«Не месца ў цывілізаваным свеце». Дэпартацыя Базанава як новыя рэаліі беларускага спорту і чынавенства


На гэтым тыдні прадстаўнікі беларускага спорту і ўладаў нечакана для сябе сутыкнуліся з уплывам санкцыяў на сваю дзейнасць. Разбіраемся, як жыць цяпер спартоўцам і чыноўнікам ад спорту, ды не толькі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Перанос спартовых спаборніцтваў ужо даўно стаў штодзённасці для айчыннага спорту. Але, як выявілася, гэта далёка не адзіныя наступствы незаконнага ўтрымання ўлады дзейным рэжымам.

МАЗы не пусцілі на «Дакар»

Гэтак, арганізатары ралі-марафону «Дакар» з кампаніі A.S.O. не дапусцілі беларускую каманду «МАЗ-СПОРТаўта» да гонкі 2022 года праз санкцыі ў дачыненні да Менскага аўтамабільнага заводу.

Hавiны
«МАЗ» не дапусцілі да гонкі «Дакар» праз санкцыі
2021.11.30 20:36

Арганізатары падкрэслілі, што былі вымушаныя прыбраць экіпажы МАЗаўцаў са стартавага ліста паводле рашэння французскіх уладаў: тры экіпажы «МАЗ-СПОРТаўта» знаходзіліся ў папярэднім спісе ўдзельнікаў грузавога заліку, аднак затым зніклі з яго, што стала нечаканасцю для самой беларускай каманды, паведамляе «Чемпионат».

У адміністрацыі Лукашэнкі ўжо думаюць, як выправіць сітуацыю, але не гатовыя «адразу паабяцаць, што гэтае пытанне будзе вырашанае».

«Пакуль мы разбіраемся з сітуацыяй і не можам нічога пракаментаваць, бо да канца не ведаем, што адбываецца», – паведаміў «Белсату» лідар каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч.

Высылка з Чэхіі

Куды больш гучным стала тое, што 1 снежня з Чэхіі быў высланы кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу (АБФФ), былы дэпутат Уладзімір Базанаў, які з 20 лістапада 2020 года ўнесены ў санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Bradley Collyer / PA Images / Forum

24 лістапада Базанаў разам з жонкай прыляцеў на Кіпр, дзе беларуская жаночая зборная гуляла матч супраць мясцовай каманды, паведамляе Tribuna. З вострава функцыянер перабраўся ў Чэхію, дзе яго і жонку затрымала паліцыя 30 лістапада. Паводле МЗС Чэхіі, у яго не было ўязной візы, у паліцыі ж казалі пра парушэнне супрацьэпідэміялагічных захадаў.

Абноўлена
У Чэхіі затрымалі кіраўніка беларускага футболу
2021.11.30 17:53

Карэспандэнты «Белсату» датэлефанаваліся да Уладзіміра Базанава, калі ён быў ужо ў аэрапорце.

«Я не магу зараз размаўляць, я заняты, я ў аэрапорце. Прабачце, калі ласка», – паведаміў кіраўнік АБФФ.

Чэшскае выданне «Deník N», паведамляе, што візы Базанава і ягонай жонкі, выдадзеныя іншай дзяржавы Шэнгенскай дамовы, былі афіцыйна ануляваныя.

УЕФА не да таго

Што цікава, у гэты ж час стала вядома, што УЕФА адмовілася расследаваць парушэнні ў беларускім футболе, якія асацыяцыі перадаў Беларускі фонд спартовай салідарнасці (БФСС). Сярод абвінавачаных у расследаванні БФСС ёсць і прозвішча Базанава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: DZIANIS KASTSIUCHENKA / Reuters / Forum

«Цяпер прадстаўнікі Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (УЕФА) робяць усё, каб дапамагчы Базанаву. Яны ўжо звярнуліся ў Футбольную асацыяцыю Чэхіі па дапамогу ў гэтай сітуацыі. Ва УЕФА за лічаныя гадзіны прыняліся дапамагаць вінаватаму ў рэпрэсіях чалавеку, але тыднямі ігнаруюць справаздачу, якая даказвае яго парушэнні», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

«Гэта карупцыйнае рашэнне»

БФСС ужо падаў апеляцыю ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане на рашэнне УЕФА не пачынаць расследаванне супраць Беларускай федэрацыі футболу і накіраваў адпаведныя дакументы ў ФІФА з прычыны бяздзейнасці УЕФА ў абароне правоў футбалістаў і трэнераў.

«УЕФА – гэта вядомая карупцыйная структура, відавочна, з нейкімі карпаратыўнымі паняццямі, кшталту «сваіх не выдаем». Зразумела, што Базанаў мае там нейкую падтрымку. Усе факты, прадстаўленыя ў дакладзе фонду, – вельмі сур’ёзныя, якія, па ідэі, павінны былі вымусіць УЕФА пачаць сур’ёзнае расследаванне супраць Базанава і федэрацыі футболу», – адзначыў у каментары «Белсату» кіраўнік БФСС Аляксандр Апейкін.

Ён падкрэсліў, што аналагічныя дзеянні рабіліся ў дачыненні да Сусветнай федэрацыі хакею, Міжнароднага Алімпійскага камітэту і ўсё гэта спрычынялася да пачатку дысцыплінарных працэсаў. Але УЕФА такой працэдуры не пачала і двойчы адмовіла фонду пачынаць расследаванне.

«Для нас відавочна, што гэта карупцыйнае рашэнне», – заявіў Апейкін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ALESSANDRO GAROFALO / Reuters / Forum

Пры гэтым ён выказаў спадзеў, што арбітражны суд можа ўсё ж прымусіць УЕФА пачаць дысцыплінарныя працэдуры ў дачыненні да АБФФ і Базанава.

«Не месца ў цывілізаваным свеце»

Аляксандр Апейкін падкрэсліў, што «ўжо ўся Еўропа і ўвесь свет ведаюць, што Лукашэнка выкарыстоўвае спорт і спартыўныя арганізацыі выключна з мэтай уласнай легітымізацыі».

«Таму фактычна беларускія спартовыя арганізацыі гэта не незалежныя грамадскія структуры. Усе кіраўнікі ўсіх федэрацыяў прызначаюцца, што парушае алімпійскую хартыю і ўсе нормы міжнародных спартовых арганізацыяў. Але дзякуючы Фонду спартыўнай салідарнасці ўжо ўся Еўропа ведае, што беларускія спартовыя чыноўнікі таксама маюць дачыненне да рэпрэсіяў, да падтрымкі злачыннага рэжыму і адпаведна ім не месца ў цывілізаваным свеце», – мяркуе кіраўнік БФСС.

На яго думку, «з кожным месяцам, з кожным годам, пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе, гэта будзе ўсё мацней і шырэй, і прасторы для беларускіх спартоўцаў, для беларускага спорту будзе стала звужацца».

«Публічная аплявуха»

У сваю чаргу гісторык Аляксандр Фрыдман мяркуе, што выпадак затрымання і высылкі Базанава можа стаць прыкладам для наступных дзеянняў краін Еўрапейскага Звязу ў дачыненні беларускіх чыноўнікаў у цэлым, і не толькі ад спорту.

«Фігура ў прынцыпе сама па сабе малацікавая. Значна цікавейшы той факт, што чалавек, абсалютна звязаны і афіляваны з рэжымам, заязджае па шэнгенскай візе, гэта становіцца вядома і чэшская паліцыя рэагуе вельмі жорстка. Гэта такая публічная аплявуха», – заявіў гісторык у каментары «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт УЕФА Аляксандр Чэферын і высланы кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу (АБФФ) Уладзімір Базанаў.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Аляксандр Фрыдман адзначыў таксама, што быў дэпартаваны не толькі сам функцыянер, але і ягоная жонка.

«Гэта сігнал, з майго пункту гледжання, вельмі адназначны, беларускай наменклатуры, якая звязаная з Лукашэнкам. І я думаю, што гэты сігнал да іх дойдзе. Што любы чалавек, які ўваходзіць у беларускія органы ўлады, звязаны з дзеяннямі гэтага рэжыму, падтрымлівае іх, з’яўляецца на тэрыторыі Еўразвяза непажаданай фігурай», – заявіў гісторык.

Улады разгубленыя

Суразмоўца не выключае паўтарэння такіх выпадкаў і ў будучыні.

«І постаці такога маштабу, як Базанаў, задумаюцца, бо ўбачаць канкрэтныя санкцыі, якія ён атрымаў. Для яго вельмі непрыемныя. У яго была віза. Відаць, ён і жонка любілі ездзіць. І калі гэта адбылося з Базанавым, то чаму не можа адбыцца з нейкімі клеркамі з беларускіх міністэрстваў ды іншых органаў улады? Ім давядзецца аб гэтым задумацца», – лічыць Аляксандр Фрыдман.

Пакуль жа, на яго думку, беларускія ўлады разгубленыя, а таму і не каментуюць тое, што адбылося:

«Не было ніякіх афіцыйных пратэстаў. Яны гэта праглынулі».

Па словах Аляксандра Фрыдмана, калі ўлады пачнуць «раздзімаць» пытанне гэтай дэпартацыі, то да функцыянераў, чые інтэлектуальныя здольнасці «мы часам пераацэньваем», пачне даходзіць, што «Базанаў патрапіў, а ў наступны раз патраплю і я».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

«Гэта вельмі непрыемна для наменклатуры. Хаця ён жа не на Акрэсціна сядзеў і прызнальныя паказанні перад камерамі не даваў. Але гэта паказвае іх уразлівасць. Іх пачынаюць нечага пазбаўляць», – заявіў гісторык.

Таму, мяркуе Аляксандр Фрыдман, затрыманне і дэпартацыя Базанава – «гэта вельмі важны і сімвалічны крок».

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў