Украіна не выключае, што міграцыйная плынь з Беларусі можа павярнуцца ў яе бок


Новы год у Беларусі сустрэлі тысячы замежных грамадзянаў, якія імкнуцца трапіць у ЕЗ праз «беларускі транзітны калідор». «Белсат» пагутарыў з іракцамі, якія спрабавалі перайсці з тэрыторыі Беларусі ў Літву і Польшчу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.Мігранты стаяць у чарзе па харчаванне ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. 22 снежня 2021 года.
Фота: Максім Шаметаў / Reuters / Forum

Мухамэд – адзін з тых, хто спрабаваў трапіць у Еўразвяз праз Беларусь. Грамадзянін Іраку распавёў нам, што пераходзіў і беларуска-літоўскую, і беларуска-польскую межы, але еўрапейскія памежнікі вярталі мужчыну зноў у Беларусь. У тэлефоннай размове ён распавёў нам, што давялося яму перажыць.

– Я прыехаў у Беларусь, і затым хацеў ехаць да нашых людзей, сваякоў у Нямеччыне. У Беларусь прыехаў, каб трапіць у Польшчу, затым у Нямеччыну. Мы хочам лепшага жыцця ў Германіі. У маёй краіне няма грошай, няма працы, няма нічога, нам дрэнна, няма будучыні. Кожны дзень вайна. Я прыехаў у Беларусь, затым паехаў у лес. 12 дзён я быў у лесе. Няма ежы, вады, агню. Яны ненавідзелі нас. Мы ўсе маглі памерці.

– Што з вамі здарылася? Што адбывалася на мяжы?

– На мяжы міліцыя Беларусі злавіла нас цёмнай ноччу і штурхала ў Літву, штурхала нас у раку. Вельмі, вельмі холадна. Казалі нам: «Ідзіце ў Літву, калі не пойдзеце – заб’ем». Мы ідзем у Літву. Літоўцы падыходзяць і кажуць нам: «Калі не пойдзеш у Беларусь, я забʼю цябе». Паліцыя Літвы казала нам, што забʼюць нас. Руля была ля маёй галавы. На мяжы міліцыя Беларусі забрала мабільны і зламала. Але два чалавекі маюць мабільны. Мы сказалі міліцыі Беларусі: «Калі ласка, пусціце нас сысці ў Менск, дайце нам сысці назад». Яны казалі, што не могуць нам даць вярнуцца. Казалі, што мы павінны ісці ў Літву: «Памірайце ў Літве і не вяртайцеся». А мы ідзем у Літву, нас бʼюць, ненавідзяць нас, штурхаюць нас у раку. Літоўцы казалі нам, каб мы вярталіся ў Беларусь і паміралі там. Куды б мы ні пайшлі, усюды казалі нам: «Калі вы не вернецеся, мы забʼем вас».

– Дзе вы цяпер?

– Пасля 12 дзён у лесе мы вярнуліся назад у Беларусь.

– Ці ёсць людзі ў Беларусі, якія вам дапамагаюць?

– Няма. Ніхто не дапамагае нам.

Hавiны
«План Б – шукаць іншы шлях у Еўразвяз». Што далей будзе з мігрантамі ў Брузгах?
2021.11.26 13:37

– Чаму вы не хочаце застацца ў Беларусі?

– Нам трэба ісці ў Польшчу, пасля Польшчы мы хочам ісці ў Нямеччыну, але паліцыя не дазваляе. Хочаце, каб мы вам паслалі відэа?

– Відэа? Так! Што на гэтым відэа?

– Гэта мы ў лесе паміж Беларуссю і Літвой. Гэта я на відэа сплю. На гэтым відэа адзін чалавек памірае. Іншыя людзі вельмі хворыя. Мы змаглі вярнуцца ў Беларусь. Калі б мы не вярнуліся сюды, мы б памерлі. Калі паліцыя ўбачыць мяне, я не ведаю, што будзе са мной. Мы вельмі напалоханыя. Мы хочам яшчэ раз пайсці ў Польшчу, затым у Нямеччыну. Да лепшага жыцця.

Пуцёўка ў Беларусь – $ 5000

Каб дабрацца да Беларусі, замежнікі плацяць вялікія грошы, часцей за ўсё ім прыходзіцца прадаваць усё, што маюць. Напрыклад, Раўанд Набіль з Іраку ў перапісцы з намі распавёў, што за «пуцёўку» ў Беларусь для ягонай сям’і з пяці чалавек заплаціў $ 30 000. Яшчэ адзін наш суразмоўца – Біляль Мухамэд, курд з Іраку, кажа, што кошты на паслугу пачалі расці з падвышэннем попыту на яе.

– Некалькі месяцаў таму атрымаць візу ў Беларусь было вельмі танна – тысяча пяцьсот долараў. Але па візы стала звяртацца так шмат людзей, што цана рабілася ўсё вышэйшай, часам даходзіла да пяці тысяч долараў – гэта толькі на аднаго чалавека, каб атрымаць візу ў Беларусь. Спачатку гэта быў лёгкі шлях, шмат хто ў самым пачатку трапіў у Еўропу, а потым віза рабілася ўсё даражэйшай і даражэйшай, і для нас сітуацыя пагоршылася. Некаторыя купілі квіткі і выдаткавалі ўсе свае грошы, якія яны зарабілі за апошнія дваццаць ці трыццаць гадоў, да апошняга. Кожны цэнт – усё, што яны збіралі на працягу жыцця. А пасля гэтага зноў даводзіцца плаціць, каб трапіць у Польшчу, а затым – у Нямеччыну. Ёсць пэўныя людзі, якія займаюцца гэтым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты заладоўваюць тэлефоны ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. Лістапад 2021 года.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

Тым мігрантам, у каго атрымалася апынуцца на тэрыторыі Польшчы, даводзіцца плаціць за таксоўку да Нямеччыны. Колькі каштуе такая паслуга, невядома. Але ў сацыяльных сетках жыхарам Польшчы прапаноўваюць за працу кіроўцы, які перавязе нелегальных мігрантаў, ад € 2400 за рэйс. Пад выглядам чалавека, які шукае працу, мы адгукнуліся на вакансію.

Тэлефонная размова: «Наша праца мае пэўную спецыфіку. А канкрэтна яна палягае на перавозе людзей, якія не маюць афіцыйнага статусу на тэрыторыі Еўразвязу. Аплата за перавезенага чалавека – 400 еўраў. Загрузка – ад чатырох. Я вам так скажу, яны могуць загрузіцца як заўгодна. Тут не пра камфорт гаворка. Звычайна ў машыну, да прыкладу, у легкавую, яны могуць учатырох ззаду сесці. Яны могуць легчы там як заўгодна. Тут галоўнае, каб аўтамабіль не прасаджваць. І пажадана, каб заднія шыбы былі танаваныя, бо хлопцы ў нас смуглявыя».

Украіна не выключае, што міграцыйная плынь з Беларусі можа павярнуцца ў яе бок, таму ўжо цяпер памежнікі рыхтуюцца да патэнцыйнага наплыву іншаземцаў

Андрэй Дэмчанка, спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны:

– Мы добра бачым, якая сітуацыя складваецца на межах краін Еўропы, у прыватнасці Польшчы, Літвы, Латвіі. Паколькі ў пэўнай ступені да гэтых патокаў нелегальных мігрантаў датычныя дзяржаўныя органы Беларусі, і мы гэта добра фіксуем, мы не выключаем, што ў любы момант яны могуць быць накіраваныя ў бок Украіны. З гэтай нагоды было праведзена пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Былі дадзены выразныя ўказанні для ўзмацнення дзяржаўнай мяжы Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. Лістапад 2021 года.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

На дадзены момант задзейнічаныя каля васьмі з паловаю тысяч вайскоўцаў і паліцыянтаў, гэта сілы Дзяржаўнай памежнай службы, Нацыянальнай гвардыі і паліцыі, яны будуць выкарыстоўвацца найперш.

Мы рыхтуемся да таго, каб стаяць на лініі мяжы, і не будзем прапускаць мігрантаў на тэрыторыю Украіны. Калі будзе сітуацыя, як і ў Польшчы.

Бываюць сітуацыі, калі нелегальныя мігранты пэўнымі групамі могуць трапіць на тэрыторыю Украіны. Будзе ўжывацца працэдура рэадмісіі, то бок вяртання ў Беларусь. Калі ж беларускі бок з нейкіх прычынаў не захоча прымаць гэтых людзей, то тады ўжываецца зноў жа механізм прымусовага вяртання ці высылання гэтых людзей у краіны паходжання або ў трэція краіны.

  • Летась, цягам лістапада-снежня, на вьасмі эвакуацыйных авіярэйсах Беларусь пакінулі 3139 грамадзянаў Іраку. Колькі замежных грамадзянаў, якія маюць намер нелегальна патрапіць на тэрыторыю ЕЗ, застаюцца ў Беларусі – афіцыйна не паведамляецца.

Чытайце таксама:

АМ belsat.eu

Стужка навінаў