Чаму Каліноўскі – герой беларускага народу? 5 тэзісаў

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

2 лютага 1838 года ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету нарадзіўся чалавек, які пражыў усяго 26 гадоў, але пра якога гісторыкі і публіцысты спрачаюцца дагэтуль. Аднак ён ужо назаўсёды стаў часткай беларускай гісторыі.

Чаму ж можна ўпэўнена казаць, што Кастусь Каліноўскі стаў героем беларускага народу?

1. Кастусь Каліноўскі меў моцны характар, смела дзейнічаў у падполлі і аддаў сваё жыццё за свае перакананні. Там, дзе ён дзейнічаў, стварыў найбольш магутную і баяздольную арганізацыю паўстання 1863 года.

Кастусь Каліноўскі ў 1863 годзе. Крыніца: Вікіпедыя

Пасля арышту расейскімі ўладамі кіраўнік паўстанцаў, ведаючы, што яму пагражае смерць, адмовіўся даваць паказанні пра іншых асобаў: «Усведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху».

2. Каліноўскі пачаў выдаваць першую газету на беларускай мове – нелегальную «Мужыцкую праўду». Газета вучыла чытача не быць пасіўнай ахвярай начальства, а разумець, што адбываецца навокал, браць удзел у грамадска-палітычным жыцці, бараніць свае правы, у тым ліку са зброяй у руках. Гэтыя пытанні актуальныя для Беларусі нават цяпер, не кажучы ўжо пра ХІХ стагоддзе.

Часам згадваюць, што газета мела выразны антыправаслаўны характар. Аднак прыгадаем, што Каліноўскі ніяк не піша пра праваслаўе, ён піша пра «маскоўскую веру». А чым тады была Расейская праваслаўная царква? Проста чарговым дэпартаментам расейскай дзяржавы. Не было тады ў яе ані патрыярха на чале, ані самастойнасці ў дзеяннях ці ацэнках. Кіраваў гэтай царквой з часу Пятра І Сінод, які заставаўся пад поўным кантролем свецкага чыноўніка, прадстаўніка расейскага імператара – обер-пракурора Сіноду. У час паўстання гэта быў генерал-маёр Аляксей Ахматаў.

За 50 гадоў да паўстання 1863 года гэтая ўстанова на загад расейскага імператара называла ў казанях Напалеона «антыхрыстам». То бок вернікаў подла падманвалі, цудоўна разумеючы, што кажуць з амбонаў нахабную хлусню.

Такім чынам для Каліноўскага і значнай колькасці беларускага насельніцтва, якое зусім нядаўна – у 1839 годзе – гвалтам перавялі з грэка-каталіцтва ў «маскоўскую веру», гэта часта было ніякае не праваслаўе, а проста акупацыйная ідэалагічная ўстанова.

Старонка «Лістоў з-пад шыбеніцы». Крыніца: Вікіпедыя

3. Асаблівую ўвагу Каліноўскі звяртаў менавіта на продкаў 99 % сучасных беларусаў – на сялянаў. Ён хацеў з саслоўнага грамадства, якое захоўвалася ў Расейскай імперыі, стварыць супольнасць раўнапраўных грамадзянаў – адзіную палітычную нацыю. Таму да сваіх чытачоў Каліноўскі і звяртаўся: «Браты мае, мужыкі родныя».

Акрамя таго, Каліноўскі выступаў за значна радыкальнейшую зямельную рэформу, чым тая, на якую згаджаліся больш кансерватыўныя «белыя» ўдзельнікі паўстання, а тым больш – чым расейская рэформа 1861 года. З гэтай прычыны мясцовая буйная шляхта ў пачатку 1863 года дамаглася роспуску Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі, які ўзначальваў Каліноўскі.

Менавіта таму тую палітычную плынь, да якой ён належаў, расейскія дакументы таго часу называюць «чырвонымі літвінамі». Такім чынам, зноў жа дзейнасць і ахвярнасць Каліноўскага мелі за мэту дабро пераважнай большасці нашага народу.

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864. Калона праходзіць праз Вострую браму. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

4. Больш за тое, паўстанне і дзейнасць Кастуся Каліноўскага мелі і непасрэдныя матэрыяльныя наступствы, якія спрыялі нашым продкам. Рэч у тым, што расейская рэформа 1861 года прымушала вызваленых сялянаў выкупляць зямлю, якую яны апрацоўвалі, прычым па кошце, які быў значна вышэйшы за рынкавы. Гэтак, у Беларусі і ў расейскіх нечарназёмных раёнах рынкавы кошт усіх сялянскіх земляў складаў 544 мільёны рублёў, а сяляне мусілі заплаціць 867 мільёнаў.

У выніку гэтага сяляне трапілі ў літаральную кабалу – яны выплочвалі гэтыя грошы дзесяцігоддзямі аж да 1907 года.

Аднак дзякуючы паўстанню і нацыянальна-дэмакратычнай агітацыі Каліноўскага расейскія ўлады пайшлі на саступкі нашым продкам. Ведаючы, што беларускія сяляне могуць масава падтрымаць паўстанцаў, царская ўлада ў 1863 годзе знізіла на 20 % кошт плацяжоў за зямлю.

У ліпені 2017 г. падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні знайшлі парэшткі 20 асобаў. Даследнікі Віленскага ўніверсітэту прыйшлі да высновы, што з верагоднасцю 95 % сярод іх ёсць і парэшткі Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863–1864 гг.

5. Кастусь Каліноўскі выступаў за самастойнасць ці аўтаномію тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага – то бок сучасных Літвы і Беларусі. Пра гэта сведчаць як польскія, гэтак і расейскія крыніцы таго часу.

«Настойліва праводзіў ідэю пра самастойнасць Літвы», – пісаў пра Каліноўскага сучаснік тых падзеяў расейскі генерал-маёр В. Ф. Ратч у данясенні. «Літвін-сепаратыст», – называў яго адзін з правадыроў «белых» у паўстанні 1863 года Якуб Гейштар.

У той час нашыя землі ня мелі ніякай палітычнай суб’ектнасці – былі звычайнымі заходнімі губернямі Расеі. Пры гэтым ідэя беларускага нацыяналізму яшчэ толькі зараджалася, шляхта пераважна мела польскую свядомасць, а сяляне ў значнай ступені ўвогуле не мелі нейкай канкрэтнай нацыянальнай свядомасці – «не ведаюць сваёй нацыянальнасці», як пісалі ў той час расейцы.

Такім чынам Кастусь Каліноўскі, які адным з першых у ХІХ стагоддзі паставіў пытанне пра палітычную субʼектнасць нашых земляў і народу і за гэта загінуў, адназначна мае права на месца ў беларускім нацыянальным пантэоне.

 

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў