Навошта Лукашэнка прызнаў Крым расейскім? Што пішуць у Беларусі, Украіне і Расеі


Канчаткова зрабіўся марыянеткай Крамля – або хоча выгандляваць падтрыманне?

Аляксандр Лукашэнка і Крым. Калаж з фота: Sergey Lavrov & Alexander Lukashenko / МИД России / Flickr

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю расейскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву 30 лістапада прызнаў акупаваны Расеяй украінскі Крым «дэ-факта і дэ-юрэ» расейскім і расказаў, што збіраецца прыехаць у Крым, а таксама заявіў, што прапаноўвае Пуціну вярнуць у Беларусь ядравую зброю.

Хто яшчэ прызнаў Крым расейскім

У канцы зімы 2014 года ў Крыме з’явіліся ўзброеныя «зялёныя чалавечкі»: баевікі без апазнавальных знакаў, якія, што пазней прызнаў Уладзімір Пуцін, былі расейскімі вайскоўцамі. 16 сакавіка пад кантролем «зялёных чалавечкаў» у Крыме правялі рэферэндум аб далучэнні да Расеі, ужо 18-га Расея анексавала Крым.

Абсалютная большасць дзяржаваў свету і міжнародных арганізацыяў не прызналі законнымі ні той рэферэндум, ні анексію. Расейскую пазіцыю падтрымалі Куба, Нікарагуа і Паўночная Карэя, часткова прызнаныя ўлады Афганістану (спачатку былыя дэмакратычныя, цяпер – і тэрарысты «Талібану»), Венесуэлы і Сірыі.

За рэзалюцыю Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў аб непрызнанні анексіі Крыму прагаласавалі 100 дзяржаваў, супраць – 11. Сярод тых, хто быў супраць, Расея, Арменія, Беларусь, Балівія, Венесуэла, Зімбабвэ, КНДР, Куба, Нікарагуа, Сірыя і Судан. Устрымаліся ад галасавання тады Кітай, Індыя, Пакістан, Бразілія і яшчэ 54 краіны. Арабскія Эміраты, Іран і яшчэ 22 краіны не галасавалі.

Аб’ектыў
Для расейцаў захоп Крыму больш важны, чым палёт Гагарына
2017.03.01 22:27

З 2014 года афіцыйны Менск ухіляўся ад наўпроставага прызнання Крыму расейскім. Міністэрства замежных справаў давала адказы аб тым, што «пазіцыя не змянілася», але ніколі не называла пачатковай пазіцыі адносна Крыму. Як сам Лукашэнка ўхіляўся ад адказу, згадвала «Наша Ніва».

Як адрэагавалі ў Расеі на Лукашэнкавы словы

Расейскія ўлады, вядома, віталі словы Лукашэнкі, але не надта актыўна. Пуцін не каментаваў заявы Лукашэнкі. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў не адказаў на пытанні журналістаў аб Лукашэнку і Крыме.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Malgavko / TASS / Forum

Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў адзначыў толькі, што Беларусі не трэба прымаць адмысловых законаў, каб фармальна прызнаць Крым расейскім, а іншым дзяржавам трэба зразумець, што калі хочуць узаемадзейнічаць з Расеяй, трэба прызнаваць анексію.

Кіраўнік расейскай адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў напісаў, што будзе рады бачыць Лукашэнку ў Крыме і што візіт «адкрые каласальныя магчымасці ў плане развіцця дачыненняў Беларусі і Крыму».

«Прызнаў, як плюнуў», – пад такім загалоўкам выдаў калонку вядомы расейскі журналіст Алег Кашын. Ён лічыць, што «доўгачаканы ўчынак саюзніка аказаўся такі ж хамскі і прыніжальны для Расеі, як і ўсе папярэднія», бо Лукашэнка пайшоў на гэта толькі тады, калі «прыціснулі да сценкі».

Размова
Лукашэнка просіць у Пуціна $ 3 млрд
2021.12.01 12:09

Ананімны расейскі Telegram-канал «Генерал СВР» з 200 тысячамі падпісантаў заяўляе, што «Пуцін і ўсё крамлёўскае кіраўніцтва ў здзіўленні і адкрытым неразуменні прычынаў рэзкага, можна сказаць, агрэсіўнага, павароту Аляксандра Лукашэнкі насустрач не толькі жаданням, але і надзеям расейскага прэзідэнта». Канал распавядае, што Лукашэнка нават нібыта пагадзіўся сысці на пасаду кіраўніка «парламенту саюзнай дзяржавы» (пацверджанняў гэтаму няма).

Што кажуць ва Украіне

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба пракаментаваў словы Лукашэнкі ў Рызе, дзе быў на сустрэчы кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краінаў NATO. Ён сказаў, што «няма сэнсу ацэньваць кожную праяву плыні свядомасці» Лукашэнкі, а трэба ацэньваць ягоныя дзеянні. Калі Беларусь сапраўды прызнае анексію Крыму, дадаў ён, гэта будзе «непапраўным ударам па ўкраінска-беларускіх стасунках, а Украіна будзе «дзейнічаць паводле поўнай праграмы».

Hавiны
Украіна распачала спецаперацыю для ўмацавання мяжы з Беларуссю
2021.11.24 13:13

Мала хто ва Украіне вітаў словы Лукашэнкі. Хіба дэпутат Вярхоўнай Рады Яўген Шаўчэнка, выключаны з францыі «Слуга народу» пасля ягонай сустрэчы з Лукашэнкам, абвінаваціў сваю былую партыю ў тым, што Лукашэнка прызнаў Крым праз нежаданне Украіны наладзіць з ім стасункі.

Кіраўнік праўлення Цэнтру палітычных даследаванняў «Пэнта» Уладзімір Фясенка на «Espteso TV» растлумачыў, што Лукашэнка раней намагаўся трымаць баланс між Расеяй і Украінай, але цяпер аказаўся ў пастцы і «вымушаны рабіць усё, што патрэбна Пуціну, бо хоча захаваць сваю пасаду».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Malgavko / TASS / Forum

Выканаўчы дырэктар «Украінскага інстытуту будучыні» Вадзім Дэнысэнка лічыць, што вербальныя пагрозы МЗС Украіны «робяць нас смешнымі», і звяртае ўвагу на тое, што існуюць тры пагрозы Украіне ад Беларусі, на якія няма выразнага адказу: міграцыйны крызіс, залежнасць ад беларускага паліва і неабходнасць імпарту электраэнергіі з Беларусі.

Што думаюць беларускія эксперты і ананімныя каналы

Дзяржаўная беларуская прэса і праўладныя блогеры не надта актыўна рэагуюць на Лукашэнкаву заяву. Хіба загадчык аддзелу сацыялогіі дзяржаўнага Інстытуту сацыялогіі Мікалай Шчоткін на старонках «СБ. Беларусь сегодня» даводзіць, што ўсё інтэрв’ю Лукашэнкі – «праграмны зварот да Захаду», а выказванне пра Крым – «выкананне ў поўным аб’ёме саюзніцкай дамовы з Расеяй».

Офіс Святланы Ціханоўскай пакуль не каментаваў словаў Лукашэнкі пра Крым, хоць пра словы Лукашэнкі аб ядравай зброі заяўляў, што «такому чалавеку і запалак не варта давяраць, не тое, што ядравую зброю». Прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна растлумачыла «Белсату»:

«Офіс Ціханоўскай працуе, сама Святлана з дэлегацыяй – у Швецыі, сустракаецца з вядучымі палітыкамі свету, якія сабраліся там у сувязі з міністэрскай сустрэчай АБСЕ. Там абмяркоўваюцца пытанні дапамогі Беларусі і беларусам. Каментаваць чарговыя заявы, якія ёсць не больш як словамі пенсіянера, які дастаў ужо ўсіх, які прагне, каб хоць хто-небудзь звярнуў на яго ўвагу… Навошта?»

Hавiны
Святлана Ціханоўская сустрэлася са старшынёй Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Размаўлялі пра дыялог у Беларусі
2021.12.01 18:27

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ж падкрэсліў: пазіцыя дэмакратычных сілаў Беларусі – Лукашэнка не прэзідэнт. Пытанне, піша ён, у тым, кім Лукашэнку лічыць кіраўніцтва Украіны, а яно мусіла б заявіць аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам, выслаць амбасадара Беларусі і ўвесці жорсткія эканамічныя санкцыі. Латушка рэзюмуе: «Крым – Украіна. Беларусь – не Расея. Лукашэнка – не прэзідэнт».

Каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў таксама раіць Украіне дзейнічаць больш рашуча: накіраваць тэрміновы запыт у беларускае МЗС з просьбай растлумачыць афіцыйную пазіцыю, а калі адказу не будзе цягам 24 гадзінаў, зразумець, што надышоў «час зыходзіць з рэальнай пагрозы, а не са шматгадовых спробаў яе не заўважаць».

Палітолаг Валер Карбалевіч называе «ўкраінскі кейс» «апошняй казырнай картай, якой Лукашэнка гуляе з Расеяй». Гэты ход, піша ён, Лукашэнка захоўваў на крайні выпадак, а цяпер перайшоў «у статус марыянеткі РФ у вачах нават постсавецкіх дзяржаваў» і аказаўся «ў адным шэрагу з Абхазіяй, Паўднёвай Асеціяй». Палітолаг дапускае, што Лукашэнка хоча задобрыць Пуціна, каб той падтрымаў «варыянт транзіту, які задумаў Лукашэнка».

Гісторык і публіцыст Аляксандр Фрыдман мяркуе, што прызнаннем Крыму расейскім Лукашэнка не толькі «пагадзіўся на ролю расейскай марыянеткі», але і «сам пазбаўляе сябе поля для якога-небудзь манеўру як на заходнім, так і на ўкраінскім кірунку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Malgavko / TASS / Forum

Прычынамі саступак Лукашэнкі ананімны Telegram-канал «Cynic» (22 тысячы падпісантаў) бачыць правал міграцыйнага крызісу, пошукі Расеяй кантактаў з беларускай апазіцыяй і «рэферэндум, які не вельмі хочацца праводзіць» – варыянт Лукашэнкі «не хоча ні народ, ні Захад, ні Крэмль».

Hавiны
Вяртанне ў СССР або падрыхтоўка да рэферэндуму? Навошта ўрад хоча ўвесці бонусныя карткі на ежу
2021.12.01 15:42

Ананімны Telegram-канал «Мифология Беларуси» (7800 падпісантаў) нагадвае, што Лукашэнка меўся наведаць Крым яшчэ 4 лістапада, каб там падпісаць з Пуціным інтэграцыйныя дамовы, але за тыдзень да таго дэманстратыўна пайшоў у «чырвоную зону» лякарні і на камеру дэманстраваў, што не можа правільна надзець рэспіратар. Канал мяркуе, што Крэмль пагодзіцца аказаць фінансавую дапамогу Лукашэнку пасля фізічнага прылёту таго ў Севастопаль.

Ананімны Telegram-канал «Ник и Майк» (64 тысячы падпісантаў) разважае: словы пра Крым маюць за мэту прыбраць увагу ад правалу міграцыйнага крызісу, «напоўніць рэальным зместам гісторыю пра вайну з Украінай» і спыніць пошук Крамлём альтэрнатывы Лукашэнку.

P.S.

Кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу Жузэп Бурэль пасля сустрэчы з украінскім прэм’ер-міністрам 1 снежня напісаў, што яны абмяркоўвалі не толькі сітуацыю на ўсходніх межах Украіны, але і ў нелегальна анексаваным Крыме. Еўразвяз, дадаў ён, «цвёрда і рашуча падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны».

Hавiны
«Набор трызнення». Мікалай Халезін пра жаданне Лукашэнкі вярнуць у Беларусь ядравую зброю
2021.11.30 21:45

АА belsat.eu

Стужка навінаў