Берасцейская тыпаграфія адмовілася друкаваць газету «Ганцавіцкі час» у 2022 годзе


Друкарня паведаміла рэдакцыі недзяржаўнай газеты «Ганцавіцкі час», што не будзе працягваць дамову на паліграфічныя паслугі, тэрмін якой сканчаецца напрыканцы 2021 года, без тлумачэння прычынаў, піша сайт «Першы рэгіён».

Галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» Пётр Гузаеўскі з нумарам выдання.
Фота: «Ганцавіцкі час»

Паведамленне аб скасаванні дамовы прыйшло ў рэдакцыю 30 лістапада на электронню пошту за подпісам намесніка дырэктара Берасцейскай тыпаграфіі Ірыны Іванісік.

«Першы рэгіён» падкрэслівае, што шмат гадоў рэдакцыя рэгулярна аплачвала паслугі друкарні.

Паведамленне аб скасаванні дамовы з «Ганцавіцкім часам» прыйшло ў рэдакцыю па электроннай пошце.
Фота: «Першы рэгіён»

На пытанне рэдакцыі пра прычыну скасавання дамовы Ірына Іванісік па тэлефоне адказала: «У нас загрузка змяняецца». На дадатковае пытанне, чаму пра гэта не сказана ў паведамленні, запыталася ў адказ: «А навошта?»

Артыкулы
Журналіста Сяргея Гардзіевіча пакаралі паўтара гадамі калоніі за «абразу Лукашэнкі»
2021.08.02 18:01

Галоўны рэдактар газеты Пётр Гузаеўскі зазначае, што «Ганцавіцкі час» на працягу 20 гадоў сумленна працуе на карысць чытачоў у рэгіёне і за ягонымі межамі. Рэдакцыя накіруе запыты на друк газеты ў іншыя тыпаграфіі. Пётр Гузаеўскі падкрэсліў, што газета не развітваецца са сваімі чытачамі.

«Мы пастараемся працаваць з электроннай версіяй газеты, калі, вядома, чытачы згодныя за яе плаціць», – зазначыў галоўны рэдактар выдання.

З 2020 года «Ганцавіцкі час» і ягоныя журналісты зазнаюць шматлікія рэпрэсіі з боку ўладаў. У рэдакцыі неаднаразова праходзілі ператрусы, апошні – у кастрычніку, тады забралі тэхніку, а таксама тэлефоны супрацоўнікаў.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў