У Беларусі адмянілі паказы фільму з удзелам актораў Купалаўскага тэатру


Гісторыка-прыгодніцкую стужку «Беларусьфільму» паводле раману Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча» планавалі пусціць у пракат з 2 снежня ў некалькіх гарадах Беларусі. Аднак 1 снежня стала вядома, што паказ адменены.

Кадр з фільму «Авантуры Пранціша Вырвіча».
Фота: Zerkalo.io

Zerkalo.io піша, што старонка з інфармацыяй пра «Авантуры Пранціша Вырвіча» на сайце Магілёўскага кінавідэапракату выдаленая. Паказ планаваўся таксама ў Пінску, Століне і Бабруйску, аднак у афішы на бліжэйшы тыдзень у кінатэатрах гэтых гарадоў фільм адсутнічае. У касе бабруйскага кінатэатру «Мір» пацвердзілі, што паказу не будзе, аднак прычыну не патлумачылі.

Паказ «Авантураў» анансавалі ў Віцебску, аднак і там у афішы фільму няма.

У Пружанах мясцовы кінатэатр паведаміў пра адмену ў сторыз Інстаграму.

«Беларусьфільм» выдаліў трэйлер фільму на беларускай мове.

Стужка была знятая ў 2019 годзе, перадпрэм’ерны паказ адбыўся ў сакавіку 2020 году. Потым з-за каронавірусу пракат фільму быў адкладзены.

Галоўны герой фільму – збяднелы шляхціч Пранціш Вырвіч, які быў вымушаны ўцякаць з Менскага езуіцкага калегіума. Выпадкова ён стаў уласнікам доктара, алхіміка і вучонага Бутрамея Лёдніка, вымушанага пайсці прыслужваць з-за даўгоў. Разам яны трапляюць у віхор інтрыгаў.

У фільме задзейнічаныя толькі беларускія акторы. Ролю Лёдніка сыграў актор Купалаўскага тэатру Іван Трус. Пасля падзеяў 2020 году ён сышоў з тэатру і з’ехаў з Беларусі. Іншыя ролі выканалі Віктар Манаеў, Вячаслаў Паўлюць, Дзмітрый Ясеневіч, Ігар Сігоў. Усе яны працавалі ў Купалаўскім тэатры.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў