу ў жнівеньскіх падзеях не браў.

«Ён наогул заўжды намагаўся прытрымлівацца нейтральнай пазіцыі, не прымаў нічыйго боку. Але казаў, што пайсці супраць людзей не здолее».

У гарадзенскай міліцыі пацвердзілі, што Максім працаваў у іх да верасня. Там кажуць, што ён адзначаўся апалітычнымі поглядамі, а звальняцца збіраўся даўно – ніякага дачынення да падзеяў у краіне гэтае рашэнне не мае.

У хлопца засталася аднагадовая дачка.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў