У Беластоку правядуць конкурс дэкламатараў беларускай паэзіі да Дня роднай мовы


Беластоцкі фонд «Тутака» анансаваў ІІ Міжнародны дэкламатарскі конкурс для аматараў беларускай паэзіі. Да ўдзелу запрашаюць усіх ахвотных: трэба толькі запісаць відэа, прачытаўшы верш па-беларуску. Аўтараў найлепшых відэа запросяць у фінал.

Лагатып ІІ Міжнароднага дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы. Выява: Fundacja Tutaka / Facebook

Асноўная ўмова ўдзелу ў конкурсе – дэкламацыя вершу або фрагменту вершу працягласцю не больш за 5 хвілінаў. Праца павінна быць выкананая толькі на беларускай мове.

Конкурс праходзіць за два этапы: адборачны і фінальны. Рэгламент конкурсу і ўсе падрабязнасці тут: па-беларуску і па-польску.

Для ўдзелу ў адборы трэба даслаць відэа дэкламацыі вершу разам з формай заяўкі (анкета тут: у DOC і ў PDF) да 31 студзеня 2023 года на электронны адрас арганізатара: konkurs@tutaka.org (відэа таксама можна запампаваць на сэрвісы «WeTransfer», «Dropbox» ці «Google Drive» і даць у лісце спасылку на запампаванае). Відэа можна зняць проста на тэлефон. Пры адпраўцы відэа ўдзельнік дае згоду на публікацыю гэтага відэа ў сацыяльных сетках арганізатара.

Па заканчэнні першага этапу, да 10 лютага, журы адбярэ ўдзельнікаў другога этапу.

Фінал конкурсу адбудзецца ў Тэатры лялек у Беластоку 21 лютага 2023 года – у Дзень роднай мовы, які быў заснаваны UNESCO ў 1999 годзе.

Фіналісты будуць запрошаныя арганізатарамі ў Беласток для выбару пераможцаў. У фінальнай частцы конкурсу таксама можна выступіць у рэжыме онлайн. Кожнаму фіналісту абяцаюць падарунак.

Удзельнікі конкурсу падзеленыя на тры катэгорыі:

  • дзеці да 12 гадоў;
  • дзеці і падлеткі ад 12 да 16 гадоў;
  • моладзь ад 16 гадоў і дарослыя.

Кваліфікаваныя чальцы журы праслухаюць кожнага ўдзельніка, будуць ацэньваць дэкламатараў паводле наступных крытэрыяў:

  • выбар твору (мастацкая каштоўнасць твораў і выканальніцкае майстэрства дэкламатараў);
  • тэхніка і выразнасць маўлення;
  • агульная артыстычная экспрэсія.

У кожнай узроставай катэгорыі ў фінале будуць вызначаны тры пераможцы (1-е, 2-е і 3-е месцы адпаведна). За перамогу прадугледжаныя грашовыя прызы.

Пытанні арганізатарам можна дасылаць на электронны адрас фонду konkurs@tutaka.org, у мэсэнджары ў сацыяльныя сеткі (Facebook, Instagram, Telegram, Twitter) і на тэлефон +48 501 370 957.

Тэлеканал «Белсат» узяў медыйны патранат над конкурсам.

belsat.eu

Стужка навінаў