«Не хавала свайго твару». З ГрДУ звольнілі кандыдатку педагагічных навук Марыну Салтыкову-Валковіч


У Беларусі працягваецца хваля палітычных звальненняў: працы масава пазбаўляюць непажаданых уладзе работнікаў заводаў, больніцаў, музеяў, тэатраў, школ і ўніверсітэтаў. Не абмінулі палітычныя звальненні і Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Кандыдатка педагагічных навук, дацэнтка Марына Салтыкова-Валковіч больш за 20 гадоў працавала ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Родам з Украіны, пераехала з бацькамі ў школьным узросце ў Горадню. Вучылася ў ГрДУ, спачатку працавала сацыяльным педагогам у школе. Скончыла аспірантуру і засталася ва ўніверсітэце. Любіла займацца цяжкімі падлеткамі, іх сацыялізацыяй.

Марына Салтыкова-Валковіч.
Фота: Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы

«Жнівеньскія падзеі 2020 года цалкам змянілі маю свядомасць. Раней я была далёкая ад палітыкі. Але пасля затрымання Сяргея Ціханоўскага і ўсіх падзеяў, што адбыліся, мяркую, сотні тысяч людзей змянілі свае погляды гэтак жа, як і я. Вечарам 9 жніўня, пасля выбараў, я пайшла гуляць, і бачыла, як у парку недалёка ад майго дому хапалі мірных людзей як нейкіх страшных злачынцаў. Гэта быў жах, які не мог пакінуць абыякавым», – распавядае ў гутарцы з «Белсатам» жанчына.

Пасля гэтага яна далучылася да тэлеграм-чату «ГрДУ пераменаў». Не хавала свайго твару, бо хацела падтрымаць студэнтаў: каб яны бачылі, што выкладчыкі, кандыдаты навук таксама з імі ў гэтым чаце.

Мітынг у Горадні 19 жніўня 2020 г.
Фота: Белсат

Пасля выбараў адбыліся хваляванні і выступы студэнтаў ГрДУ. На адзін з мірных пікетаў, якія зладзілі студэнты каля ўніверсітэту, выклікаў міліцыю прарэктар па выхаваўчай і ідэалагічнай працы Васіль Сянько.

«Я пракаментавала гэта ў чаце – Сянько, выклікаўшы на дзяцей міліцыю, проста зганьбіў сябе», – узгадвае спадарыня Марына.

У тыя пратэсныя дні ва ўніверсітэт прыйшла рэктарка Ірына Кітурка. На сходзе выкладчыкаў яна казала пра тое, што не трэба чытаць розных тэлеграм-каналаў, задавалася пытаннем, чаму выкладчыкі не хочуць бачыць харошае, а бачаць толькі кепскае. Разам з гэтым паабяцала нікога не звальняць за пазіцыю. Праўда, папярэдзіла, каб нічога не абмяркоўвалася ў аўдыторыях, толькі – на сваіх кухнях.

«Але пазіцыя рэктара стала дакладна зразумелай хаця б па тым факце, што ў журы ўніверсітэцкага конкурсу прыгажосці яна запрасіла Юрыя Караева (памочнік Лукашэнкі ў Гарадзенскай вобласці. – Заўв. belsat.eu), і паўсюль побач з ім на фотаздымках з розных мерапрыемстваў», – адзначыла спадарыня Марына.

Пасля яна пачала хадзіць на суды ў палітычных справах. Да паплечнікаў Сяргея Ціханоўскага, блогера Вадзімаці і іншых.

«Нават простая прысутнасць у судовай зале – ужо вялікая падтрымка для вязняў, іх родных. Старалася таксама пісаць лісты палітвязням, каб яны ведалі, што пра іх не забываюць, хоць улады рабілі ўсё, каб пра гэтых людзей забыліся, каб іх не падтрымлівалі», – кажа спадарыня Марына.

Hавiны
«Галоўнае цяпер – чысціня кадраў». Дзяржслужачыя пра працу «да канца» і рост заробкаў
2021.12.28 11:51

Восенню 2021 пачалася новая хваля палітычных звальненняў за іншадумства. Масавая чыстка прайшла ў ГрДу. Пад яе трапіла і наша суразмоўца. Усім, каго звальняюць з універсітэту, даюць так званыя характарыстыкі – «воўчы білет». З гэтай характарыстыкай нельга ўладкавацца не тое што ў іншы ўніверсітэт, але ні ў школу, ні ў краму.

Марына Салтыкова-Валковіч. Фота прапанаванае рэдакцыі

«Мяне звольнілі на згоду бакоў. Спачатку дэкан правёў са мной прафілактычную гутарку. Наколькі ведаю, такія гутаркі праводзіліся са многімі выкладчыкамі ўніверсітэту, якія выказвалі сваю пазіцыю. Праз тыдзень пасля гэтага чат «ГрДУ пераменаў» прызналі экстрэмісцкім. Праз некаторы час мяне зноўку выклікаў да сябе дэкан, сказаў, што на мяне сабраныя пэўныя матэрыялы, ён не можа мяне абараніць, і кіраўніцтва ўніверсітэту перадае, што яно больш не мае патрэбы ў маіх паслугах. Маўляў, вы ж разумееце, не крыўдуйце на мяне, я нічога не змог зрабіць, хоць і спрабаваў вас абараніць», – распавядае спадарыня Марына.

Яна адзначае, што гэта стала сапраўдным ударам для яе. Дапрацоўваць апошнія дні ва ўніверсітэце было нават фізічна цяжка.

«Сказаць, што гэта паламаны лёс, – гэта нічога не сказаць. На людзях я трымалася, але прыходзіла дадому і проста крычала ад болю. Дзён 10 не магла есці, спаць. Я заўсёды вельмі трымалася за сваю працу, я яе вельмі любіла. Любіла і паважала ўсіх сваіх калег. Там працуюць цудоўныя, творчыя людзі, і кафедра ў нас – выдатная. Мне вельмі шкада, што я з імі развіталася. Любіла студэнтаў, і яны мяне таксама. Калі я ў «Інстаграме» напісала, што мяне звольнілі, ён проста ўзарваўся ад паведамленняў падтрымкі. Некалькі дзён мне пісалі студэнты, завочнікі, мае магістранты, выпускнікі – Марыя Уладзіміраўна, як жа так, мы вас так любім. Гэта быў сапраўдны глыток паветра для мяне», – узгадвае спадарыня Марына.

Марына Салтыкова-Валковіч. Фота прапанаванае рэдакцыі

Са словаў Марыны Салтыковай-Валковіч, да некаторых выкладчыкаў пасля звальнення прыходзілі з вобшукамі, кагосьці затрымлівалі. Яна не стала чакаць, калі да яе пагрукаюць, і з’ехала ў Польшчу.

«Гэта невыносна – чакаць, што па цябе прыйдуць. Цяпер тузаюць людзей, якія наогул практычна нічога не рабілі, ніяк сябе не праяўлялі. Так у 50 гадоў я вымушаная пачынаць жыццё з нуля. Рашэнне пераехаць далося мне вельмі цяжка. Я вельмі хачу вярнуцца», – адзначае спадарыня Марына.

Разам з тым яна перакананая, што масавыя звальненні – гэта падножка для самога рэжыму.

«Гэта катастрофа спачатку для нас, але хутка стане катастрофай і для іх. Людзі, якія былі далёкія ад палітыкі, бачаць, што гэта зусім блізка, і калі не цябе звольнілі, то кагосьці з тваіх знаёмых, сяброў ці сваякоў. Калі моцна пераціснуць, усё ўзарвецца, гэта закон фізікі. Гэта як каронавірус. Спачатку ён быў дзесьці далёка, у Кітаі. Мы паспачувалі кітайцам, але гэта ж далёка. А пасля першы хворы чалавек з’явіўся ў Горадні. І праз некалькі месяцаў у што ператварыў вірус нашу краіну ды ўвесь свет? Тут тое самае. Калі здаецца, што цябе гэта не да тычыць, ты далёкі ад палітыкі, яна ўсё роўна ўварвецца ў тваё жыццё і закране кожнага, тым ці іншым чынам», – кажа спадарыня Марына.

Гісторыі
Усё спакойна, але кадры ўцякаюць. Спыталі, што адбываецца на дзяржаўных прадпрыемствах
2021.08.30 18:17

Чаму ўлады пайшлі на масавыя звальненні? Наша суразмоўца мяркуе, што імі кіруе страх.

«Ад страху яны сталі як расперазаныя бандыты, якіх ніхто не спыняе. Ад гэтага страху і беспакаранасці яны ўсё далей працягваюць ламаць лёсы і жыцці. Спачатку самых актыўных, пасля такіх, як я, – хто праяўляў салідарнасць, хадзіў на суды і пісаў лісты палітвязням. Цяпер яны ўзяліся за тых, хто асабліва ніяк сябе не праяўляў, далей прыйдуць па тых, хто лічыць, што «яго хата з краю». Гэта закране кожнага. А пасля яны стануць паядаць самі сябе. Бо спыніцца самастойна гэты махавік не можа», – адзначае спадарыня Марына.

Раней працу ў гарадзенскім універсітэце згубілі прафесар, доктар педагагічных навук Аляксандр Мурашоў, які ў жніўні 2020 напісаў адкрыты ліст Лукашэнку, а таксама старэйшы выкладчык кафедры агульнай фізікі Валянцін Аскірка.

Аналітыка
«Пік звальненняў іншадумцаў яшчэ наперадзе». Што адбываецца сёння ў беларускай культуры?
2021.12.22 10:51

СП belsat.eu

Стужка навінаў