«Ужылі фізічную сілу». У СК пракаментавалі смерць жыхара Рэчыцы пасля затрымання


У Следчым камітэце сцвярджаюць, што смерць 27-гадовага Дзмітрыя Усхопава не носіць траўматычны характар, але прызнаюць, што ў дачыненні затрыманага ўжывалася фізічная сіла.

У СК кажуць, што жыхара Рэчыцы міліцыянты затрымалі ў навагоднюю ноч, у 23:10, на прыпынку грамадскага транспарту, бо ён быў моцна п’яны (тое, што мужчына быў нападпітку прызналі ў размове з журналістамі і сваякі загінулага). Паводле Следчага камітэту, «праз непадпарадкаванне з яго боку да мужчыны ўжылі фізічную сілу».

«Мужчыну даставілі ў Рэчыцкі РАУС, затым у межах адміністратыўнага працэсу павезлі на медагляд у раённую лякарню. Пры падʼездзе да медычнай установы мужчыну стала кепска. Яго экстранна даставілі ў прыёмны пакой, дзе пачалі праводзіць рэанімацыю. Нягледзячы на намаганні лекараў, у 1:20 канстатавана смерць», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Для высвятлення прычыны смерці прызначана судова-медычная экспертыза.

«Паводле папярэдніх высноваў экспертаў, смерць ня носіць траўматычнага характару – на целе памерлага не выяўленыя пашкоджанні ўнутраных органаў, пераломаў костак. Чакаецца заключэнне экспертнага даследавання на наяўнасць у крыві алкаголю, наркатычных і іншых рэчываў».

Hавiны
У Рэчыцы пасля затрымання і збіцця памёр 27-гадовы мужчына
2022.01.02 13:24

27-гадовы жыхар Рэчыцы Дзмітрый Усхопаў памёр у ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Ён быў затрыманы на аўтобусным прыпынку, а праз нейкі час міліцыянты прывезлі яго ў прыймальны пакой раённай лякарні ў стане клінічнай смерці. Паводле сваякоў, адзенне на ім было разарванае, ён быў увесь аж да ніжняй бялізны абліты вадой. На левай скроні круглая рана памерам каля 1,5 сантыметры. Запясці на руках, куды звычайна міліцыянты надзяваюць кайданкі, мелі сіні колер. Сваякі Дзмітрыя Усхопава перакананыя, што яго моцна збівалі ў аддзеле міліцыі. «Яны яго забілі – міліцыя забіла», – заявіла «Нашай Ніве» маці загінулага Алена Міхайлаўна.

У Дзмітрыя Усхопава засталася 5-гадовая дачка.

РР belsat.eu

Стужка навінаў