Дальнабойшчык, які перагарадзіў дарогу машынай, атрымаў 7 гадоў узмоцненага рэжыму


Суд Савецкага раёну Менску абвесціў прысуд палітвязню Дзмітрыю Дубкову. Як і прасіла пракурор, мужчына атрымаў 7 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Мужчыну вінававацілі паводле ч. 3 арт. 214 (неправамернае авалоданне транспартным сродкам з ужыткам ці пагрозай гвалту) і ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых закалотах). Паводле версіі следству, у ноч з 10 на 11 жніўня 29-гадовы дальнабойшчык удзельнічаў у пратэстах каля менскай станцыі метро «Пушкінская». Яго папрасілі перагарадзіць дарогу чужой машынай – ён гэта зрабіў. Пры гэтым палітвязень нібыта пагражаў прадметам, падобным да пісталета.

Дзмітрый сцвярджаў, што яго сапраўды прасілі перагнаць машыну, але папярэдняй змовы і пісталета не было. Мужчына адразу вярнуў ключы і адмовіўся ўязджаць у сілавікоў.

«Падобнае недапушчальна ў прававой дзяржаве, мяне паўгода трымаюць у палоне. Дзяржаўныя СМІ абвінавацілі мяне ў тым, што я быў адным з тых, хто нападаў. Я не згодны з вынікамі выбараў, бо дзяржава дзейнічае ў інтарэсах адной асобы. Я не разумею, чаму гэта адбываецца. Цяпер сотні сядзяць ні за што, і яны знаходзяцца ў палоне ў аднаго чалавека, які заяўляў пра свае злачынствы», – падсумаваў Дубкоў у сваім апошнім слове.

Ён атрымаў шэсць гадоў зняволення – па 214 артыкуле, пяць – па 293, а па сукупнасці пакаранняў – сем. Таксама з яго пастанавілі спагнаць пошліну – 890 рублёў 40 капеек.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў